Шлях да трафея працягваецца. Даведайцеся, як шчучынцы правялі гульні другога тура чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе

 

На выхадных у Мінску прайшлі гульні другога тура чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе 2023. За два дні каманда ПФК “Шчучын” паспела правесці тры гульні ў сталіцы. Зараз даведаемся, з якімі вынікамі наша каманда падыходзіць да другой паловы чэмпіянату.

 

У першы гульнявы дзень ПФК “Шчучын” сустракаўся з камандай “Брэст-Волга”. Сёлета клуб з гэтага абласнога цэнтра добра ўзмацніўся новымі гульцамі, паказвае годную гульню і прэтэндуе на перамогу ў чэмпіянаце.

 

Першы перыяд завяршыўся лікам 2:1 на карысць шчучынцаў. Цікава, што да самага канца тайма з перавагай у адзін мяч у ліку вялі менавіта брэсцкія футбалісты. Аднак за дзве хвіліны да канца перыяду дзякуючы шыкоўнаму ўдару капітана “Шчучына” Міхаіла Кірылава лічбы на табло зраўняліся. А ў самай канцоўцы, за 23 секунды да сыходу на перапынак наперад нашу каманду вывеў Алег Гапон.

 

Нягледзячы на гераічнае выратаванне ў першым перыядзе, у другой траціне сустрэчы галоў гульцы нашай каманды не забівалі. А вось сапернікі з Брэста правялі некалькі выніковых атак і забілі двойчы. Такім чынам, лік пасля другога перыяду быў 2:3 ужо не на карысць Шчучына.

 

 

У трэцім перыядзе заўзятараў ПФК “Шчучын” парадаваў сваім голам і зраўняў лік варатар каманды Максім Цывінскі. Але футбалісты “Брэст-Волгі” забілі ў адказ двойчы. Напрыканцы сустрэчы за нашу каманду адзначыўся Аляксей Свістоў, але часу, каб зраўняць, шчучынцам не хапіла. Вынік матча 4:5 на карысць брэсцкай дружыны.

 

У другі гульнявы дзень наша каманда правяла дзве сустрэчы. Першым сапернікам шчучынцаў стаў астравецкі “Меліяратар”. Інтрыга ў гэтым матчы знікла ўжо на першых хвілінах, бо розніца ў класе паміж дэбютантам і срэбным прызёрам мінулага года была непрыстойна вялікая. Шчучынцы без складанасцяў перамаглі саперніка з лікам 14:1. Хет-трыкам у складзе нашай каманды адзначыўся Аляксандр Кірылаў. Па два галы на свой рахунак у гэтым матчы запісалі Алег Гапон, Андрэй Аксціловіч і Яраслаў Пруднікаў. Таксама рэзультатыўнымі ўдарамі па варотах “Меліяратара” адзначыліся Арцём Байгот, Міхаіл Кірылаў, Алег Чырыч, Максім Цывінскі і Віталь Новік.

 

 

У апошнім матчы другога тура шчучынцы гулялі супраць суседзяў з “Гроднааблспорту”. У гэтай сустрэчы лік быў ужо не такім вялікім, але ўсё роўна разгромным – 7:2 на карысць “Шчучына”. Дублем за нашу каманду адзначыўся Алег Гапон, яшчэ па адным голе забілі Арцём Байгот, Міхаіл Кірылаў, Яраслаў Пруднікаў і Гаўрыіл Гаўрылаў. Таксама адзін гол у свае вароты забілі гульцы “Гроднааблспорту”.

 

Такім чынам, пасля двух тураў чэмпіянату Беларусі па пляжным футболе турнірнае становішча каманд выглядае так: з 18-ю ачкамі ў лідарах знаходзіцца магілёўскі “ЦОР”, на другім месцы з 15-ю баламі ў актыве размясціўся “Шчучын”, п’едэстальную тройку замыкае “Брэст-Волга”, у іх 13 ачкоў.

 

Наступны тур чэмпіянату пройдзе 24-25 чэрвеня ў Гродне. Заключны чацвёрты тур і суперфінал турніру сёлета прыме Шчучын 8-9 ліпеня. Жадаем нашай камандзе поспеху і прыгожай гульні.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота Крысціны БАЙГОТ.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!