Годны вынік шчучынскіх атлетаў. Каманда нашага раёна вярнулася з абласной спартакіяды па лёгкай атлетыцы
Нядаўна ў Гродне завяршылася абласная спартакіяда школьнікаў па лёгкай атлетыцы. Удзел у ёй бралі хлопцы і дзяўчаты 2009-2010 гадоў нараджэння. Каманда нашага раёна пад кіраўніцтвам трэнераў Шчучынскай ДЮСШ Уладзіміра Дзікевіча, Вячаслава Забураева і Аляксандра Павядайкі паказала годны вынік. Шчучынскія атлеты занялі другое агульнакаманднае месца ў другой падгрупе каманд.
Добрыя вынікі ў спартыўнай хадзе паказаў Ілья Мамайка, ён двойчы заняў другое месца на дыстанцыях 2 і 3 кіламетры, таксама бронзавы медаль у гэтай дысцыпліне ўзяў Максім Давыдзенка. Бегуны Максім Белаец і Дзіяна Дзежыц на дыстанцыі 2 кіламетры ўзялі другое і трэцяе месца адпаведна. Арцём Антончыкаў прынёс камандзе срэбны медаль у забегу на 300 метраў з бар’ерамі. Таксама бронзу ў кіданні кап’я заваявала Кацярына Дзікевіч.
Выступы некаторых нашых атлетаў былі высока адзначаны. Так, Ілья Мамайка і Кацярына Дзікевіч будуць прадстаўляць Гродзеншчыну ў фінале Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў, якая пройдзе 17-19 чэрвеня ў Гомелі. Таксама ў складзе зборнай каманды Гродзенскай вобласці на спаборніцтвы ў Гомель паедзе Яраслаў Сіняк, ён пазмагаецца за ўзнагароду ў скачках у вышыню.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота з архіва Уладзіміра Дзікевіча.