Быць настаўнікам і матыватарам. Пагутарылі з трэнерам Уладзімірам Дзікевічам пра яго прафесійны шлях і спартыўныя перамогі выхаванцаў

 

Спартыўны летапіс Шчучыншчыны пішацца таленавітымі людзьмі, якія праслаўляюць нашу малую радзіму не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Добрых спартсменаў рыхтуюць з дзяцінства, таму менавіта ад першага трэнера залежыць іх будучы поспех і кар’ера. Добра пра гэта ведае трэнер па лёгкай атлетыцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы горада Шчучына Уладзімір Дзікевіч, які вырасціў не адно пакаленне атлетаў.

 

Уладзімір Часлававіч нарадзіўся ў Патоцы, хутка яго сям’я пераехала ў Ражанку, дзе ён пазнаёміўся са спортам:

 

– Памятаю, што з дзяцінства мне падабалася бегаць, асабліва на дыстанцыі паўтара і тры кіламетры. Вядома, трэнера па бегу ў нас не было, практыкаваліся з сябрамі самі. У школьныя гады браў удзел у раённых спаборніцтвах, на абласныя не бралі, бо былі лепшыя кандыдаты. Дагэтуль не магу забыцца, як пры паступленні на факультэт фізічнай культуры ў Гродне мне казалі: “Хлопчык, тут майстры спорту паступаюць, а ты з трэцім разрадам сюды сунешся”. “Нічога, я паспрабую,” – адказваў я. І гэтая спроба аказалася паспяховай.

 

Падчас вучобы ў Гродне Уладзімір Дзікевіч паспеў папрацаваць фізруком у вышэйшым прафесійным электратэхнічным вучылішчы імя Івана Шчаснага. Туды ж планаваў размяркоўвацца, але пасля смерці бацькоў вырашыў вярнуцца на малую радзіму і трапіў у шчучынскую спартыўную школу, дзе якраз быў патрэбны трэнер па лёгкай атлетыцы.

 

 

– Не скажу, што спачатку добра атрымлівалася трэніраваць, але з часам пачалі з’яўляцца добрыя спартсмены і вынікі пайшлі ўгару. У дзяцей выдатна атрымлівалася кідаць дыск і молат, але можна сказаць, што маім “каньком” сталі трэніроўкі на скачкі ў вышыню. Выхаванцы добра сябе паказвалі на спаборніцтвах. Я і зараз памятаю іх усіх.

 

Без сумненняў, самым вядомым вучнем Уладзіміра Дзікевіча стаў Віталь Жук, які ў 2018 годзе быў бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы па мнагабор’і, а на камандным першынстве Еўропы разам з беларускай дружынай заняў другое месца. У 2021 годзе Віталій прадстаўляў Беларусь на XXXII Алімпійскіх гульнях у Токіа.

 

– У Віталія быў бачны вялікі патэнцыял, трэба было толькі накіраваць яго ў правільны бок. Падбіралі дысцыпліны і зразумелі, што аптымальным для яго будзе мнагабор’е. Пачалі практыкаваць скачкі з шастом. Калегі з Астраўца падказалі некаторыя нюансы трэніровачнага працэсу, і так у нашым раёне з’явілася новая дысцыпліна.

 

 

Уладзімір Дзікевіч лічыць, што ў Шчучынскім раёне ёсць шмат таленавітых дзяцей, трэба толькі знайсці іх і развіць:

 

– У гэтым плане нам прыходзіцца канкурыраваць з рознымі секцыямі, асабліва з гульнявымі відамі спорту. Справа ў тым, што ў дзяцей ёсць большая матывацыя займацца футболам ці гандболам, гуляць у камандзе. Лёгкая атлетыка ў гэтым плане кардынальна адрозніваецца, тут індывідуальная праца, вынікі якой можна ацаніць толькі на спаборніцтвах, і дзецям гэта даецца цяжэй у псіхалагічным плане. Аднак нашы трэнеры ўмеюць працаваць у такіх умовах і дасягаюць добрых вынікаў.

 

 

Сёлета лёгкаатлеты з дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы паказваюць добрыя вынікі як на індывідуальных, так і на камандных спаборніцтвах. Нядаўна каманда Шчучынскага раёна заняла I агульнакаманднае месца на першынстве Гродзенскай вобласці па лёгкай атлетыцы сярод хлопчыкаў і дзяўчынак 2009-2010 года нараджэння. Разам з Уладзімірам Дзікевічам, каманду рыхтавалі трэнеры ДЮСШ Аляксандр Павядайка і Вячаслаў Забураеў. Наступнымі сур’ёзнымі спаборніцтвамі для каманды Шчучынскага раёна стане абласная спартакіяда школьнікаў, якая пройдзе 27-28 мая. Цалкам магчыма, што нашы дзеці таксама вернуцца адтуль з перамогай. Хто ведае, можа нехта з іх паўторыць поспех Віталія Жука.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара і з архіва Уладзіміра ДЗІКЕВІЧА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!