Сустрэчы працоўных калектываў з дэпутацкім корпусам прайшлі з акцэнтам на электаральную кампанію
Гэтымі днямі ў Шчучынскім раёне праходзяць сустрэчы працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў з дэпутацкім корпусам. Нядаўна старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк і дэпутат Гродзенскага абласнога і Шчучынскага раённага Саветаў дэпутатаў Юрый Краеўскі наведалі саўгас “Вялікае Мажэйкава”. Адбылася змястоўная размова з работнікамі сельскагаспадарчага прадпрыемства. Галоўнай тэмай, якую абмеркавалі на сустрэчы, сталі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што адбудуцца 26 студзеня 2025 года.
Падчас размовы акцэнт быў зроблены на прававых аспектах Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Таксама ў сваіх выступах спікеры расказалі пра галоўныя этапы бягучай электаральнай кампаніі.
– Я ўпэўнена, што кожны з нас разумее ўсю важнасць электаральнай кампаніі, – адзначыла Ганна Хвядзюк. – Правядзеннем выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мы завяршаем мадэрнізацыю ўсёй палітычнай сістэмы нашай краіны. Акрамя таго, у наступным годзе завяршаецца рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады. Яе вынікі ўжо сёння паказваюць, што нам ёсць чым ганарыцца. Разам з тым, гэта значыць, што ў наступным годзе пад кіраўніцтвам новаабранага прэзідэнта неабходна распрацоўка праекта праграмы на новую пяцігодку.
Дэпутаты расказалі прысутным, што ў Шчучынскім раёне адбылася аптымізацыя ўчасткаў для галасавання. У час прэзідэнцкіх выбараў іх будзе налічвацца 21.
Падчас сустрэчы спікеры нагадалі як будуць працаваць участкі для галасавання. Так, з 21 па 25 студзеня будзе праходзіць датэрміновае галасаванне. Участкі будуць адкрыты з 12.00 да 19.00 без перапынку на абед. У асноўны дзень галасавання, 26 студзеня, участкі будуць адкрыты з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед.
Акрамя таго, прысутныя пагутарылі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і нашага рэгіёна. Абмеркавалі гандлёвыя сувязі Шчучынскага раёна з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Падчас сустрэчы вялікая ўвага была звернута на поспехі, якіх за перыяд незалежнасці дасягнула наша краіна, вобласць і раён у розных сферах дзейнасці.
Таксама нядаўна прадстаўнікі дэпутацкага корпуса Шчучыншчыны наведалі працоўныя калектывы ААТ “Орля”, Шчучынскага лясгаса, СВУ “Пратасаўшчына” і Галавічпольскай СШ імя У.Ч. Серахана.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара і Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў.