Служэнне медыцыне

 

Сорак сем гадоў і чатыры месяцы (!) адпрацавала на ФАПе ў пасёлку Ражанка Марыя Мечыславаўна Сарока. Увесь гэты час яна захоўвала вернасць прафесіі фельчара, што, несумненна, варта павагі. І толькі зусім нядаўна жанчына прыбрала ў шафу свой белы медыцынскі халат. Як дарагую рэліквію і напамін пра служэнне, інакш не скажаш, высакароднай справе.

 

Мясцовыя жыхары прасілі застацца яшчэ, не хацелі адпускаць свайго фельчара на заслужаны адпачынак. Бо іх “дакторачка” за гэтыя амаль паўстагоддзя не раз лячыла і фізічныя немачы, і душы. Не спасавала, была разам і падчас нядаўняй складанай сітуацыі з каранавірусам, адчула ўсе цяжкасці работы ў ахоўных сродках, дапамагала людзям супрацьстаяць каварнай хваробе.

 

Сёння ўжо не трэба спяшацца на працу, таму Мечыславаўна пагадзілася расказаць, як некалі яна, дзяўчынка з вёскі Малое Сяло, выходзіла на вялікі жыццёвы і прафесійны прастор.

 

– Вырасла ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацькі – Яніна Іосіфаўна і Мечыслаў Антонавіч – працавалі ў калгасе: тата – шафёрам, мама – у паляводстве , – дзеліцца ўспамінамі суразмоўца. – Тата, дарэчы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. – Нас, дзяцей, у сям’і было трое. Брат стаў ваенным, сястра выбрала гандлёвую сферу, а я – медыцыну: у 1969 годзе, пасля заканчэння васьмігодкі, паступіла ў Жалудоцкае медвучылішча. Рашэнне стаць фельчарам было самастойным. Вучыцца падабалася, як і практыкавацца ў бальніцах і паліклініках, і “на бульбу” з групай ездзіць. Сярод будучых фельчараў былі не толькі дзяўчаты, але і дзесяць хлопцаў. Некаторыя потым сталі ўрачамі.

 

Пасля вучобы Марыю накіравалі на працу ў Карэліцкі раён. Але там маладога спецыяліста папрасілі пачакаць: маўляў, пакуль праблема з месцам. Мама дзяўчыны тады хварэла і ўгаварыла дачку далёка ад дома не ад’язджаць.

 

– У той дзень, калі я звярнулася ў адміністрацыю раённай бальніцы ў Шчучыне, перада мной у чарзе на прыём стаяла жанчына. Гэта была фельчар з ФАПа ў пасёлку Ражанка, яна прыехала звальняцца. Мяне прынялі на яе месца, – прыгадвае суразмоўца.

 

Дзевятнаццацігадовую фельчарку адразу прызначылі загадчыцай. Праўда, сказаць пра гэта забыліся. Даведалася пра гэта пазней, калі на ФАП прыехала праверка, усе “шышкі” за недахопы ў рабоце пасыпаліся на Марыю. Свой кіраўніцкі статус яна захавала на працягу 47 гадоў. Расказвае, прыязджалі сюды і іншыя медыкі, але ненадоўга. У асноўным даводзілася працаваць адной.

 

– Першы год працы аказаўся вельмі цяжкім, – прызнаецца Марыя Мечыславаўна. – Адных дзяцей да года было 38, а ўсяго на ўчастку – 1750 чалавек. Пад маёй апекай аказаліся жыхары васьмі вёсак – Лапатоў, Трахімчыкаў, Багуславова, Галынкі, Лагадаў і іншых. У руках – фанендаскоп і танометр. Вяла прыём, хадзіла і выязджала на патранаж дзяцей, да адзінокіх і інвалідаў, на выклікі… Запрашала на дыспансерызацыю і флюараграфічнае абследаванне… Дабіралася да пацыентаў пехатой, на веласіпедзе, на спадарожным транспарце. Гэтак жа – на працу і з працы.

 

За гады працы фельчар Сарока ніколі не пашкадавала, што апранула белы халат. Дапамагала дзецям і дарослым вяскоўцам не толькі здароўе падмацаваць, з балячкамі справіцца. Здаралася, рэальна ад смерці ратавала. Такі выпадак быў і нядаўна. “Выклікалі мяне да мужчыны, які хварэе на цукровы дыябет. А ў таго ўжо гіпаглікемічная кома. Аказала дапамогу, вывела з гэтага стану, а потым чалавека ў бальніцу адправілі”, – дзеліцца жанчына.

 

 

На вачах фельчара-ветэрана мянялася вёска. Было і тое, што засмучала, – старэнне насельніцтва. Сёння на ўчастку адказнасці Ражанкаўскага ФАПа пражывае толькі двое дзетак да года і 540 дарослых. Вось такія лічбы напрыканцы працоўнай вахты ў медыцыне.

 

– Настрой добры. Заняцца ёсць чым. Дом, агарод, марынады… Мужа з работы сустракаць. Мой Яўген Уладзіміравіч працуе вадзіцелем у нашай Гірдзеўцы, на племпрадпрыемстве, – так адказвае Марыя Мечыславаўна на маё пытанне, як правяла першыя тыдні без любімай работы. – А на выхадныя чакаю ў госці дзяцей і ўнукаў.

 

У Марыі і Яўгена Сарокаў трое цудоўных дачок. Наталля па прафесіі юрыст, Марына – настаўніца, а Таццяна – эканаміст. Маці кажа, што калі гадавала іх, доўга ў “дэкрэце” не заседжвалася. У дзяцей усё добра, падрастаюць два ўнукі і дзве ўнучкі. Хтосьці з малодшых, магчыма, выбера прафесію, якой столькі гадоў была верная іх бабуля.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА. 

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!