Шчучын спяваў з “Песнярамі”, імітаваў зорную ноч у Белавежскай пушчы і не шкадаваў далоняў для апладысментаў
Учора на сцэне раённага Дома культуры, як заўжды з бліскучым поспехам, выступалі легендарныя “Песняры”. На гэты раз гастрольны тур знакамітага Беларускага дзяржаўнага ансамбля быў прысвечаны 80-годдзю заснавальніка творчага калектыву, народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.
Пасля працоўнага дня ў зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці сабраліся гарачыя прыхільнікі творчасці “Песняроў” і адразу ж трапілі на… свята, што завецца “Калядачкі”. Канешне, успаміналі не толькі гэтую песню, а ўвесь залаты рэпертуар Мулявінскіх “Песняроў”.
Але, несумненна, і сённяшнія ўдзельнікі гурта паказалі супер-клас! Нашы “Песняры” былі і застаюцца гонарам Беларусі. У памяць аб стваральніку ансамбля яго маладыя паслядоўнікі падрыхтавалі спецыяльную канцэртную праграму, з якой калектыў нядаўна выступіў у Палацы Рэспублікі ў суправаджэнні Прэзідэнцкага аркестра. Многія з тых твораў гучалі ў гэты вечар на шчучынскай сцэне. Асабліва кранала новая песня на словы Рыгора Барадуліна “Мы не сустрэнемся”, якая прысвечана Уладзіміру Мулявіну.
Цёпла прымала публіка кампазіцыі з нядаўна выпушчанага “Песнярамі” альбома “Ты прыйдзі да мяне, каханне”. Аўтарамі гэтых песень з’яўляюцца самі ўдзельнікі ансамбля, кожны з якіх яркая асоба, таленавіты музыкант, унікальны вакаліст.
Нельга было ўтрымацца ад спакусы, каб не падпяваць разам старыя і добрыя хіты накшталт “Волагды” ці “Касіў Ясь канюшыну”, не захапляцца чыстымі, чароўнымі галасамі артыстаў, што так кранальна выконвалі “Александрыну”, “Нашы любімыя”, “Бярозавы сок”…
Слухачы крычалі “брава!”, не шкадавалі далоняў для гарачых і шчырых апладысментаў. А калі загучала “Белавежская пушча” і ў зале прыглушылі святло, усе дружна засвяцілі “агеньчыкамі” экранаў сваіх мабільнікаў, утвараючы рамантычную зорную ноч.
Усё гэта -- у гонар неверагодна таленавітага расіяніна Уладзіміра Мулявіна, які столькі зрабіў для адраджэння беларускай народнай песні, надаў ёй сучаснае гучанне, у далёкім 1969-м падарыў нам самабытны гурт, традыцыі якога жывуць і сёння. Больш таго – плённа развіваюцца, здзіўляюць навацыямі, прымнажаюць нашу духоўную спадчыну.
Напрыканцы канцэртнай праграмы хтосьці з прыхільнікаў савецкай рок-музыкі падышоў да сцэны з вінілавым дыскам ВІА “Песняры”. Аўтографы мастацкага кіраўніка гурта Рамана Козырава і ўсіх музыкантаў ансамбля на канверце гэтай пласцінкі зробяць яе яшчэ больш унікальнай і бясцэннай.
Увогуле немагчыма перадаць душэўную атмасферу канцэрта. Словам, гэта варта было бачыць! Нам з калегай пашанцавала. Вось якія фотаімгненні з канцэрта “Песняроў” мы прапануем наведвальнікам сайта “Дзянніцы”.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і Святланы СЯРКО.