На шляху да гандбольнага алімпу. Шчучынскія юнакі занялі другое месца на рэспубліканскіх спаборніцтвах па гандболе “Імклівы мяч – 2024”
Нядаўна ў Мінску завяршыліся рэспубліканскія спаборніцтвы па гандболе “Імклівы мяч – 2024” сярод юнакоў 2010-2011 гадоў нараджэння. Сярод 24 каманд з усёй краіны былі і нашы хлопцы, якія паказалі годную гульню і ў чарговы раз даказалі, што шчучынская гандбольная школа з’яўляецца адной з найлепшых у Беларусі.
Падчас спаборніцтваў усе 24 каманды былі падзелены на 6 груп. На гэтым этапе сапернікамі шчучынцаў сталі гандбалісты з Баранавічаў, Оршы і Чавусаў. Дзякуючы ўпэўненай гульні нашым спартсменам удалося перамагчы каманды з Баранавічаў і Оршы, з калегамі з Чавусаў шчучынцы згулялі ў нічыю. Такім чынам, наша каманда змагла заняць другое месца ў групе і забяспечыла сабе выхад у чвэрцьфінал.
У 1/4 фінала сапернікам “Шчучына” была каманда СДЮШАР гандбольнага клуба “Машэка” з Магілёва. Матч з камандай з абласнога цэнтра стаў сур’ёзным выпрабаваннем для нашай дружыны. Асноўны час сустрэчы скончыўся нічыёй, таму пераможцу каманды вызначалі ў серыі пенальці, дзе больш шанцовымі былі шчучынцы.
Далей на паўфінальнай стадыі спаборніцтваў нашай гандбольнай дружыне супрацьстаяла каманда Гомельскай СДЮШАР. Як і ў мінулай сустрэчы, саступаць ніхто не хацеў, а інтрыга захоўвалася да самага канца матча. У выніку паўфінальная гульня скончылася з лікам 22:21, з перавагай усяго на адно ачко шчучынскія юнакі зноў перамаглі каманду з абласнога цэнтра і выйшлі ў фінал турніру.
У матчы за трафей сышліся два прынцыповыя сапернікі, якія не ў першы раз вызначалі паміж сабой самы моцны юнацкі калектыў краіны. Апанентам каманды Шчучынскай ДЮСШ стала дружына сталічнай СДЮШАР па гандболе імя С.П. Мірановіча. Гэтым разам мацней аказаліся мінскія спартсмены, у фінале яны перамаглі нашу каманду з лікам 29:19.
Такім чынам, па выніках спаборніцтваў першае месца заняла каманда СДЮШАР па гандболе імя С.П. Мірановіча, срэбра турніру забралі юнакі Шчучынскай ДЮСШ. Трэцяе месца занялі гродзенскія гандбалісты з СДЮШАР “Гараднічанка”. Акрамя таго, былі вызначаны лепшыя гульцы спаборніцтваў, сярод іх былі шчучынцы Акім Байчароў і Уладзіслаў Жлаба.
Віншуем нашых хлопцаў з высокім вынікам! Ужо далёка не першы раз шчучынцы даказваюць, што паспяхова займацца гандболам на высокім узроўні можна не толькі ў вялікіх спартыўных школах з абласных цэнтраў, але і ў такіх маленькіх гарадках як наш. Галоўнае – жаданне і воля да перамогі. Вядома, што поспехі былі б немагчымыя без кіраўніка каманды – трэнера Германа Байчарова, які выдатна падрыхтаваў ужо не адно пакаленне шчучынскіх гандбалістаў. Упэўнены, што галоўныя перамогі яшчэ наперадзе, таму жадаем хлопцам далейшых спартыўных поспехаў.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.