Шчодрыя сталы, цуды ўраджаю, каларытныя паробкі… Чым яшчэ ўразілі падворкі на свяце народнага адзінства

 

Без гасцінных беларускіх падворкаў не абходзіцца ні адно свята, але ўсялякі раз яны здзіўляюць сваёй невычарпальнай фантазіяй, адметным каларытам і ўменнем данесці ўсе цікавосткі роднага краю. Так адбылося і на гэты раз. Да чаго ж крэатыўна падышлі да прэзентацый сваіх сельсаветаў і родных гаспадарак нашы землякі!

 

Да прыкладу, ААТ “Шчучынаграпрадукт” бы мазаікай выклаў уласнай апетытнай прадукцыяй цэлую карту Беларусі з ўсімі яе абласцямі. Народная кухня была багата прадстаўлена васілішкаўцамі і першамайцамі, астрынчанамі і  ражанкаўцамі.

 

На дэмбраўскім падворку гасцей сустракалі не толькі шчодрым сталом і прысмакамі, але і духоўнымі скарбамі ад знакамітага гурта “Скарбоначка”, танцоры якога давалі майстар-клас усім жадаючым навучыцца танчыць “Дэмбраўскую кадрылю”.

 

На падворку ў мажэйкаўцаў цікава распавядалі аб магчымасцях мясцовых цуда-зёлак, а першамайцы ўражвалі таямніцамі сваіх сакральных запаведных мясцін. Кожнае з аграпрадпрыемстваў прадставіла на агляд свае дасягненні – ураджай з палёў і садоў, а з інфармацыйных стэндаў можна было даведацца аб эканамічным развіцці, паказчыках і новых напрамках у рабоце.

 

Жадаючыя маглі падмацавацца і адпачыць з сябрамі ў вулічных кафэ.

 

-- Мы прывезлі на свята 50 кілаграмаў шашлыкоў, якія смажым тут жа на мангалах, і 20 кілаграмаў каўбасак для грыля, -- кажа тэхнолаг ААТ “Шчучынаграпрадукт” Алена Цяроменка. – Спатрэбіцца, дык яшчэ прывязём! А пакаштуйце, якая ў нас цудоўная выпечка! Спецыяльна на свята стараліся гатаваць нашы кулінары!

 

-- У нас таксама ўсё вельмі апетытнае, свежанькае, -- запрашае пакупнікоў бармэн рэстарана “Шчучын” Алена Курыла. – І цэны прымальныя. Смачны квас, бліны з усемагчымай начынкай, піражкі, як дамашнія!

 

У гандлёвых радах – сувеніры, цацкі, вырабы народных майстроў. Сяргей Чапянюк прыехаў са сваімі драўлянымі вырабамі з Ваўкавыска. Кажа, што любіць Шчучын за добразычлівасць тутэйшых людзей, якія ўмеюць ацаніць ручную работу, не скупяцца на добрыя словы, цікавяцца драўляным посудам.

 

 

Прыемна было бачыць, як удзельнікі свята не праходзяць міма фотавыстаў, дзе прадстаўлены старадаўнія здымкі нашага горада і сённяшнія відарысы  Шчучына.

 

Свята прапануе мноства цікавых пляцовак. Сёння кожны можа знайсці для сябе штосьці цікавае.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара і Сяргея КАСПЕРЧУКА.

 

 

 

З першых вуснаў

 

Мікалай ВАЙТЭНКА, жыхар горада Шчучына:

-- Спецыяльна прыйшоў на плошчу Свабоды, каб стаць удзельнікам гэтага прыгожага свята. Прыемна бачыць столькі пазітыўна настроеных людзей, сапраўдных патрыётаў сваёй краіны. Я ўжо 44 гады жыву ў Шчучыне і на свае вочы бачу, як развіваецца і мяняецца да лепшага наш горад і раён. Тыя, хто прыязджае здалёк, не хаваюць свайго захаплення, называюць наш Шчучын “маленькай Швейцарыяй”. І гэта так прыемна!

Вельмі важна нам, беларусам, захаваць усе свае дасягненні, упэўнена крочыць наперад і быць адзінымі і згуртаванымі. Менавіта ў гэтым сэнс сённяшняга свята – Дня народнага адзінства.

 

 

 

Іван ЦІМІЖЭЎСКІ, ветэран працы:

-- Я ведаю столькі прыгожых вершаў пра нашу сінявокую Беларусь, і сёння, будучы ў эпіцэнтры свята, мне хочацца іх дэкламаваць, ганарыцца нашым народам, вынікамі нашай агульнай працы. За свой жыццёвы шлях, а нарадзіўся я ў 1934 годзе, усяго давялося пабачыць, многае магу параўнаць, і з вышыні пражытага і перажытага скажу адно: давайце цаніць мірнае неба, не забываць мінулае і нікому не дазваляць перайначваць нашу гісторыю. Гістарычная памяць – гэта аснова душы, аснова дзяржаўнасці. Яскрава адчуць гэта дапамагае  сённяшняя ўрачыстасць.

 

 

 

 

Наталля РАДЗІВОН, жыхарка Шчучына:

-- Сёння Шчучын не пазнаць – ён расквечаны ўсмешкамі гараджан і гасцей, прыбраны ў сцягі, напоўнены цікавымі мерапрыемствамі, у якіх актыўны ўдзел прымаюць дзеткі. Усё гэта цудоўна. Прыемна, што мы прырастаем новымі святамі. Нашы людзі, якія ўмеюць аддана працаваць, заслужылі гэта.

 

 

 

 

 

 

Караліна ШЧАТКО, вучаніца СШ № 2 г. Шчучына:

 -- Хоць сённяшняе свята ў навінку, не пакідае пачуццё, што яно заўжды было разам з намі. Сёння ў школе ў нас прайшлі класныя гадзіны, дзе мы пранікліся гістарычнымі каранямі новага дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства. Маладое пакаленне даражыць суверэнітэтам сваёй дзяржавы, спрадвечнымі духоўнымі каштоўнасцямі свайго народа.

Пасля заняткаў мы з аднакласнікамі паспяшаліся на плошчу Свабоды, каб паўдзельнічаць у насычанай святочнай праграме. Асабіста мне тут цікава працаваць валанцёрам, апякаць малышоў-першакласнікаў, якія сёння таксама сталі героямі свята. Хачу зрабіць усё магчымае, каб хлопчыкам і дзяўчынкам назаўжды запомніўся гэты дзень – Дзень народнага адзінства.

 

 

Меркаванні выслухала і занатавала

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 

 

У ТЭМУ:

 

17 верасня, у Дзень народнага адзінства, кіраўнікі Шчучынскага раёна і ганаровыя госці, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, ветэраны працы, актывісты грамадскіх арганізацый усклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам у гарадскім скверы, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць роднай зямлі.

 

Фота Таццяны СТУПАКЕВІЧ.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!