Працягваем наш праект “Куточак сэрцу дарагі”: у Першамайскім сельсавеце знаходзіцца вёсачка Пагарэлец
Дзе знаходзіцца гэта вёсачка, пабываць у якой прапанавала старшыня Першамайскага сельвыканкама Наталля Мікалаеўна Сідлярэвіч, я нават і прыблізна не ўяўляла. Дый назва ў яе была, мякка кажучы, не вельмі прыемная – Пагарэлец. Як аказалася, жывуць там сёння толькі шэсць жыхароў у чатырох дамах. Жывуць дружна, сябруюць па-суседску. Нават святы разам адзначаюць. Збіраюць грыбы і ягады, як спакон веку было заведзена ў гэтай лясной старане. Раз на тыдзень чакаюць аўталаўку, а таксама паштальёна і радуюцца прыезду дзяцей і ўнукаў.
…Дарога доўга вілася праз сырую лясную нізіну. І раптам дрэвы расступіліся, і перад вачамі адкрылася прыгожая вясковая карціна, на пярэднім плане якой з’явіліся добрыя дыхтоўныя дамы і … калодзежны журавель, які нібы кланяўся, сустракаючы гасцей.
-- Вось і прыехалі! – канстатавала Наталля Мікалаеўна, выходзячы з машыны. – Зараз я пазнаёмлю вас з мясцовымі жыхарамі – людзьмі вельмі прыемнымі і працавітымі. Яны амаль усе толькі нядаўна з лесу вярнуліся – збіралі лісічкі і чарніцы.
Гэты прыгожы астравок нейкага асаблівага спакою адразу выклікаў пачуццё пяшчоты і замілавання. Я з цікавасцю азіралася навокал: дагледжаныя домікі, агародзікі, шмат кветак. Вось дзе па-сапраўднаму можна адпачыць ад гарадской мітусні!
Жыццёвыя перыпетыі
Мікалай Пятровіч і Ганна Паўлаўна Сідлярэвічы штосьці параблялі на сваім утульным падворачку. Расказаць пра сваё жыццё-быццё згадзіліся адразу, толькі засумняваліся: каму будзе цікава іх сямейная гісторыя? Мы ўладкаваліся на лавачцы ў цянёчку, і мае прыемныя суразмоўцы старонка за старонкай пачалі перагортваць свае ўспаміны…
-- Мікалай Пятровіч, а ведаеце, чаму ваша вёсачка так называецца? – не магла ўтрымацца я ад пытання.
-- А як жа! На гэтым месцы даўным-даўно быў вялікі пажар, згарэлі значныя лясныя плошчы. А вакол -- cкрозь балота. Казалі, што ў 1812 годзе французы пабудавалі ў гэтых мясцінах вялікі мост, як у нас называюць, французскі, каб перабірацца праз балота. Доўгі, шырокі. Гэты мост захаваўся аж да той пары, пакуль не пачалі праводзіць меліярацыйныя работы. Дык вось пасля пажару знайшоўся адзін чалавек, які раскарчаваў тут рэшткі згарэлых дрэў і пабудаваў сабе невялічкую хібару. Яго і назвалі пагарэлец, а потым і вёска атрымала такую ж назву.
Да 1939 года мае бацькі жылі пры Польшчы. Тут раней палякі дарогу праклалі, уручную капалі, і цягнулася яна аж да Зубрава. А там праходзіла чыгунка на Марціканцы праз Котру. Тата расказваў, што сюды прыязджалі паны на паляванне. А ў гады вайны немцы тут адступалі, ішлі праз Літву ў Германію.
І ўсё ж нездарма кажуць: як карабель назавеш, так ён і паплыве. Назва вёскі цалкам сябе апраўдала.
-- У 1951 годзе, а мне тады яшчэ сем гадкоў было, здарыўся ў вёсцы вялікі пажар, -- успамінаючы, не можа стрымаць пачуццяў Мікалай Пятровіч. – Як цяпер помню: гулялі вяселле. А раней у кожнай хаце было ружжо – усе мужчыны хадзілі на паляванне. Сустракаючы маладых, абавязкова віталі іх выстраламі. А ў той раз пачалі страляць па нейкіх цэлях. Патроны тады набівалі пакуллем. Стаяла моцная спёка. І гэтае тлеючае пакулле ад парыву ветру трапіла ў салому, якою быў накрыты суседскі хлеў. Полымя ўспыхнула імгненна. Агонь з хлява перакінуўся на наш дом, а затым і на суседскі. Згарэла ўся наша маёмасць… Жыць не было дзе. Тады мы купілі ў суседніх Куляшах невялікі домік чатыры на чатыры метры. Так і жылі. У нашай сям’і было чацвёра дзяцей. Мая сястра пайшла з жыцця яшчэ да майго нараджэння. Пасля пажару бацька не доўга затрымаўся на гэтым свеце, пажыў толькі два гады. Не расказаць, як было цяжка, нават прыходзілася жабраваць, каб выжыць. Правучыўся толькі чатыры з паловаю класы. А потым пайшоў працаваць у лес, дапамагаў леснікам. З цягам часу навучыўся ўпраўляцца з пілою. Паступова нарыхтаваў лесу для будаўніцтва новай хаты. Але прыйшоў час служыць у арміі. Тады была такая тэндэнцыя – накіроўваць юнакоў на вучобу ад ваенкамата для атрымання вадзіцельскага пасведчання. Так я закончыў аўташколу ў Гродне. Вельмі дапамог мне брат – падкідваў капейчыну. Падчас службы моцна трывожыўся за маці. Маё камандаванне ведала, што яна ўжо старэнькая і ёй патрэбны догляд, і тройчы мяне адпускалі ў водпуск. А падчас аднаго з прыездаў на танцах у Вераб’ях пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай.
Вярнуўшыся з арміі на дарагую сэрцу малую радзіму, Мікалай Пятровіч уладкаваўся ў мясцовую гаспадарку слесарам, вырашыў ажаніцца і будаваць новы дом. Слесарам пабыў толькі два месяцы, а затым перайшоў працаваць вадзіцелем. Так усё жыццё і круціў баранку, з’ездзіў пяць новых машын. Працаваў на ўборцы, быў адзначаны рознымі ўзнагародамі, пастаянна ездзіў у камандзіроўкі.
-- ГАЗ-51 атрымліваў у Калузе, -- успамінае мой суразмоўца. -- ГАЗ-52 – у Горках, а ЗІЛ з прычэпам – у Мыцішчах. Дваццаць дзевяць год таму купіў і сваю верную “Ніву”. І сёння яна ў мяне як новенькая – люблю, калі тэхніка дагледжаная.
Час ішоў. Выраслі дзеці і пакінулі роднае гняздо. Малодшая дачка жыве ў Лідзе, а старэйшая і сын -- у Гродне. Летась Мікалай Пятровіч і Ганна Паўлаўна адзначылі залаты юбілей сумеснага жыцця. Пражылі гэтыя гады ў згодзе і ўзаемаразуменні.
-- Не паверыце, некалі ў вёсцы было столькі дзяцей, што я іх у кузаве свайго ЗІЛа вазіў у школу ў Матылі, -- гаворыць Мікалай Пятровіч. – А цяпер тут ужо толькі некалькі пенсіянераў засталося.
Разам з сынам Мікалай Пятровіч займаецца развядзеннем пчол. Першы з дванаццаці вулляў змайстраваў сваімі рукамі. Напэўна, гэта захапленне перадалося ад бацькі, які таксама некалі трымаў пчол, а працаваў лесніком.
Ёсць у Мікалая Пятровіча і яшчэ адно хобі – пляценне кошыкаў. Адзін з іх, змайстраваны з карэння сасны, разам з лісічкамі падарыў мне. Такія рэчы, з любоўю вырабленыя чыімісьці рукамі, становяцца асабліва дарагімі. Гэты кошычак будзе заўсёды напамінаць пра цудоўную сустрэчу з такімі прыемнымі людзьмі.
Верны падпісчык “Дзянніцы”
З першай хвіліны з’яўлення на свет жыве ў сваёй роднай вёсцы Пагарэлец Кузьма Пятровіч Сідлярэвіч. Ужо семдзесят дзявяты год! У сям’і яго бацькоў было пяцёра дзяцей: чатыры хлопчыкі і дзяўчынка. Сёння ў Кузьмы Пятровіча засталася толькі сястра, якая часцяком праведвае брата.
Як і ўсе вяскоўцы, ён – вялікі аматар ціхага палявання.
-- Розныя гады бываюць па ўраджайнасці грыбоў, -- гаворыць заядлы грыбнік са стажам. – Вось, напрыклад, мінулы год быў шчодрым на баравікі і чырвонагаловікі. Іх ужо і браць ніхто не хацеў. Сёлета пакуль ёсць толькі лісічкі.
Увесь час Кузьма Пятровіч жыў з бацькамі, а калі іх не стала – так і застаўся адзін. Працаваў трактарыстам у калгасе, потым перайшоў у паляводства. Агульны працоўны стаж у яго – амаль сорак год.
Ёсць у гаспадара верны сябра – сабака байцоўскай пароды. Добра ведае ён сваю службу – незнаёмы чалавек дзвярэй у дом не адчыніць.
Як аказалася, Кузьма Пятровіч даўні і пастаянны падпісчык раёнкі. Вельмі прыемна было даведацца, што наша “Дзяннічка” прыходзіць у дамы вяскоўцаў нават самых аддаленых населеных пунктаў раёна.
Да гэтых мясцін прыкіпела душою
Марыя Канстанцінаўна Саковіч жыве ў вёсцы Пагарэлец больш за пяцьдзясят год. Са сваіх родных Жалабоў яна прыйшла сюды замуж.
-- Магчыма, нехта здзівіцца, але мне вельмі падабаецца жыць у гэтай лясной вёсачцы, -- прызнаецца мая суразмоўца. – Майго мужа ужо сем год няма на гэтым свеце. Дзеці – дачка і двое сыноў -- даўно стварылі свае сем’і. Малодшы сын асталяваўся ў Гродне, дачка – у Новым Двары, а старэйшы – у Забалаці. А мне тут вельмі добра, да гэтых мясцін даўно прывыкла, прыкіпела душою. І дзе яшчэ можна знайсці столькі дароў прыроды, як не ў лясах побач з нашай вёскай? Пакуль была маладою, працавала ў мясцовай гаспадарцы ў паляводстве, а муж усё жыццё быў механікам.
Любяць адпачываць у бабулі і ўнукі, якіх у яе шасцёра. Хіба ж можна дзе-небудзь лепш бавіць час?
-- Вось на днях ад мяне толькі паехала ўнучка, -- расказвае Марыя Канстанцінаўна. – У наступным годзе заканчвае школу. Яна, лічы, вырасла ў мяне. Таму, напэўна, любіць лес, з задавальненнем збірае грыбы і ягады, дапамагае па гаспадарцы.
Марыя Канстанцінаўна – на ўсе рукі майстрыха. І шыць умее, і вязаць, і вышываць. Усяму вучылася сама.
-- Раней штосьці шыла для ўнукаў, а цяпер яны выраслі, і ўжо самі прывозяць мне розныя рэчы, клапоцяцца пра мяне, -- гаворыць Марыя Канстанцінаўна. – Часта прыязджае сын з Забалаці.
Працавітая рука гаспадыні адчуваецца ўсюды: каля дома чысценька і акуратна, агародзік і кветнік дагледжаныя. А як інакш? Гэта ж мясціны, сэрцу дарагія!
…Праводзіць нас з Пагарэльца сабраліся амаль усе жыхары. На жаль, у адным з дамоў не аказалася гаспадароў – былі на рабоце. Таму і пагутарыць не ўдалося. Ну што ж, можа калі-небудзь мы яшчэ завітаем у гэту прыгожую вёсачку да яе ветлівых жыхароў. Куды ехаць – цяпер ведаем!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.