Сувязь пакаленняў – у традыцыях

Ганна Станіславаўна Скорб (вяскоўцы больш ведаюць яе як цётку Ганцю) жыве ў аграгарадку Новы Двор. Вясёлая ды гаваркая бабуля з першых хвілін сустрэчы падалася мне чалавекам надзвычай добразычлівым. У свае 86 гадоў яна цудоўна распавядае “амікдоты” і памятае бадай усю сваю сямігадовую школьную праграму. Ёй ёсць што расказаць моладзі, ёсць чым падзяліцца са старэйшымі людзьмі. Яна – сапраўдны носьбіт нашай культуры, захавальніца лепшых беларускіх традыцый. Простая і сціплая, працавітая і адданая роднай зямлі, гэта жанчына, як і ўсё сталае пакаленне – тыя моцныя карані, якія даюць сілу нам – новай галіністай кроне.

 

Велікодныя традыцыі    

– Сама я родам з вёскі Равяцічы, – пачала распавядаць пра сябе Ганна Станіславаўна. – Там нарадзілася і вырасла. Жылося сціпла, але ёсць што добрага прыгадаць. Адным з улюбёных святаў у нашай сям’і быў Вялікдзень. Да яго мы рыхтаваліся загадзя. Бялілі вапнай хату, тонкае палатно з лёну акурат да гэтага дня ткалі, выбельвалі, “зубамі” вышыванымі ўпрыгожвалі і рабілі з яго ладныя фіранкі. Не абыходзілася без посту. Пасцілі сем тыдняў. Мяса елі толькі ў нядзелю, панядзелак, аўторак ды чацвер, у сераду і суботу жылі на малацэ, у пятніцу рабілі саладуху (страва з густа заваранай жытняй мукі). Да свята калолі кабана, каб нагатаваць смакаў. У суботу ранкам усёй сям’ёй ішлі пешшу ў касцёл, маліліся, ежу свянцілі.

 

– А на свята стол быў багатым? – цікаўлюся.

– Было мяса, вяндліна, каўбасы, яйкі, пірог, масла, сыр… На свята на стале нават пярлоўка з’яўлялася. Вось толькі атрымаць яе было не так і лёгка. Для гэтай мэты бралі вялікую драўляную ступу і засыпалі ў яе ячмень. Затым мужчыны ўдвух браліся за працу: вялікімі драўлянымі “таўкачамі” таўклі зерне (паказвае рукамі рухі). Потым апарвалі ячмень і прадаўжалі таўчы. Працаваць даводзілася бадай паўдня. А які смачны быў крупнік з той пярлоўкі!

Сімвалы свята

Галоўным сімвалам Вялікадня заўсёды было яйка. Яго фарбавалі “дзедаўскім” спосабам у нарыхтаваным загадзя шалупінні ад цыбулі. Печы запальвалі з самага ранку, ставілі ў чыгунку прыгатаваную сумесь для фарбавання. Затым варылі яйкі ў тым цыбульніку. Яны атрымліваліся аранжавыя, чырвоныя або бурыя. Інтэнсіўнасць колеру пафарбаваных яек залежала ад колькасці шалупіння і ад часу вытрымкі. Часам да яйка прымацоўвалі галінкі, лісточкі або расліны, абвязвалі іх ніткамі або гумкамі і змяшчалі ў капрон. Дарэчы, калі сёння гаспадыні фарбуюць з дзясятак яек, то раней фарбавалі бадай што цэлымі вёдрамі, бо на Вялікдзень трэба было абавязкова пачаставаць родных, суседзяў і хрэснікаў. І сёння Ганна Станіславаўна Скорб не здраджвае традыцыям, фарбуе яйкі так, як і раней фарбавалі яе бацькі і дзяды. Яркія, чырвоныя, яны ўпрыгожваюць багаты стол, які разам з жанчынай накрываюць дзеці, унукі і праўнукі.

Дзень, калі ў доме пахне пірагамі…

– А якія пірагі мы выпякалі ды хатні хлеб на свята, – успамінае бабуля. – Спачатку сырую пшаніцу на муку малолі жорнамі. Жанчыны пірагі рашчынялі з самага ранку, бо іх шмат трэба было спячы. Выпальвалася печ, выграбаліся вуглі. Добра вымешанае цеста падыходзіла, і на вялікай бляшанцы з’яўляліся пышныя пірагі, багата ўпрыгожаныя косамі. Як хораша пахлі тыя пірагі на ўсю хату!

 


Як толькі даставала гаспадыня печыва, адразу мазала яго яйкам, расцертым з цукрам, каб надаць бляск і прыгожы жоўты колер.
– Як мае дзеці малыя былі, памятаю, варта было толькі на хвіліну адхіліцца, як яны не-не ды ўрэжуць акрайчык таго духмянага пірага, – з замілаваннем успамінае Станіславаўна. – На тое яны і дзеці.

Эх, маладосць!

– Як сама малая была, на свята хадзіла да хрышчоных па валачобнае, – расказвае пра велікодныя традыцыі бабуля. – А якое там валачобнае было? Дадуць чатыры яйкі, пірага скібу, сыру кавалак, або пару “цагелак” цукру. Але мы радаваліся і таму. Маладая была – танцы ладзілі. Ах, як я танцаваць любіла польку, мазурку, амбэрак… Да вечарыны дзяўчаты загадзя рыхтаваліся: сукеначкі просценькія шылі, басаножкі рабілі на драўлянай падэшве. Мусі такія ў нас ўборы былі, як сёння… Усё сціпла. Памятаю, на вечарыну збяромся ў адной хаце, музыкант прыйдзе, на гармоніку “пацілімгае” (паіграе)… А якія велікодныя забавы ладзіліся! Яйкі на моц выпрабоўвалі і дзеці, і дарослыя. А яшчэ па вёсках хлопцы ды мужчыны хадзілі – валакайнікі. Выйдзеш на двор – і тут спяваюць, і там спяваюць. Весялосці было!

 

Ні ў будні, ні ў святы не было маладым спакою. Руплівай і дабітной была і Ганна.

– Бывала, каровы выганяць, а мы збяром у торбачку хлеб, сыр, бутэльку малака і ў Васілішкі ідзём у касцёл, там фэсты ладзіліся, – распавядае Станіславаўна. – І лёгка было, і ногі не балелі... У Лядск таксама да касцёла пешшу хадзілі. Абутак шкадавалі, таму ішлі басанож, затым мылі ногі і каля касцёла абуваліся. Хацелася нам, маладым, паглядзець, як там у іншых касцёлах, у суседніх вёсках. Замуж выйшла, пераехалі жыць у Куляўцы, а потым ужо з мужам пабудавалі хату ў Новым Двары. Тут праз усё жыццё ў касцёл хаджу. Зараз, калі хвароба гэта ходзіць (размова ідзе пра кавід), у хаце малюся: каронку чытаю, ружанец адмаўляю.

Працаю слаўная

Былі ў жыцці Ганны Станіславаўны не толькі святы. Усё жыццё яна плённа працавала.
– І каровы даіла, і на харчцэху працавала, і ў цяпліцах саўгаса “Навадворскі”, – гаворыць мая гераіня. – Выдасца вольная хвіліна – ткала. Раней кросны ў кожнай хаце грукалі. Ткала дываны, посцілкі, рабіла бялізну з карункамі з лёну. Цяжка было і ткаць, і прасаваць саматканыя рэчы, але мы спраўляліся.

 

– А зараз лепш жывецца?

– Тады і паны так не жылі, як цяпер звычайныя людзі жывуць, – усміхаецца бабуля. – Мы раней вопратку сабе самыя шылі, рабілі луг з попелу, каб яе памыць, коўдры з пакулля рукамі шылі… А зараз я пад такой коўдрай сплю, што і паны не мелі! Але радасць для нас, вяскоўцаў, не ў выгодах. Радасць – калі дзеці прыязджаюць.

Ганна Станіславаўна выхавала з мужам траіх дзяцей. На жаль, аднаго сына не стала… Не абдзяляюць матулю ўвагай сын Валяр’ян і дачка Леакадзія, знаходзяць час прыехаць з другіх гарадоў. Ганна Станіславаўна ганарыцца і сваімі ўнукамі ды праўнукамі, якія ніколі пра яе не забываюць.

– Дзякуй Богу, дзяцей добрых выхавала, да працы здатных, – радуецца мая суразмоўца. – Побач – добрыя суседзі. Як кажуць: “Фаміля – на боку, сусед – на воку”. Сябрую з усімі. Вось, напрыклад, да Саковічаў у лазню хаджу. Мы і на святы адзін другога клічам.

На Вялікдзень зноў ажыве вясковая хата ў Новым Двары: дачка і сын з сем’ямі загасцююць. І зноў за багатым сталом будуць родныя людзі абмяркоўваць дзень сённяшні, успамінаць мінулае і радавацца таму, што чарговы Вялікдзень сустракаюць усе разам.

Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!