Святло і радасць у кожны дом! Даведаліся, як адзначаюць Вялікдзень у сям’і Андрэя і Алены Аброшка з Новага Двара

 

– Вялікдзень для нашай сям’і – адно з самых прыгожых, душэўных і вельмі важных свят, – расказвае Андрэй Аброшка – шчаслівы муж, а таксама тата трох цудоўных дачушак. – Мы з жонкай выраслі ў каталіцкіх сем’ях, нашы бацькі заўсёды жылі з верай у сэрцы, так і мы стараемся выхоўваць сваіх дзяцей.

 

Андрэй і Алена Аброшка жывуць і працуюць у Новым Двары. Напярэдадні гэтага цудоўнага вясновага свята мы сустрэліся з імі, каб даведацца, як яны адзначаюць Вялікдзень, як шануюць сямейныя традыцыі.

 

Андрэй нарадзіўся і вырас у суседніх з Новым Дваром Равятычах. Вучыўся ў Навадворскай школе, а атрымаўшы атэстат, накіраваўся на тэрміновую ваенную службу. Выканаў перад Радзімай свой грамадзянскі абавязак і вярнуўся ў родную вёску. На работу ўладкаваўся ў Навадворскае лясніцтва: працаваў лесніком, затым майстрам лесу. У мінулым годзе ён вырашыў змяніць месца работы, а прычына нават больш чым уважлівая – мнагадзетны тата хацеў дапамагчы жонцы з дзецьмі. Цяпер ён машыніст-качагар у Навадворскай амбулаторыі.

 

Ужо дзесяць год працуе кіраўніком дзіцячага ўзорнага тэатра “Крок у неба” Навадворскага Дома культуры Алена Аброшка. Яна таксама свая, мясцовая. Яе малая радзіма – вёска Рынкаўцы. Дзяўчына скончыла дзесяць класаў Навадворскай сярэдняй школы, паступіла ў вучылішча ў Гродне і атрымала спецыяльнасць повара-кандытара. Толькі з гэтай прафесіяй сваё жыццё не звязала, а прыйшла працаваць у Навадворскі Дом культуры. І, як гаворыць сама, вельмі гэтаму рада. І не толькі таму, што работа падабаецца, але і таму, што калектыў тут выдатны. А веды, атрыманыя ў вучылішчы, цяпер дапамагаюць песціць сваіх дамашніх смачнымі пірагамі і рознымі стравамі.

 

Андрэй з Аленай хоць і жылі недалёка адзін ад аднаго і ў школе адной вучыліся, а пазнаёміліся выпадкова: бацька Алены працаваў разам з Андрэем і аднойчы папрасіў яго забраць іх з дачкой з вяселля.

 

Лёсавызначальнай аказалася тая паездка: праз некаторы час маладыя справілі ўжо сваё вяселле.

 

Цяпер у сям’і падрастаюць тры дзяўчынкі. Старэйшая Анастасія – сямікласніца Навадворскай сярэдняй школы, добра вучыцца і вельмі любіць чытаць. У дзень нашага прыезду дзяўчынка вярнулася з раённай алімпіяды па беларускай мове. У свабодную хвіліну яна вышывае, вяжа кручком, складае музыку і іграе на сінтэзатары. Але больш за ўсё яна любіць праводзіць час са сваімі чатырохногімі сябрамі – сабачкамі. Аднаго з іх – Жука – яна паспяхова дрэсіруе. І Жук разумее і выконвае яе каманды.

 

 

Сярэдняя Наталля вучыцца ў трэцім класе. Калі дамашнія заданні па ўсіх прадметах выкананы, яна бяжыць на вуліцу, каб пакатацца на веласіпедзе ці на самакаце. А яшчэ дзяўчынка вельмі любіць займацца на уроках фізкультуры і маляваць адзенне для сваіх лялек. Самая маленькая – пяцігадовая Маргарытка, пакуль яшчэ ходзіць у дзіцячы садок. Для яе самыя лепшыя цацкі – канструктар і машынкі.

 

А яшчэ Анастасія і Наталля прымаюць удзел у пастаноўках дзіцячага тэатра, над ролямі ў якіх яны працуюць разам з мамай і іншымі юнымі акцёрамі. Цяпер рыхтуюць спектакль “Сябры пазнаюцца ў бядзе” – гэта ўсім вядомая казка “Калабок” у новай інтэрпрэтацыі.

 

У гэтыя перадсвяточныя дні дзеці і дарослыя з сям’і Аброшка з нецярпеннем рыхтуюцца да Вялікадня.

 

– Некалькі год таму мы з Аленай параіліся і прынялі рашэнне адзначаць самыя важныя для нас святы з самымі блізкімі людзьмі – нашымі бацькамі, – расказвае Андрэй. – Таму ў святую нядзельку абавязкова едзем да бацькоў жонкі і да маёй мамы. На свята ў бацькоўскі дом прыязджаюць і мае сястра і брат. Дарэчы, брат выбраў шлях святара і зараз працуе ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі.

 

– Рыхтуючыся да Вялікадня, мы абавязкова выконваем пост, прымаем удзел у святых імшах, – гаворыць Алена. – А на Вялікдзень раніцай ідзём у касцёл, а затым едзем да родных. Заўсёды бяром з сабою розныя пачастункі. Па традыцыі я гатую запечаную скумбрыю, якую любяць і муж, і дзеці. Рыбу чышчу, разразаю на палавіны, на гадзіну-паўтары кладу ў марынад з маянэзу, солі, перцу і прыправы для рыбы, а затым запякаю ў духоўцы. Сабраўшыся за святочным сталом, гаворым малітву, ядзім асвячоныя яйкі, а затым ужо і іншыя стравы. А потым размаўляем, дзелімся апошнімі навінамі і проста радуемся таму, што мы сабраліся ўсе разам.

 

– Помню, як на Вялікдзень, пасядзеўшы за святочным сталом, мы збіраліся ў двары і каталі яйкі, – расказвае Андрэй. – Для гэтага клалі ліст шыферу, выбіралі “дарожку” і па чарзе пускалі па ёй яйка. Пераможцам станавіўся той, хто пападаў у яйка саперніка. Ён і забіраў увесь выйграны “трафей”. Высвятлялі і чыё яйка мацнейшае…

 

– А мы ў вёсцы на Вялікдзень валачобнічалі, – працягвае Алена. – Бралі з сабою кошык, хадзілі па дамах і віншавалі людзей. А дзякавалі нам пачастункамі. Потым усе разам імі і частаваліся.

 

Можна з упэўненасцю сказаць, што традыцыі сям’і Аброшка будуць захоўвацца і перадавацца наступным пакаленням. А ўсё таму, што бацькі сваім прыкладам вучаць гэтаму дзяцей, вучаць шанаваць важнейшыя сямейныя каштоўнасці і жыць з верай у сэрцы.

 

Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!