Шчучынскія святары расказалі, як можна прыняць удзел у святочных набажэнствах
Сёлета, напэўна, упершыню за ўсё сваё свядомае жыццё, я не накіравалася з упрыгожанай вербачкай у Вербную нядзелю на святую Імшу ў касцёл, а прымала ўдзел у святочным набажэнстве ... анлайн. Гэтая магчымасць з’явілася дзякуючы айцам-піярам касцёла св. Тэрэзы Авільскай, якія так паклапаціліся пра сваіх вернікаў.
Такая часовая неабходнасць выклікана сітуацыяй, якая склалася ў нашай рэспубліцы ў сувязі з інфекцыйнымі захворваннямі. Таму і я, паслухаўшы зварот ксяндза-біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандра Кашкевіча, вырашыла застацца дома. Але наперадзе – светлае і радаснае свята – Вялікдзень, а ў праваслаўных вернікаў яшчэ і Вербная нядзеля. Як паступіць правільна: накіравацца ў храм ці ўсё ж такі застацца дома? Што з гэтай нагоды думаюць святары?
Айцец Андрэй АГЕЛЬ,
ксёндз-пробашч парафіі св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне:
– Вядома, у такія светлыя і радасныя святы ўсіх хацелася б бачыць на святочным набажэнстве ў касцёле. Але не на гэты раз. Я рэкамендую пажылым людзям і дзецям абавязкова застацца дома. Не варта прыходзіць на службу ў касцёл і людзям з аслабленым імунітэтам, а таксама тым, хто адчувае сябе захварэлым, каб не перадаць інфекцыю іншаму чалавеку. Гэта не з’яўляецца грахом. Са свайго боку мы прынялі ўсе неабходныя меры бяспекі: цяпер пры ўваходзе ў касцёл вернікам рэкамендуецца не цалаваць крыж, падчас літургіі не перадаваць знак спакою пацісканнем рукі. У касцёле выкарыстоўваюцца сродкі дэзінфекцыі. Удзел у святочным набажэнстве можна прымаць анлайн і духоўна далучыцца да вернікаў, якія знаходзяцца ў касцёле, каб памаліцца разам з імі. У гэтыя святыя дні шчыра віншую ўсіх з надыходзячым светлым святам Вялікадня: будзьце здаровыя і беражыце адзін аднаго!
Айцец Аляксандр ПАСЦЕРНЯК,
благачынны Шчучынскай акругі:
– Са свайго боку мы таксама рэкамендуем людзям, якія адчуваюць сябе нездаровымі, глядзець трансляцыю набажэнстваў дома. Па дамоўленасці з Белтэлерадыёкампаніяй, пачынаючы з нядзелі, прыхаджане змогуць убачыць прамыя трансляцыі набажэнстваў на Вербную нядзелю, Вялікі чацвер, Вялікую пятніцу і Вялікдзень. У нашых храмах прымаюцца ўсе неабходныя санітарна-гігіенічныя меры, каб тэрыторыя храма была бяспечнай для людзей. Разам з тым, права выбару застаецца за чалавекам: калі ён непакоіцца пра сваё здароўе, можа застацца дома. Службы ў Вербную нядзелю і на Вялікдзень будуць праходзіць у храмах, а іх трансляцыя праз калонкі будзе ажыццяўляцца на вуліцы. Асвячэнне вербаў, яек, кулічоў і іншых страў будзе праходзіць у двары храма.
Ганна РУДСКАЯ.
Дарэчы
Трансляцыю св. Імшаў з касцёла св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне можна паглядзець на YouTube-канале касцёла shma catholic:
– Вялікая Пятніца (10 красавіка) – 18.00 – Літургія Мукі Пана;
– Вялікая Субота (11 красавіка) – 19.00 – Пасхальная Вігілія;
– Вялікдзень (12 красавіка) – св. Імшы ў 7.00 і 14.00.