У Шчучыне быў адкрыты памятны знак у гонар Дня народнагя адзінства

 

Ля раённага вузла паштовай сувязі па вуліцы 17 Верасня ў Шчучыне ва ўрачыстай абстаноўцы быў адкрыты памятны знак у гонар Дня народнага адзінства.

 

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел работнікі райвыканкама, прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый горада, а таксама шчучынская моладзь.

 

Да прысутных звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Алена Пасюта:

 

 

-- Вуліца 17 Верасня адна з самых прыгожых і доўгіх у Шчучыне. І называецца яна так у гонар уз’яднання Заходняй Беларусі і БССР у 1939 годзе. Гэта вельмі важная дата ў гісторыі нашай краіны. Менавіта тады беларусы атрымалі права будаваць сваю дзяржаву ў этнічных межах. 18 гадоў, пражытых у складзе Польшчы, былі няпростымі: нашы людзі не мелі зямлі, закрываліся беларускамоўныя школы, ішло інтэнсіўнае апалячванне. Але мы выстаялі і змаглі захаваць сваю нацыянальную адметнасць і культуру! Маладое пакаленне павінна памятаць гэта і цаніць магчымасць жыць у незалежнай дзяржаве пад мірным небам.

 

Да слоў Алены Васільеўны далучыўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Павел Міхалюк, які адзначыў, што дата 17 верасня для нашага народа заўсёды была памятнай, а сёлета да ўсяго заслужана стала дзяржаўным святам.

 

-- Любіце Радзіму і вывучайце сваю гісторыю! – даў наказ моладзі Павел Рышардавіч. – Будзьце адзіныя ў жаданні зберагчы спадчыну і зрабіць нашу краіну яшчэ больш прыгожай і багатай!

 

У святочнай абстаноўцы пад гучныя апладысменты прысутных намеснікі старшыні райвыканкама Алена Пасюта і Валерый Шкіндзераў адкрылі памятны знак, які будзе нагадваць нам, што наша сіла – у адзінстве!

 

 

Пасля быў дадзены старт велапрабегу, у якім прынялі ўдзел каля сотні актывістаў. Патрыёты праехалі па многіх гарадскіх вуліцах, у тым ліку і па вуліцы 17 Верасня, і яшчэ раз пераканаліся, наколькі прыгожы і ўтульны родны Шчучын!

 

Аляксандр Каспярчук.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!