Шчасце вучыць і тварыць

У маі наша зямлячка Любоў Мікалаеўна Русілка адзначае свой юбілей. Усё сваё жыццё яна прысвяціла людзям, вучыла і выхоўвала дзяцей, а па-іншаму і не магла. Сваімі асабістымі якасцямі паказвала прыклад дабрыні, сумленнасці і працавітасці.

 

 

Любоў Мікалаеўна нарадзілася 15 мая 1940 года ў Казахстане – у Кустанайскай вобласці, Арджанікідзьеўскім раёне. Калі дзяўчынцы не было і года, бацькі пераехалі на сваю радзіму на Украіну. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны бацька пайшоў на фронт, а ў 1943 годзе па-геройску загінуў. У 1947 годзе сям’я пераехала ў Беларусь. Спачатку жылі ў Скідзельскім раёне ў вёсцы Русінаўцы, затым у Ханявічах. У 1948 годзе айчыма назначылі брыгадзірам у Мількаўшчыну, там жа выдзелілі і жыллё. У Крыўлянскай пачатковай школе дзяўчынка скончыла першы клас. Потым зноў была перамена месца жыхарства. Праз два гады вярнуліся назад у Мількаўшчыну, і ў 1954 годзе Любоў Кузьменка з адзнакай скончыла Крыўлянскую сямігадовую школу. У гэтым жа годзе паступіла вучыцца ў Гродзенскае культурна-асветніцкае вучылішча і пасля яго заканчэння ў 1957 годзе была накіравана на пасаду дырэктара Берштаўскага сельскага Дома культуры. Тут пазнаёмілася з мясцовым хлопцам Іванам Русілкам, які працаваў кінамеханікам. Стварылі сям’ю, пабудавалі дом, выгадавалі дзетак. Пражылі разам у міры і згодзе 58 гадоў. На вялікі жаль, некалькі гадоў таму назад Івана Аляксандравіча не стала.

 

З 1960 года Любоў Мікалаеўна працавала настаўніцай спеваў і старшай піянерважатай у Берштаўскай сярэдняй школе, затым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, намеснікам дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце, дырэктарам школы. У 1991 годзе Любові Мікалаеўне была прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя настаўніка. За працоўныя дасягненні яна ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, юбілейным медалём “За доблесную працу”, значком “Выдатнік народнай асветы БССР”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР і іншымі ўзнагародамі.

 

На пытанне, чаму яна, украінка па нацыянальнасці, стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, Любоў Мікалаеўна, не раздумваючы, адказвае: “З дзяцінства памятаю, калі наша сям’я прыехала ў Беларусь, у нас амаль нічога не было. Але добрыя людзі не пакінулі нас адных, дапамагалі чым маглі. Я хацела аддзячыць людзям зямлі беларускай за іх дабрыню, спагаду і дапамогу ў цяжкі час свайго жыцця. Сама з ахвотай вывучала беларускую мову ў школе, потым, без ніякіх сумненняў, паступіла вучыцца і стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры”.

 

Любоў Мікалаеўна вельмі любіла сваю прафесію. Адчувала, што ўсе бачылі яе старанне. Добрыя адносіны былі з настаўнікамі-калегамі, вучнямі і іх бацькамі, ніколі не было ніякіх непаразуменняў. У школе яе вельмі любілі за шчырасць і справядлівасць. Вучняў прыцягвалі да яе і высокія маральныя якасці, і знешні выгляд – настаўніца заўсёды выглядала элегантна, вяла сябе проста. Адчувала сябе шчаслівай, калі бачыла вынікі сваёй працы.

 

Акрамя вучэбнай дзейнасці, Л.М. Русілка разам з іншымі настаўнікамі прымала ўдзел у стварэнні ваенна-патрыятычнага музея, які налічваў вялікую колькасць унікальных і цікавых экспанатаў. Любоў Мікалаеўна была актыўнай і ў грамадскім жыцці, доўгі час з’яўлялася палітінфарматарам і агітатарам.
Колькасць вучняў у школе паступова змяншалася – ад 212 да 29 чалавек у год закрыцця школы (2006 г.). Вельмі балюча перажывала, што школа перастала існаваць. Шкада было сваёй працы і намаганняў калектыву, што былі ўкладзены ва ўнутранае і знешняе афармленне будынка школы, які і да гэтага часу пустуе…

 

Праз рукі і сэрца Любові Мікалаеўны прайшлі два, а то і тры пакаленні вучняў. Перад выхадам на пенсію ўжо вучыла ўнукаў і ўнучак сваіх першых вучняў. Былая настаўніца памятае ўсіх сваіх вучняў, вельмі цэніць зносіны з імі, ганарыцца іх дасягненнямі. Выпускнікі таксама не забываюць сваю любімую настаўніцу. У святочныя дні паштальён прыносіць у яе дом шматлікія пісьмы і тэлеграмы ад былых вучняў.

 

Але самае любімае захапленне Любові Мікалаеўны – паэтычная творчасць. Першы верш напісала ў дванаццацігадовым узросце, узрушаная вялікім асабістым горам – смерцю матулі. Любоў Мікалаеўна з болем распавядае: “Смерць мамы стала для мяне вялізным горам, рысай, за якой скончылася маё дзяцінства. Тады радкі самі ўзяліся аднекуль, душа адазвалася на боль”. З таго часу піша вершы ўсё жыццё і толькі на беларускай мове. Паэзія дапамагае ёй жыць, нясе душы святло і ачышчэнне. Першыя вершы былі надрукаваны ў Шчучынскай раённай газеце “Савецкая вёска” ў 1971 годзе. Пасля, у розныя гады, друкаваліся ў абласной і рэспубліканскіх газетах, часопісах.

 

Амаль дзесяць апошніх гадоў старанна працавала над паэмай “Зямлі і людзям” пра славутую беларуска-польскую пісьменніцу Элізу Ажэшку. Лёс Элізы стаў для яе нібы ўласным. А словы Э. Ажэшкі “Май сэрца як мага чысцейшае і аддавай паслугі як мага большыя зямлі і людзям” – яе дэвізам.

 

Ганарыцца Л.М. Русілка сваімі дзецьмі. Дачка Вольга скончыла філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру пры Акадэміі навук Беларусі. Вольга – кандыдат філалагічных навук, дацэнт, адзін з аўтараў школьнага падручніка па беларускай літаратуры для 8 класа, аўтар многіх навукова-метадычных і вучэбных дапаможнікаў для настаўнікаў, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча. Як і маці, вельмі любіць паэзію, піша вершы. З’яўляецца аўтарам чатырох паэтычных зборнікаў. Сын Сяргей – прадпрымальнік – стаў сапраўднай апорай і надзеяй бацькоў. Радуюць тры ўнучкі і чатыры праўнукі.
З нагоды юбілейнага дня народзінаў сардэчна віншуем шаноўную Любоў Мікалаеўну і дасылаем шчырыя пажаданні моцнага здароўя, аптымізму, даўгалецця і творчага натхнення.

Таццяна САВЯНКОВА,
кіраўнік літаратурна-краязнаўчага музея в. Мількаўшчына.
Фота Ганны КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!