У праекце “Фамільная каштоўнасць” – Клімукі і Церашкова

12 красавіка адзначаецца Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі. На ўспамін прыходзяць прозвішчы людзей, якія бачылі нашу Зямлю з борта касмічных караблёў. А мы вырашылі пазнаёміцца з цёзкамі знакамітых пакарыцеляў космасу, якія жывуць на Шчучыншчыне, і распытаць, з чаго складаюцца іх жыццёвыя галактыкі.

 

Зямныя клопаты Осіпа і Галіны Клімукоў

 

 

Жыхар Шчучына Осіп Осіпавіч Клімук цяпер на пенсіі і, як сам запэўнівае, мае час, каб схадзіць на розныя мерапрыемствы. На адным з іх мужчыну папрасілі назваць сябе. “Клімук”, – адказаў ён. І тут жа пачуў: “Знакамітае прозвішча!” “Бач ты, ведаюць пра першага беларускага касманаўта!” – усміхаецца гараджанін. Між тым сам Осіп Осіпавіч ніколі не прымазваўся да чужой славы. Ён цэніць свае зямныя дарогі і стараецца ісці па іх няспешна і дастойна.

 

Осіп Клімук родам з вёскі Жылічы. Яго бацькі Юзэф Сцяпанавіч і Марыя Станіславаўна выхоўвалі шасцёра дзяцей. Аднак гаспадар дома рана памёр. Осіп служыў у арміі, калі прыйшла гэта сумная вестка. Яму як старэйшаму з сыноў не давялося доўга выбіраць прафесію, трэба было думаць пра хлеб надзённы. Змалку прывучаны да працы сялянскі хлопец не цураўся ніякага занятку. Між іншым, ад Осіпа Клімука людзі не раз чулі і знакамітую на ўвесь свет касмічную фразу – “Паехалі!”. Бо ў маладосці ён працаваў шафёрам у аўтабазе, потым у МСО, а 15 год перад выхадам на пенсію – у РЭСе. Шчучынскі Клімук “лятаў” па дарозе і на грузавых аўтамабілях, і на аўтобусах. Праўда, рабіў гэта наш вадзіцель, не парушаючы правілы. “Мне заўсёды і ўсюды працавалася добра”, – кажа Осіп Осіпавіч.

 

Дарэчы, у жонкі ён выбраў такую ж як і сам спрытную да работы Галю Здановіч з Каменкі. Цікавы факт: нарадзілася яна ажно ў Карэліі, куды бацькі Юзэф Юстынавіч і Валянціна Канстанцінаўна ў 50-ыя гады выязджалі на заробкі. А вярнуліся назад на радзіму з самым дарагім багажом – дзвюма дачушкамі. Ужо тут у іх хаце з’явіліся яшчэ тры калыскі. Пяцёра дзяцей выраслі і пайшлі сваімі дарогамі. А на шляху дачкі Галіны сустрэўся Осіп Клімук. Лёс пазнаёміў іх на вяселлі. “На спатканне ў Каменку хадзіў пяшком, – успамінае маладосць Осіп Осіпавіч. – І не шкадую, што абраў менавіта Галю. Яна ў мяне жанчына працавітая!”.
Галіне Юзэфаўне Клімук чуць такія словы, несумненна, вельмі прыемна. Зрэшты, яна мужам таксама не нахваліцца. І робіць гэта шчыра. Свайго Осіпавіча яна любіць, цэніць і паважае і за душэўнасць, і за працавітасць. А галоўнае – за 47 год сумеснага жыцця муж не раз даказаў сваю надзейнасць і не раз праявіў клопат. І цяпер, калі Галіна Юзэфаўна прыходзіць з работы, на стале ў кухні яе чакае прыгатаваная мужам вячэра… “Ён мяне і праводзіць на працу, і сустрэне”, – задаволена жанчына.

 

Вось ужо больш за 30 гадоў Галіна Юзэфаўна працуе ў цэнтральнай раённай аптэцы №6. Яна – укладчык-упакоўшчык. Гучыць сціпла, але работа вельмі патрэбная. Увесь тавар, які паступае, праходзіць праз яе і дзвюх калег рукі. Штодзень ім даводзіцца правяраць і расстаўляць медыкаменты па групах, каб фармацэўтам было зручна працаваць. У адпаведнасці з накладнымі рыхтуюць і “пасылкі” для аптэк раёна. За столькі год работы Юзэфаўна стала запраўскай аптэкаркай – вывучыла, лічы, усе назвы прэпаратаў. “Работа патрабуе ўважлівасці і дакладнасці, – тлумачыць яна. – Сёння адных толькі медыкаментаў вунь колькі на паліцах!”.

 

Адданасць справе Г.Ю. Клімук у калектыве заўважаюць і цэняць. “Супрацоўніца выдатная і чалавек ад душы”, – кажуць пра яе былыя і цяперашнія каляжанкі. Між тым, гэта жанчына не заўсёды апранала на рабоце белы халат. Як высветлілася,17 год яна сумленна адпрацавала маляром-тынкоўшчыкам у будаўнічых арганізацыях Гродна і Шчучына. “Работа падабалася, але здароўе падвяло, – прызнаецца яна. – Таму давялося змяніць. На шчасце, з выбарам месца не памылілася”.

 

Галіна Юзэфаўна – чалавек актыўны, і дома без справы не сядзіць. Завіхаецца на агародзе, прыгажосць наводзіць, вяжа – гэта ўменне пераняла ад маці. Найчасцей радуе сваімі вырабамі дачок. Яны даўно дарослыя: Алена жыве і працуе ў Шчучыне, Наталля – у Мінску. Ды і ўнукі вунь якія выраслі: Яўгену – 23, Андрэю – 17. “У мяне ўжо ёсць грошы на вяселле”, – смяецца дзядуля Осіп і дае наказ: “Няхай толькі пару добрую выбіраюць”.

 

Ёсць адна ў Церашковай мара…

 

 

Не касмічная, а звычайная зямная дарога з гладкім “асфальтам” і жыццёвымі “няроўнасцямі” выпала для яшчэ адной нашай гераіні – жыхаркі аграгарадка Руткевічы Антаніны Барысаўны Церашковай. І мары ў маладой сімпатычнай жанчыны такія ж зямныя і даступныя. Яна хоча жыць у прыгожым і прасторным доме. І, трэба сказаць, ужо на шляху да ажыццяўлення сваіх планаў.

 

– Дом я ўжо купіла, – падзялілася добрай навіной Антаніна. – Крыху прывяла ў парадак тэрыторыю – выдаліла старыя дрэвы, пасадзіла малады сад, паставіла новую агароджу. Сёлета планую прыступіць да ўзвядзення прыбудоўкі. А яшчэ у планах – лазня, бяседка і яркая клумба…

 

Антаніна з такой ахвотай расказвае, як будзе выглядаць абноўленая сядзіба, што мне, чужому чалавеку, хочацца, каб усё гэта спраўдзілася. Уяўляю, як цудоўна будуць пачуваць сябе на вясковым падворку сыны Антаніны – адзінаццацігадовы Данііл і на год малодшы Давід. Хлапчукі вучацца ў адной з гарадскіх школ, на заняткі дабіраюцца на аўтобусе. “Тое, што імёны вашых дзяцей пачынаюцца на аднолькавую літару, – гэта выпадковасць ці так задумана?” – цікаўлюся ў субяседніцы. “Людзі сказалі, што гэта добрая прыкмета – дзеці тады будуць моцна дружыць”, – тлумачыць субяседніца. “І што, спраўджваецца прыкмета?” – дапытваюся ў Антаніны. “Не вельмі”, – смяецца яна.

 

Гэтая згадка пра сыноў выводзіць нашу размову на ўспамін аб дзяцінстве самой Антаніны Барысаўны. Тады яна была Тоняй і жыла ў адной з вёсак Буда-Кашалёўскага раёна, што на Гомельшчыне.
– Добрае было дзяцінства! – з цеплынёй у голасе зазначае субяседніца. – Шмат часу мы з сябрамі праводзілі на свежым паветры. Зімой хадзілі на каток, летам каталіся на конях… Я цяпер часта кажу сваім дзецям: “Хлопчыкі, вы не ўяўляеце, які гэта быў адрэналін!” Але сёння ў нашых дзяцей галоўная забаўка – інтэрнэт і розныя гаджэты…

 

І ўсё ж у Данііла і Давіда ёсць захапленні, якія іх матуля падтрымлівае і ўхваляе. Старэйшы сын вучыцца ў спартыўным класе і займаецца гандболам, а малодшы – аматар шахматных баталій. А яшчэ абодва не супраць наведацца на “фазэнду”. Асабліва тады, калі там завіхаецца дзядуля Барыс Сцяпанавіч. Гэта тата Антаніны. Уласна кажучы, дзякуючы яму буда-кашалёўскія Церашковы і пусцілі карані на Шчучыншчыне. Першым перабраўся сюды старэйшы Церашкоў, а дачка прыехала праведаць бацьку і… засталася. Між іншым, не так даўно і брат Антаніны змяніў месца жыхарства – асталяваўся ў Гродне. На малой радзіме жыве мама. Дачка па ёй сумуе і стараецца наведвацца разам з дзецьмі.

 

Апошнія чатыры гады А.Б. Церашкова знаходзіцца, так бы мовіць, на сырнай арбіце – працуе ў Шчучынскім філіяле ААТ “Молочный Мир”. Прыйшла сюды сыраробам, а цяпер яна машыніст вакуумна-упаковачнай машыны. “Работа хоць і нялёгкая, але падабаецца”, – зазначае Антаніна.

 

Самаму сябе ацаніць складана, а вось людзям, якія жывуць побач, – куды прасцей. “Ад Бога чалавек! Вельмі добрая і ўважлівая. У любую хвіліну дня і ночы гатова прыйсці на дапамогу”, – такую вось характарыстыку дала маёй субяседніцы яе суседка па інтэрнаце Г.І. Адаська. Антаніна пацвярджае: яны сябруюць, дык як не дапамагчы. І ўвогуле для яе зусім нескладана схадзіць у аптэку ці ў магазін, падвезці Галіну Іосіфаўну, калі ў тае з’явіцца нейкая патрэба… Балазе, сама Тоня водзіць аўтамабіль.

 

Безумоўна, спытала я ў руткевіцкай Церашковай, ці не дакучаюць ёй людзі напамінам пра знакамітую касманаўтку – цёзку па прозвішчы. “Раней, бывала, пыталіся, чаму мяне мама Валянцінай не назвала”, – смяецца яна.
На гэтай пазітыўнай ноце мы і завяршаем размову, пажадаўшы адна адной добрага дня.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і з архіва А.Б. Церашковай.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!