Два дні нараджэння, першы рэйс і 40 год у дарозе: жыхар Шчучына Эдуард Унучка – пра сябе і час

Лёс кожнага чалавека ўплецены ў гісторыю таго рэгіёна, дзе ён жыве і працуе. Не згубілася на Шчучыншчыне і жыццёвая сцяжына Эдуарда Людвікавіча Унучкі – жыхара райцэнтра, які ў студзені адзначыў свой 80-гадовы юбілей. Між іншым, палавіну з пражытага гэты чалавек правёў у дарозе – 40 год аддаў працы на галоўным аўтатранспартным прадпрыемстве раёна.

 

Два дні нараджэння

 

Эдуард Людвікавіч шчыра распавядае пра жыццё і здзіўляе на першай хвіліне, заявіўшы, што святкуе адразу два дні нараджэння.

 

– З’явіўся я на свет 5 студзеня 1940 года. Родныя расказвалі, што на дварэ стаяў 40-градусны мароз, дрэвы павымярзалі. Але доўгі час у дакументах значыўся зусім іншы дзень. Як так атрымалася? Мама паслала мяне, малога, да пашпартыста аформіць метрыку. У незнаёмым месцы разгубіўся і на пытанне пра дату нараджэння назваў першае, што прыйшло на ўспамін, – 12 красавіка. І потым усё жыццё ў гэту дату адзначаў дзень нараджэння. Выправіў памылку, калі стаў афармляць пенсію. Знаёмы падказаў, што нашы з ім прозвішчы побач у адной касцельнай кнізе. І месяц рэгістрацыі там – студзень. Гэта і стала доказам. З таго часу ўжо двойчы – зімой і вясной – прымаю віншаванні!

 

 

Выбраўшы ў якасці дня народзінаў дату, якую потым назвалі Днём касманаўтыкі, Эдуард Людвікавіч усё жыццё і правёў у палётах, праўда, на зямных дарогах. А пачатак гэтых дарог – ля роднага парога, што ў вёсцы Падзамча. “Нас, дзяцей, у бацькоў было сямёра. Усе змалку былі прывучаны да працы і самастойнасці. Я пачаў працаваць у 16 год, – расказвае Эдуард Людвікавіч. – У Ражанцы якраз пачыналі будаваць сельгастэхніку, і я пайшоў туды цэглу насіць. Потым уладкаваўся ў пякарню. Гэта работа, прызнацца, дапамагала жыць: работнікам дазвалялі ўзяць дамоў па буханцы хлеба, і ў нашай сям’і яна лішняй не была”.

 

 

Але пекарам хлопец не стаў. “Я ж з маленства праводзіў вачыма кожную машыну, – прызнаецца субяседнік. – Таму і пайшоў у ваенкамат вучыцца на шафёра. У 1959 годзе ўжо быў прыняты на працу ў мясцовую трактарную станцыю. Службу ў Брэсцкай крэпасці таксама правёў за рулём. Дарэчы, з першай спробы патрапіць у армію не змог: быў перабор з навабранцамі, і мяне вярнулі дамоў з прызыўнога пункта. Потым некалькі разоў хадзіў у ваенкамат, каб напомніць пра сябе, бо не служыць на той час было сорамна”.

 

 

Сапраўдная праца заўсёды непрыкметная

 

Калі ж у 1963-ім вярнуўся са службы дамоў, рабочым месцам стала Шчучынская аўтабаза №12.
– Працаваць вадзіцелем аўтобуса тады было прэстыжна. Першай маёй машынай стаў невялікі ПАЗ-651. Потым ужо былі ЛАЗы, ЛіАЗы… – дзеліцца Эдуард Людвікавіч. – Памятаю свой першы рэйс. Ехаў раніцай у Васілішкі, без пасажыраў. Адчуваў сябе ўпэўнена: усё ж меў практыку ваджэння. Але побач знаходзіўся інструктар і парады даваў: трэба так і гэтак… А потым увогуле сеў на маё месца. І праз хвіліну… з’ехаў у кювет (усміхаецца). На шчасце, усё абышлося добра.

 

 

Дарэчы, на той час, калі Унучка прыступіў да працы ў аўтабазе №12, аўтастанцыя размяшчалася ў цэнтры горада, а парк тэхнікі знаходзіўся ў Ляшчанцы. Не было ні цёплых рамонтных боксаў, ні гаражоў. Калі пачалося ўзвядзенне новай базы на ўскрайку горада, кіраўніцтва паставіла задачу, каб кожны вадзіцель прывёз на будоўлю па машыне камянёў. У выхадныя каапераваліся па двое-трое і збіралі па палях тыя камяні...

 

А колькі потым было рэйсаў і маршрутаў – і не злічыць! Мянялася назва аўтатранспартнага прадпрыемства, умовы працы, работнікі і кіраўнікі, але Эдуард Унучка заставаўся ў калектыве. Не цураўся ніякай работы. Пры неабходнасці, закасаўшы рукавы, перабіраў вузлы, замяняў дэталі, каб толькі не прастойваць. Тады аўтобус быў самым запатрабаваным сродкам перамяшчэння людзей, таму пры затрымцы рэйса тэлефон у дыспетчарскай “чырванеў” ад званкоў. Ды і ў дарозе ўсякае здаралася: зімой – снежныя заносы, а вясной – разводдзе. Ад вадзіцеля патрабаваўся не проста прафесіяналізм, але і знаходлівасць, і вытрымка. Увогуле вадзіцельская работа – не цукар. “У чатыры гадзіны – пад’ём, а ў пяць ужо бярэш накірунак на Пяцюлеўцы, што за 55 кіламетраў ад Шчучына, – прыгадвае Эдуард Людвікавіч. – Дамоў прыходзіш вечарам”.

 

Вадзіцель Унучка выязджаў і ў горад, і па раёне. Ён жа адкрываў маршрут у Брэст, дастаўляў пасажыраў у Мінск, Вільнюс і іншыя гарады. Вопытнаму шафёру даручалі вазіць экскурсіі па гарадах Саюза. Выязджаў у дарогу і адзін, і з напарнікамі – Рыгорам Гарпінчанкам, Уладзімірам Туля, Аляксандрам Варцам… Адным словам, 40 год ён сумленна і самааддана працаваў у галоўнай аўтатранспартнай арганізацыі раёна. І, што немалаважна, без парушэнняў. Хаця, прызнаецца, аднойчы непрыемны інцыдэнт усё ж меў месца. Аўтобус Унучкі спыніўся на абочыне, а фура на замежных нумарах зачапіла і ссунула яго ў кювет. Разабраліся, прэтэнзій да шчучынца не было. А хутка і новы аўтобус далі.

 

Некалькі старонак у працоўнай кніжцы Э.Л. Унучкі займаюць падзякі за сумленную працу. Многа і грамат, у тым ліку грамата Вярхоўнага Савета БССР. Расказвае, атрымаў яе ў 1979-ым. Гэта быў час, калі работнікаў аўтапарка накіроўвалі ў гаспадаркі раёна на касьбу траў і нарыхтоўку зялёных галінак. На аўтобусе Унучкі, які тады быў вадзіцелем-інструктарам, і выязджалі. Сам ён не мог сядзець у цяньку, калі таварышы працавалі, а станавіўся поруч. А потым усю каманду дамоў вёз. Гэта і ацанілі так высока.

 

– Я працаваць любіў, – так тлумачыць сваё прафесійнае пастаянства Эдуард Людвікавіч. – Нават калі пайшоў на пенсію, без справы сядзець не змог: яшчэ з двума пенсіянерамі фундамент новага храма закладваў і цокальны паверх узводзіў. І не з-за грошай… Рукі прасілі работы.

 

І жадала ў дарогу ўдачы…

 

Заўважаю, якім франтам выглядае сёння Эдуард Людвікавіч. Стыльная кашуля, гальштук… “Цяпер што… Некалі, бывала, у неначышчаным абутку на работу не пойдзе”, – усміхаецца жонка Яўгенія Міхайлаўна.

 

 

Дарэчы, знайшоў мужчына сваю будучую спадарожніцу жыцця таксама ў дарозе. Жэня Кепель – дзяўчына з вёскі Навасады, што ў Мажэйкаўскім сельсавеце, працавала ў Лідскім аўтапарку кандуктарам, ездзіла па маршруце на Ваўкавыск з заездам у Шчучын. Эдуард Унучка часта пад’язджаў на гэтым аўтобусе пасля змены. Так і пазнаёміліся. 15 лютага 1969 года пажаніліся. І вось ужо 51 год разам. Яўгенія Міхайлаўна таксама на аўтастанцыі ў Шчучыне працавала – дыспетчарам, касірам, інжынерам аддзела перавозак. “34 гады на адным месцы!” – не без падстаў ганарыцца жанчына. Яна і цяпер не парывае сувязі са сваім калектывам – узначальвае ветэранскую пярвічку. А яшчэ яна заўжды была жонкай вадзіцеля: выпраўляла ў рэйс, жадала ўдачы, хвалявалася, сустракала…

 

У Яўгеніі Міхайлаўны і Эдуарда Людвікавіча добрая сям’я. Дачка Святлана па адукацыі педагог, працуе ў ваенкамаце. У яе свая сям’я – муж Уладзімір, дарэчы, вадзіцель-дальнабойшчык, і дачушка Танюша. Бацькі рады, як складваецца іх жыццё. Ды і ў саміх планаў шмат. Які тут у іх узрост?! Вунь 98-гадовая цешча Ганна Юльянаўна, якая жыве разам з імі, задачы ставіць: хутка вясна, пара, кажа, у вёску вяртацца, агарод садзіць…

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і з архіва Э.Л. Унучкі.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!