Сезон завяршыўся ў Шчучыне. Другі паўфінальны футбольны матч Кубка рэгіёнаў прайшоў на гарадскім стадыёне “Алімп”
На мінулых выхадных прайшлі другія паўфінальныя матчы футбольнага Кубка рэгіёнаў Беларусі. Наша каманда ФК “Шчучын” прымала гасцей з Брэсцкай вобласці – пінскі “Стэнлес”. Матч прайшоў на стадыёне “Алімп” і адзначыўся мноствам супрацьлеглых эмоцый.
У першым паўфінальным матчы, які прайшоў у Пінску, шчучынцы перамаглі чэмпіёна Брэсцкай вобласці з лікам 2:0. Таму гульцы “Стэнлеса” разумелі, што на “Алімпе” ім прыйдзецца кідаць усе свае сілы ў атаку.
Першы тайм быў надзвычай багатым на галявыя моманты і адзначыўся трыма забітымі мячамі. Спачатку на 28-й, а потым на 39-й хвіліне сустрэчы госці адзначыліся галамі ў вароты нашай каманды. Напрыканцы першага тайма “Шчучын” зноў выйшаў наперад па суме галоў у двух матчах. Ударам галавой на 44-й хвіліне за нашу каманду забіў Дзмітрый Талочка. Зноў пінчукі апынуліся ў ролі даганяючых.
У другім тайме барацьба на футбольным полі працягнулася. Для выхаду ў фінал шчучынцам было дастаткова не прапусціць да канца сустрэчы. Пінчукам трэба было абавязкова забіваць. І гол прыйшоў на 79-й хвіліне. З лікам 1:3 на карысць “Стэнлеса” завяршыўся матч. Па суме двух паўфінальных гульняў лік зраўняўся 3:3, таму лёс супрацьстаяння каманды вырашылі ў серыі пасляматчавых удараў.
Не аднойчы ў гэтым сезоне наша каманда пераадольвала турнірныя стадыі праз пенальці, але гэтым разам фартуна была не на нашым баку. З лікам 3:1 у серыі пасляматчавых удараў пінскі “Стэнлес” перамог “Шчучын”.
У другой паўфінальнай пары з агульным лікам 7:4 “Міёры” перамаглі белаазёрскі “Камунальнік”.
Такім чынам, сезон вялікага футбола для “Шчучына” завяршыўся. Гэта быў насычаны на падзеі і перамогі год. Упершыню наша каманда перамагла ў чэмпіянаце і кубку вобласці, а таксама дайшла да паўфіналу Кубка рэгіёнаў. Дзякуем хлопцам за гульню, волю да перамогі і моцны характар. Да сустрэчы ў наступным сезоне!
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтра.