Моцны аргумент на карысць фіналу. У першым паўфінальным матчы Кубка рэгіёнаў Беларусі “Шчучын” узяў верх над “Стэнлесам” з Пінска

 

Працягваецца розыгрыш Кубка рэгіёнаў Беларусі. Гэтымі выхаднымі прэтэндэнты на трафей згулялі паўфінальныя матчы. ФК “Шчучын” адправіўся на выязную гульню ў госці да чэмпіёна Брэсцкай вобласці – пінскага “Стэнлеса”. З поўдня краіны наша каманда вярнулася са станоўчым вынікам.

 

Матч прайшоў на стадыёне “Акадэмія футбола” ў Пінску. Нягледзячы на далёкую адлегласць, разам з нашай камандай са Шчучына прыехалі і верныя заўзятары, якія не пакінулі каманду без падтрымкі.

 

Першы тайм пачаўся для нашай каманды добра. Ужо на 7-й хвіліне сустрэчы шчучынцы выйшлі наперад. Голам адзначыўся Арцём Байгот.  Наступнае ўзяцце варот адбылося на 30-й хвіліне. Гэтым разам адзначыліся таксама шчучынцы. Другі мяч за нашу каманду забіў Георгій Данцэвіч. З камфортнай перавагай у два мячы наша каманда завяршыла першы тайм.

 

Упэўнена атакавалі шчучынцы і ў другім тайме. Пінская дружына адказвала на падыходы да сваіх варот нячаста. Цалкам кантралюючы ход гульні, нашы футбалісты ў камфортным для сябе тэмпе захавалі пераможны лік да канца сустрэчы. Такім чынам, першы паўфінальны матч у пары “Шчучын” – “Стэнлес” завяршыўся з лікам 2:0 на карысць нашай каманды.

 

У паралельным паўфінальным матчы “Міёры” перамаглі белаазёрскі “Камунальнік” з лікам 3:2.

 

Другія паўфінальныя матчы адбудуцца ўжо гэтымі выхаднымі. На стадыёне “Алімп” у Шчучыне наша каманда прыме пінскі “Стэнлес”. Матч адбудзецца 27 кастрычніка ў нядзелю, у 15:00. Прыходзьце падтрымаць родную каманду!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!