Перамога ў напружанай барацьбе: шчучынскія футбалісты перамаглі ў матчы супраць “Факела” з Навагрудка

 

На мінулым тыдні, у суботу, гульцы футбольнага клуба “Шчучын” праводзілі выязны матч у Навагрудку супраць мясцовай каманды “Факел”. Гульня праходзіла ў рамках 12 - га тура Другой лігі.

 

Да пачатку сустрэчы ўжо было зразумела, што для шчучынцаў гэты матч не будзе лёгкім. Справа ў тым, што лідары нашай каманды не змаглі прыехаць у Навагрудак, бо ў гэтыя выхадныя бралі ўдзел у Кубку Беларусі па пляжным футболе, які праходзіў у Кіраўску Магілёўскай вобласці.

 

Адсутнасць вядучых футбалістаў адразу адбілася на гульні. У першым тайме шчучынцы гол забіць не змаглі, а вось сапернікі з Навагрудка на 28 - й хвіліне сустрэчы правялі паспяховую атаку, якая скончылася ўзяццем варот “Шчучына”. Такім чынам, пасля першага тайма лік быў 1:0 на карысць “Факела”, але нашы футбалісты не збіраліся здавацца, і ў другім тайме сітуацыя кардынальна змянілася.

 

Амаль адразу пасля пачатку другога тайма, на 46 - й хвіліне матча, гол забіў Віктар Сяўко. Хуткі мяч у вароты саперніка надаў упэўненасці шчучынцам, бо на 66 - й хвіліне Аляксандр Ануфрык таксама адзначыўся забітым мячом і вывеў “Шчучын” наперад. Аднак спакойна дагуляць матч у каманд не атрымалася. На 69 - й хвіліне чырвоную картку атрымаў варатар нашай каманды Віталь Бароўскі. Віталь быў вымушаны парушыць правілы, каб не даць футбалістам “Факела” зраўняць лік. Сур’ёзнасць сітуацыі заключалася ў тым, што запаснога галкіпера ў “Шчучына” не было і абараняць вароты каманды быў вымушаны палявы футбаліст. Нягледзячы на гульню ў меншасці, шчучынцы змаглі забіць яшчэ адзін гол: пенальці рэалізаваў Віктар Сяўко. Да канца матча “Факел” паспеў забіць нам другі мяч, але пераламіць хаду гульні навагрудская каманда так і не здолела. Вынік матча – 2:3 на карысць гасцей са Шчучына.
Трэба адзначыць, што гульня атрымалася напружаная і жорсткая. Падчас матча суддзя паказаў 11 жоўтых і адну чырвоную картку футбалістам абедзвюх каманд.

 

Такім чынам, пасля паспяховага выезду ў Навагрудак наша каманда, маючы 21 ачко, паднялася на трэці радок турнірнай табліцы Гродзенскага дывізіёна. Яе бліжэйшы канкурэнт – футбольны клуб “Свіслач” – знаходзіцца на другой турнірнай прыступцы і мае ў сваім актыве 23 ачкі. Лідар дывізіёна “Нёман-Белкард” набраў 29 ачкоў.

 

Наступную гульню наша каманда правядзе ў Шчучыне на гарадскім стадыёне “Алімп”. У госці да нас завітае ФСК “Дзятлава”. Сапернік зараз займае восьмы радок турнірнай табліцы. Матч адбудзецца ў суботу, 20 жніўня. Прыходзьце падтрымаць нашых хлопцаў!

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!