“СадИлияАгро” – куточак фруктовай ідыліі

Яблыні, парэчкі, клубніцы і іншыя садовыя культуры вось ужо восем гадоў паспяхова вырошчвае шчучынскі фермер Уладзімір Лявонавіч Пацук. Сваю фермерскую гаспадарку ён не выпадкова назваў “СадИлияАгро”: у аснове ляжыць імя хрысціянскага прарока Іліі – заступніка ўраджаю і ўрадлівасці.

 

– У сельскую гаспадарку я пайшоў мэтанакіравана, – гаворыць Уладзімір Лявонавіч. – Пасля заканчэння школы падаў дакументы ў СПТВ-65 у Шчучыне, а затым паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, дзе атрымаў прафесію вучонага-агранома. 20 гадоў працаваў садаводам у эксперыментальнай базе “Руткевічы”, а потым вырашыў падацца ў фермеры. Узяў у арэнду 70 гектараў зямлі і пачаў яе абрабляць. Спачатку было няпроста: сеяў кукурузу і пшаніцу, каб была аддача. Паралельна засадзіў 15 гектараў парэчкай.

 

Паступова дзякуючы самаадданай працы Уладзіміра Лявонавіча Пацука і яго дружнай каманды фермерская гаспадарка “СадИлияАгро” памацнела. Была набыта ўся неабходная сельскагаспадарчая тэхніка: тры трактары, камбайн, раскідвальнік і распырсквальнік угнаенняў, плёнкаўкладчык, падрэзчык вусоў, здрабняльнік галля і іншыя агрэгаты.

 

 

– Мы павялічылі пасадкі парэчкі да 25 гектараў, столькі ж адвялі пад яблыневы сад, – працягвае наш суразмоўца. – Пры яго закладцы выкарыстоўвалі такія папулярныя сарты, як “Алеся”, “Лігал”, “Глостэр” і “Хані Крысп” на карлікавых падвоях. Маладыя дрэўцы пасадзілі на адлегласці 1,2 метра адзін ад аднаго і падвязалі да тросаў. У кожны рад даўжынёй 300 метраў уносім 9 тон арганічных угнаенняў, якія дастаўляем з сельскагаспадарчага комплексу па вырошчванні шампіньёнаў: штотыдзень прывозім каля 60 тон. Плады абавязкова апрацоўваем ад хвароб 6-7 разоў, у той час як польскія калегі робяць гэта 23-27 разоў. Перад пачаткам сезона падрэзалі галлё на дрэўцах. Як бачыце, яблыневы сад патрабуе шмат фізічнай працы. Нездарма вырошчванне яблынь на адным гектары прыраўноўваецца да апрацоўкі 4 гектараў раллі. Калі надвор’е будзе спрыяльным, сёлета разлічваем атрымаць з кожнага гектара сада 15-20 тон яблыкаў. Для захоўвання салодкага ўраджаю будзем выкарыстоўваць ангар на тэрыторыі былога ваеннага аэрадрома ў Шчучыне. У будучым для гэтых мэтаў плануем пабудаваць спецыяльнае сховішча.

 

У фермерскай гаспадарцы “СадИлияАгро” таксама вырошчваюць клубніцы: пад гэтую садовую культуру тут адведзена 3 гектары.

 

– Сёлета вырашыў пасадзіць клубніцы ў спецыяльных 30-метровых тунэлях – своеасаблівых цяпліцах, якіх абсталяваў аж пяць, – расказвае Уладзімір Лявонавіч Пацук. – Гэтую ідэю я падгледзеў у знаёмага фермера з Краснадара. Градкі накрыў агратканінай. Праз зробленыя дзірачкі дастаў наверх толькі саджанцы клубніц і такім чынам “заглушыў” пустазелле. У кожным тунэлі пасадзіў па 600 раслін. Унутры тэмпература паветра дасягае 27 градусаў, што спрыяе іх хуткаму росту. Таксама арганізаваў штучны паліў, а каб саджанцы не пацярпелі ад насякомых-шкоднікаў, двойчы апрацаваў іх спецыяльнымі сродкамі. Клубніцы ўжо зацвілі, што не можа не радаваць!

 

 

Каб максімальна заняць вегетацыйны перыяд, у фермерскай гаспадарцы “СадИлияАгро” два гады таму на плошчы 20 сотак заклалі матачнік бружмелю, які ў народзе яшчэ называюць камчацкай ягадай. Спее ён раней за ўсіх, а па смаку нагадвае буякі. Расліне неабходна тры гады, каб сфарміраваць куст. Гэта садовая культура даволі стойкая да капрызаў надвор’я, вытрымлівае мароз да 5 градусаў і выдатна расце ў нашых шыротах.

 

– Сёлета закупіў 1000 штук насення салодкага кавуна сорту “Раманза” і хутка пасею яго, – дзеліцца бліжэйшымі планамі Уладзімір Лявонавіч. – Ужо падрыхтаваў для гэтага 60 сотак зямлі: узараў глебу, унёс неабходныя арганічныя і мінеральныя ўгнаенні. Градкі накрыю плёнкай, што засцеражэ ўсходы ад холаду.
Гледзячы на Уладзіміра Лявонавіча, дзіву даешся, як ён усюды паспявае!

 

– Быць фермерам – значыць, працаваць ад цямна і да цямна, – заключае наш герой. – Бывае, нават ноччу не магу заснуць: думаю, ці правільна пасадзіў тыя ці іншыя культуры, ці своечасова правёў іх апрацоўку. Мая жонка Святлана Флар’янаўна ўжо прывыкла, што я пастаянна “прападаю” ў полі. Разам са мной працуе мой сын Андрэй, а дачка Алёна да выхаду ў водпуск па доглядзе дзіцяці вяла ўсю бухгалтэрыю. Нават мая 78-гадовая мама Ніна Сцяпанаўна не можа сядзець у хаце і пастаянна ўвіхаецца на градках. Вось што значыць па-сапраўднаму любіць зямлю!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!