“Быў такі факт у маёй біяграфіі”

Трыццаць чатыры гады таму адбылася тэхнагенная катастрофа, імя якой – Чарнобыль. Чым далей адыходзіць час, тым больш трэба памятаць аб уроках і наступствах той страшнай аварыі. Нельга забываць і пра людзей, якія ў 1986-88 гадах працавалі ў зоне рацыяцыйнага забруджвання, каб зменшыць маштаб бедства. Ніхто з іх тады не думаў пра ўзнагароды і льготы. “Трэба – значыць, трэба!” – казалі яны і ехалі ў раёны, накрытыя радыяцыйным попелам. Чарнобыльскі перыяд ёсць і ў біяграфіі жыхара Шчучына Івана Валяр’янавіча Рыбака.

 

 

“Гэта лепшы з лепшых нашых вадзіцеляў, – запэўнівае дырэктар Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў З.І. Янкевіч, калі размова заходзіць пра Івана Валяр’янавіча. – Ён вельмі старанны, акуратны ў рабоце і безадмоўны: слоў “не магу” і “не хачу” ад яго не пачуеш. Да таго ж працуе тут усё жыццё. Нашы работнікі жартуюць, што нават калі Рыбаку вочы завязаць, ён без праблем давязе са Шчучына ў Галавічполе”. Да гонару Здзіслава Іосіфавіча, ён ведае і пра тое, што гэты яго падначалены ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

 

– Быў такі факт у маёй біяграфіі, – пацвярджае ўжо сам Іван Валяр’янавіч. – Праўда, за столькі год многае сцерлася з памяці. Мяне, як і іншых землякоў, накіроўваў на зборы ваенкамат. Сабралі нас у райцэнтры. Адтуль на аўтобусе павезлі ў часць ля Мінска, дзе пераапранулі ў форму, і адтуль – у Хойнікі. Так патрапіў у рэгіён, які моцна пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС.

 

Дарэчы, на той момант Іван Рыбак ужо адслужыў у арміі і сем год працаваў вадзіцелем у доме-інтэрнаце.
Трэба сказаць, што гэтыя падзеі адбываліся вясной 1987 года – праз год, як выбухнуў Чарнобыль. На той час ужо сталі звыклымі словы “радыяцыя”і “ліквідатар”. Ужо прыйшло разуменне, што адбылося і чым гэта пагражае. Але сама небяспека нікуды не дзелася. Родная зямля заставалася небяспечнай для жыцця. Трэба было актыўна праводзіць мнагапланавыя мерапрыемствы для змяншэння маштабаў бедства. Гэтым займаліся ў тым ліку “партызаны” – грамадзянскія людзі, якіх адклікалі з рабочых месцаў для аказання дапамогі ў ліквідацыі наступстваў аварыі.

 

– Нас размясцілі ў палатках побач з населенным пунктам, – расказвае Іван Валяр’янавіч. – Вясна, сады ў квецені, а карціна сумная – вёска практычна пустая. Людзей адсялілі, засталося толькі некалькі хат з гаспадарамі. У Хойніках мы былі заняты на самых розных работах. З ахоўных сродкаў мелі марлевыя павязкі, нас абавязкова правяралі з дапамогай дазіметраў. А адзінаццаць дзён правялі на тэрыторыі атамнай станцыі, побач з рэактарам – чысцілі, прыбіралі, дэзынфіцыравалі. Там ужо працавалі ў рэспіратарах. Прызнацца, не па сабе было. Кожны ж чалавек страх адчувае…

 

А ўвогуле на вайсковых зборах у чарнобыльскай зоне Іван Рыбак знаходзіўся крыху больш за месяц. Пасля гэтага вярнуўся ў родную вёску Банюкі, дзе чакала і хвалявалася за адзінага сына матуля. Працаваць пайшоў на ранейшае месца – у дом-інтэрнат. Там і затрымаўся надоўга: 1 студзеня гэтага года ў яго працоўнай біяграфіі была адметная дата – сорак год работы на адным месцы!

 

Дык што ж гэта за “кручок”, якім Іван Рыбак так моцна і надоўга зачапіўся за галавічпольскі “бераг”?
Па-першае, людзі, калектыў, які па праве можа назваць родным. Многіх супрацоўнікаў дома-інтэрната Іван Валяр’янавіч штодзень возіць са Шчучына ў Галавічполе і назад. А палове восьмай раніцы яго сіненькі “Мерседэс” ужо імчыць у напрамку аграгарадка. Адтуль дастаўляе работнікаў-гаражан пасля начной змены. А потым робіць яшчэ адзін вячэрні рэйс. І такая траекторыя руху невялікага аўтобуса вось ужо больш за 20 год. Дарэчы, Іван Валяр’янавіч сам і за тэхнічным станам аўтамабіля сочыць. І хоць машына таксама ветэран сацыяльнай службы, але стараннямі гэтага адказнага і руплівага чалавека застаецца ў страі. Між іншым, любоў да тэхнікі пераняў ад бацькі старэйшы сын Кірыл – студэнт, будучы інжынер-механік.

 

Самы час сказаць пра другую прычыну, якая прымацавала Івана Рыбака да Васілішкаўскага дома-інтэрната. Аказваецца, за пару соцень метраў ад месца работы знаходзіцца… бацькоўская сядзіба. Яе былыя гаспадары даўно глядзяць з нябёсаў, як завіхаецца на падворку іх сын. Дарэчы, ахвотна і з карысцю бавіць час на малой радзіме мужа і жонка Наталля Іосіфаўна – добрая і старанная жанчына, якая працуе медсястрой у гэтым жа доме-інтэрнаце. На вясковых прасторах знаходзіцца занятак і галоўнаму бацькаваму памочніку – малодшаму сыну Валерку.
Такія вось простыя зямныя будні ў гэтага чалавека, які ў складаны для краіны час дастойна выканаў свой грамадзянскі абавязак.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!