Чалавек свайго часу. Наш зямляк Сяргей Паўлюкевіч не губляе нітачак са сваёй малой радзімай

Сапраўды, хоць наш зямляк Сяргей Сяргеевіч Паўлюкевіч даўно стаў мінчанінам, у свой час аб’ездзіў паўсвета, аднак заўсёды ён знаходзіць магчымасць, каб прыняць удзел у знакавых мерапрыемствах, што праходзяць на Шчучыншчыне, наведаць маляўнічую вёсачку, дзе нарадзіўся і вырас, зноў запаліць агеньчык жыцця ў апусцелым бацькоўскім доме.

 

Мы сустрэліся з С.С. Паўлюкевічам на ўрачыстасці з нагоды 80-гадовага юбілею ўтварэння нашага раёна. Уразіла, з якой цеплынёй гэты чалавек, што займаў высокія пасады ў ЦК КПБ, больш за дзясятак год быў віцэ-губернатарам Міншчыны, а зараз узначальвае савет старэйшын пры Мінскім аблвыканкаме, куды ўваходзяць вядомыя палітычныя дзеячы краіны, расказваў пра землякоў і родныя мясціны, узгадваў свае карані і тое, як менавіта на Шчучыншчыне распачалася яго працоўная біяграфія.

 

“Не Кірпічоўшчына, а Крупічоўшчына!”

 

– Гэта я вам як гісторык гавару, бо падрабязна цікавіўся ў архівах паходжаннем назвы сваёй роднай вёскі, – запэўнівае Сяргей Сяргеевіч. – Нічога агульнага яна не мае з “кірпічом”, а цесна звязана з прозвішчам млынара Паўла Крупа, якога паважала ўся ваколіца. Пры польскім часе ва ўсіх дакументах значыцца наша вёска як Крупічоўшчызна, потым – Крупічоўшчына, а з 1945-га, відаць, нейкі “грамацей” дапусціў у дакументах апіску, дый пайшла гуляць іншая назва.

 

Зусім маленькім хлопчыкам быў Сярожа Паўлюкевіч, калі пачалася Вялікая Айчынная. Дзіўна, але ўчэпістая дзіцячая памяць захавала тыя падзеі і першае з’яўленне акупантаў у вёсцы, якія чамусьці аблюбавалі для вогнішча падворак Паўлюкевічаў і свежавалі там адабранага ў сялян быка.

 

Далейшыя ўспаміны з апаленага вайной дзяцінства напоўнены сапраўдным драматызмам:
– Летам 41-га па шашы Гродна – Вільня фашысты гналі доўгія калоны нашых ваеннапалонных. Некаторыя рызыкавалі ўцякаць, хоць на іх тут жа абрушваўся град куль: дарога была паліта крывёй. Запомнілася, як усёй вёскай хавалі ўцалелых уцекачоў Сашку і Яшку. Мой дзядзька Нікадзім не раз браў мяне з сабой, і мы насілі чырвонаармейцам ежу ў іх сховішча. Вяскоўцы адкармілі хлопцаў, падлячылі, потым тыя і зброю раздабылі. І калі немцы акружылі хутар, адстрэльваліся да апошняга патрона.

 

Памятае Сяргей Сяргеевіч, як схапілі ў засценкі гродзенскай турмы яго дзядулю, даведаўшыся, што дзядзька Нікадзім пайшоў у партызаны, балюча пранізаў і розгалас вогненнай трагедыі ў суседняй вёсцы Зінякі – сястры Хатыні. Шмат гора несла вайна ў кожную сялянскую хату. Не ўсе родныя С.С. Паўлюкевіча вярнуліся з фронту. І як жа радавалася іх сям’я, сустракаючы пасля Перамогі бацьку – Сяргея Парфір’евіча, на гімнасцёрцы якога ззяла галоўная салдацкая ўзнагарода – медаль “За адвагу”.

 

“Юнацтва камсамольскае маё…”

 

– У школу пайшоў у шэсць гадоў разам з хлопцамі-пераросткамі. А тое, як штодзень ватагай пераадольвалі па некалькі кіламетраў, каб трапіць на заняткі, рабілі чарніла з ягад крушыны, пісалі на ашмотках, бо не было сшыткаў, можа прыгадаць кожны з майго пакалення, – сумна ўсміхаецца Сяргей Сяргеевіч. – Пачынаў я вучобу ў Цёмна-Балоцкай школцы, а заканчваў у Астрынскай СШ. Мы вельмі імкнуліся да ведаў, былі актыўнымі камсамольцамі. Сам здзіўляюся, як выйшла, што мяне, 16-гадовага юнака, адразу пасля выпускных экзаменаў запрасілі на працу інструктарам Васілішкаўскага райкама камсамола. Пераконваў калгасную і школьную моладзь уступаць у шэрагі УЛКСМ, як цяпер бы сказалі, займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю, быць на перадавых рубяжах у працы і вучобе. Аўтобусаў не было, а даручаная тэрыторыя ўключала ні многа ні мала, а 12 калгасаў – ад Новага Двара да Хадзілоняў. І ўсюды – або пяшком, або на веласіпедзе, але з нязменным жаданнем “перавярнуць свет” і змяніць яго да лепшага.

 

Зразумела, мне хацелася далей вучыцца. Абраў вячэрняе аддзяленне, а таму пераехаў у Мінск і пайшоў на славуты трактарны завод працаваць токарам. Потым была ваенная служба ў Падмаскоўі, якая прайшла для мяне вельмі цікава і з карысцю. Таварышы абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі палка. Сярод іншых абавязкаў бадай самым прыемным было арганізоўваць для салдат экскурсіі ў сталіцу нашай Радзімы, прадумваць культурную праграму, уключаць у яе наведванне лепшых музеяў і тэатраў краіны. Гэта вельмі развівала ўсіх нас, выхоўвала. Да ўсяго, я меў магчымасць паралельна са службай завочна вучыцца на гістарычным факультэце БДУ.

 

 Тры армейскія гады праляцелі незаўважна, і вяртаўся я на малую радзіму з вялікім жаданнем рэалізаваць сябе як педагог. Толькі пачаў настаўнічаць у Будраўцах, а ўжо прапанавалі ўзначаліць Шчанецкую школу. Як жа ганарыўся мой дзед Паўлюк, што ягоны ўнук – дырэктар! Работа мне вельмі падабалася, таму прапанову заняць пасаду першага сакратара Шчучынскага РК ЛКСМБ я прыняў не адразу. Аднак, як у той прыказцы, партыя сказала: “Трэба!”, а камсамол адказваў: “Ёсць!” Ужо ў 1965 годзе мяне запрасілі на працу ў ЦК камсамола Беларусі.

 

“Кіраваць цэнтральным рэгіёнам рэспублікі – справа не з лёгкіх”

 

А менавіта такая задача на той час стаяла перад нашым земляком. У 1974 годзе Сяргей Сяргеевіч Паўлюкевіч быў абраны першым сакратаром Мінскага райкама КПБ – практычна кіраўніком раёна. Пасля гутаркі ў П.М. Машэрава будучы старшыня ўрада Беларусі А.Н. Аксёнаў добразычліва заўважыў, звяртаючыся да С.С. Паўлюкевіча: “Ну вось, калісьці мы з цэнтра накіроўвалі ў заходнія рэгіёны сваіх таварышаў, а зараз на вас, “захаднікаў”, ускладваем вялікія надзеі”.

 

Насамрэч гэта было вельмі няпроста – на працягу васьмі гадоў “руліць”прысталічным рэгіёнам са 150-тысячным насельніцтвам і быць у адказе за лёс кожнага чалавека, не гаворачы ўжо пра калектывы дзясяткаў сельгасарганізацый, прамысловых прадпрыемстваў, навукова-даследчых устаноў, абшырнай сацыяльнай сферы. Але С.С. Паўлюкевіч з уласцівымі яму кампетэнтнасцю і адказнасцю справіўся з пастаўленымі задачамі. Менавіта за плённую працу ў тыя гады Сяргей Сяргеевіч быў узнагароджаны ордэнам Знак Пашаны.

 

Аб аўтарытэце і людскім даверы ў адносінах да нашага земляка красамоўна гаворыць і тое, што ў 1980 годзе яго вылучылі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а на з’ездах Кампартыі Беларусі двойчы выбіралі членам Цэнтральнага Камітэта.

 

“У кожнага свой Афганістан”

 

 Далейшая дзейнасць С.С. Паўлюкевіча была звязана з працай у Мінскім абкаме партыі і ЦК КПБ. Пакручастыя віражы ў лёсах самых розных людзей “заломвала” іншы раз тагачасная міжнародная абстаноўка. У 1986 годзе Сяргей Сяргеевіч накіроўваецца ў доўгатэрміновую (на цэлых два гады!) камандзіроўку ў Афганістан у якасці саветніка ЦК КПСС пры ЦК НДПА па зоне Кабул і кабульскі рэгіён. Ва ўмовах ваенных дзеянняў народна-дэмакратычнай партыі Афганістана патрабавалася падтрымка, бо прадстаяла не толькі змагацца за незалежнасць маладой неакрэплай рэспублікі, але і думаць пра будучае – падымаць эканоміку, рыхтаваць нацыянальныя кадры, вучыць дзяцей, лячыць хворых і параненых… І ў віры ўсіх гэтых працэсаў быў наш зямляк – аналітык і таленавіты ўпраўленец Сяргей Сяргеевіч Паўлюкевіч.
– Не сакрэт, што даводзілася вырашаць і шэраг ваенных задач, – гаворыць мой суразмоўца, дарэчы, палкоўнік у адстаўцы. – Мы працавалі ў цеснай звязцы са знакамітай Віцебскай 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіяй і яе камандзірам Паўлам Грачовым – будучым міністрам абароны Расіі. Не толькі дзелавыя кантакты, але добрыя таварыскія адносіны склаліся ў мяне з гэтым мужным чалавекам, як і з іншымі легендарнымі ваеначальнікамі – генераламі Барысам Громавым і Віктарам Дубыніным. Афганістан пакінуў глыбокую насечку ў сэрцы, але і падараваў незабыўныя сустрэчы, памяць пра якія праношу праз усё жыццё.

 

Напамінае пра тыя небяспечныя гады выканання інтэрнацыянальнага абавязку яшчэ адна высокая дзяржаўная ўзнагарода С.С. Паўлюкевіча – ордэн Дружбы народаў, на пасведчанні якога стаіць подпіс Міхаіла Гарбачова.

 

“Ганаруся малой радзімай”

 

З 1990 года Сяргей Сяргеевіч працаваў намеснікам старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, курыраваў сацыяльную сферу, а пасля выхаду ў 2002-м у адстаўку яшчэ досыць працяглы час узначальваў Мінскую абласную арганізацыю ТВВАД. Зараз наш зямляк на заслужаным адпачынку, аднак па-ранейшаму знаходзіцца ў віры грамадскага жыцця: удзельнічае ў культурных і дыпламатычных мерапрыемствах, што праводзяцца ў знакамітым Доме Дружбы ў Мінску. Будучы ганаровым грамадзянінам Мінскай вобласці, ніколі не забывае і пра свой край. Заўжды з задавальненнем С.С. Паўлюкевіч прымае запрашэнні ад землякоў-шчучынцаў: і калі ладзіўся ў нашым горадзе Дзень беларускага пісьменства, і сёлета, калі мы маштабна адзначалі 80-гадовы юбілей Шчучынскага раёна.

 

– Заўсёды з цікавасцю сачу, як развіваецца Шчучыншчына, як упэўнена рухаецца наперад, – дзеліцца Сяргей Сяргеевіч. – Радуюся за сучасны Шчучын – такі адметны і самабытны гарадок, за яго жыхароў, якія з любоўю захоўваюць сваю гісторыю і культурную спадчыну, умеюць самааддана працаваць і прыгожа адпачываць. Тут, на Шчучыншчыне, у мяне многа сяброў і добрых таварышаў. І ў сваю Кірпічоўшчыну-Крупічоўшчыну прыязджаю кожнае лета, каб хоць некалькі тыдняў пажыць сярод маляўнічай прыроды, падыхаць паветрам бацькаўшчыны, прайсціся па сцежках, з якіх распачыналася вялікая дарога ў жыццё.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!