У кожнай рэчы - свой "твар". Паглядзіце, якую прыгажосць стварае шчучынская майстрыха Валянціна Касаногава

З Валянцінай Аляксандраўнай Касаногавай мне пашчасціла пазнаёміцца падчас навагодніх кірмашоў, якія ладзіліся на плошчы Свабоды ў Шчучыне. Менавіта тады я ўпершыню ўбачыла работы гэтай адмысловай майстрыхі. Было ў іх нешта такое, што адразу дазваляла зразумець: яны вырабляліся не проста для продажу, у кожную была ўкладзена часцінка душы…

 

 

 Як аказалася, Валянціна Аляксандраўна – карэнная шчучынка. Больш за трыццаць год яна адпрацавала на заводзе “Аўтапровад” – пайшла па слядах сваіх бацькоў. Яе матулі Тарэзе Ігнацьеўне Старавойтавай ужо 81 год. На заводзе працуе і муж Валянціны Аляксандраўны. Вось такая дынастыя завадчан.
Мы размаўляем з Валянцінай Аляксандраўнай пра яе няпростае жыццё, пра захапленне, якое стала выратавальнай саломінкай у самыя цяжкія хвіліны, пра сапраўдных сябровак, якія не пакінулі сам-насам з праблемамі…

 

 

– Я пачала плесці бісерам, калі захварэла мама, – расказвае Валянціна Аляксандраўна. – Мне трэба было штосьці прыдумаць, каб нечым яе захапіць, адцягнуць ад сумных думак. Спачатку асвоіла сама тэхніку бісерапляцення, а затым навучыла маму. І цяпер у яе атрымліваюцца такія прыгожыя работы, што проста душа радуецца.

 

Канечне, я адразу згадзілася, калі Валянціна Аляксандраўна прапанавала пазнаёміцца са сваёю матуляй. Шчыра прызнацца, вельмі здзівілася і шчыра парадавалася за гэту мілую бабулю, якая ў такім паважаным узросце стварае такую прыгажосць.

 

– А пачалося ўсё з таго, што купіла часопіс “Ксюша” і там убачыла дрэўца, зробленае з бісеру, – працягвае Валянціна Аляксандраўна. Я загарэлася і вырашыла паспрабаваць змайстраваць такое ж. Першая мая спроба аказалася не вельмі ўдалай. Аднак я не адступала. Калі з’явілася магчымасць карыстацца інтэрнэтам, пазнаёмілася з тэхнікай бісерапляцення. І з той пары пачала ствараць сур’ёзныя работы: архідэі, тапіарыі, бансаі. Ідэі самі па сабе ўзнікаюць у маім уяўленні, фантазія малюе новыя творы… Так вось і прачнулася ў мяне творчая жылка.

 

 

Толькі задавольвацца сваімі поспехамі Валянціна Аляксандраўна не стала, а развівала далей свае творчыя здольнасці.

 

– Для кветкавых кампазіцый мне былі патрэбны гаршчочкі, – працягвае майстрыха. – І я падумала: а чаму б самой не прыдумаць што-небудзь?! І вырашыла пазнаёміцца з тэхнікай пляцення з газет і паперы. Толькі ўбачыла я не гаршкі, а абсалютна ўнікальныя рэчы. Адразу вырашыла паспрабаваць, але роўная трубачка, такая, як мне была патрэбна, канечне ж, не атрымалася. Месяцы тры я дзень за днём круціла гэтыя трубачкі, пакуль не дабілася свайго. Яны скручваюцца пад пэўным вуглом. Рэч будзе прыгожая і акуратная толькі ў тым выпадку, калі трубачкі атрымліваюцца роўненькімі. Спачатку, як і планавала, навучылася вырабляць гаршчочкі для кветак і паступова бралася за больш складаныя рэчы.

 

Размаўляючы з Валянцінай Аляксандраўнай, я любавалася яе новым тварэннем – эксклюзіўным, акуратна змайстраваным домікам.

 

– Ён яшчэ не завершаны, – патлумачыла Валянціна Аляксандраўна. – Тут не хапае аздаблення з прыроднага матэрыялу: моху, шышак, жалудоў. Задумана і агароджа. Мяне ва ўсім падтрымлівае муж. Ён знаходзіць галінкі арэшніку, дапамагае змайстраваць штосьці з дрэва, пагабляваць дошчачкі. Ён жа сталяр, з дрэвам працаваць – яго стыхія.

 

Галоўная асаблівасць усіх вырабаў Валянціны Аляксандраўны – яны экалагічна чыстыя. Майстрыха не выкарыстоўвае фарбы і нітралакі, а працуе з марылкай і лакам на воднай аснове. Яшчэ чатыры гады назад, калі яна ўпершыню прапанавала свае вырабы пакупнікам на рынку, усе адпаведныя аналізы на наяўнасць шкодных рэчываў правялі спецыялісты санітарнай службы і выдалі заключэнне – тавар экалагічна чысты.
– Для таго, каб майстраваць свае работы, я набываю газетную і офісную паперу, – расказвае Валянціна Аляксандраўна. – Мае вырабы не маюць ніякага паху, іх проста мыць нават пад кранам. Лак ад вады намакае і крыху ліпне, а калі высыхае, рэч становіцца яшчэ мацнейшай. У мяне ўжо ёсць свае пакупнікі, людзі ведаюць мае рэчы, часта штосьці заказваюць. Сакрэт у тым, што я прапаную работы, цалкам змайстраваныя сваімі рукамі. І кошт іх невысокі.

 

Валянціну Аляксандраўну часта запрашаюць прыняць удзел у розных кірмашах. Яна ўжо пабывала ў гарадах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Толькі дабірацца ёй вельмі няпроста – пасля цяжкай хваробы жанчына мала ходзіць. Вось тут і дапамагае адна з сябровак, якая дастаўляе нашу шчучынскую майстрыху да месца прызначэння разам з яе ўнікальнымі работамі. Дарэчы, такія мілыя, цудоўныя дамавыя, якіх з задавальненнем набываюць пакупнікі, – іх сумеснае тварэнне. Часам на кірмаш з Валянцінай Аляксандраўнай накіроўваецца і яе нявестка Вольга. Яна таксама рамеснік, і ў яе залатыя рукі.
Што прапануе пакупнікам Валянціна Аляксандраўна? Самы хадавы яе тавар – хлебніцы. Карыстаюцца попытам шкатулкі з крышкамі, кубачкі з талерачкай, чыгункі, кошычкі з ручкамі, падносы для садавіны і многае іншае.

 

– Не люблю плесці аднолькавыя рэчы, – прызнаецца жанчына. – Мне хочацца, каб у кожнай быў свой “твар”, каб яна была адзіная. Канечне, часам прыходзіцца вырабляць па шаблоне, але ў пераважнай большасці кожная адрозніваецца ад папярэдняй. Практычна заўсёды выкарыстоўваю формы, каб вырабы атрымліваліся роўненькімі і акуратнымі. Сплесці штосьці новае можна і за дзве-тры гадзіны, а вось каб накруціць трубачак, патрэбна значна больш часу. І тут мне дапамагае мама. На некаторыя рэчы патрэбна да трох тысяч папяровых трубачак.

 

У Валянціны Аляксандраўны і яе мужа – двое сыноў. Старэйшы Ігар жыве ў Мінску, малодшы Дзмітрый разам са сваёю сям’ёй – непадалёку, у Васілішках. Радасць бабулі і дзядулі – іх дзве ўнучачкі.

 

Кожную свабодную хвіліну Валянціна Аляксандраўна аддае любімаму захапленню. Але іх не так шмат, таму што практычна ўвесь час аднімаюць хатнія клопаты. У доме гэтых гасцінных, з вялікімі шчырымі сэрцамі людзей, дружна жывуць сабачка, якога падарылі дзеці, і некалькі выратаваных на вуліцы коцікаў.

 

– Ведаеце, я заўсёды кажу, што мой муж – гэта мая сіла, мама – гэта маё жыццё, а дзеці – гэта мае крылы, – гаворыць Валянціна Аляксандраўна. – Нягледзячы на тое, што мне прыйшлося прайсці шмат выпрабаванняў, я не скарджуся на свой лёс, а ўдзячна за ўсё, што ў мяне ёсць. Дзякуючы маім дарагім сяброўкам і маім работам мы сумелі справіцца з самымі цяжкімі нягодамі. Жыццё – цудоўнае, і трэба ўмець цаніць кожнае яго імгненне.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!