Рост вытворчасці, інвестыцый і паступленняў у бюджэт. У райвыканкаме падвялі вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучыншчыны за першае паўгоддзе 2024 года

 

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучынскага раёна і выкананне бюджэту за першае паўгоддзе бягучага года сталі асноўнай тэмай для разгляду на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Удзел у абмеркаванні пытання прынялі намеснік міністра эканомікі Беларусі Алеся Абраменка і намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віталій Нявера.

 

Намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі адзначыў, што ў першым паўгоддзі бягучага года сукупныя паступленні даходаў у бюджэт Шчучынскага раёна склалі 122,9% пры прагнозе на год 107,2%. Інвестыцыі ў асноўны капітал -- 128%, або 80,4 млн рублёў пры даведзеным заданні 104,1%. Дзякуючы стабільнай рабоце працоўных калектываў раёна тэмп росту намінальнай сярэднямесячнай заработнай платы склаў 120% пры заданні 112%. Па ўзроўні сярэднямесячнай заработнай платы (1755,8 рубля) Шчучынскі раён па-ранейшаму знаходзіцца на 7 месцы сярод 17 раёнаў вобласці.

 

 

Забяспечана выкананне заданняў, даведзеных па паказчыках, якія аказваюць найбольшы ўплыў на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту. Так, вытворчасць прамысловай прадукцыі склала 111% пры заданні 102,6%. Дасягнуты патрабаваныя значэнні па вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце і грузаабароце, аб’ёме будаўніча-мантажных работ, зніжэнні ўзроўню затрат на вытворчасць і рэалізацыю прадукцыі.

 

 

-- Абарот знешняга гандлю таварамі за студзень-май склаў 44,4 млн долараў ЗША, што на 7,9% вышэй за ўзровень мінулага года. На экспарт рэалізавана прадукцыі на суму 26,1 млн долараў ЗША, тэмп росту – 105%. Прадукцыя экспартавалася на рынкі 19 краін свету, -- адзначыў дакладчык. – Забяспечана ўстойлівае станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 7,8 млн. долараў ЗША. Прадпрыемствы-экспарцёры бязведамаснай падпарадкаванасці займаюць найбольшую долю ў экспарце раёна. У параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года змянілася структура знешняга гандлю раёна -- доля краін СНД зменшылася на 8,7%, па краінах па-за СНД аб'ёмы паставак выраслі на 60,8%.

 

 

Як падкрэсліў першы намеснік старшыні --начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка, у першым паўгоддзі вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склала 115,5% пры заданні 103,2%. Вытворчасць малака павялічылася на 6,7%. Сярэдні надой ад каровы павялічыўся на 248 кг і склаў 4243 кг малака. У двух сельскагаспадарчых прадпрыемствах раёна прадуктыўнасць малочных кароў перавысіла 5000 кг малака.

 

 

За шэсць месяцаў прадукцыя вырошчвання буйной рагатай жывёлы склала 6,9 тыс. тон, або 101,2%. Прадукцыя вырошчвання свіней – 11,2 тыс. тон, што на 30,3% больш за ўзровень мінулага года. Вытворчасць яек на Шчучынскай птушкафабрыцы склала 16,1 млн штук, або 94,8% да аналагічнага перыяду мінулага года.

 

На прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 184,8 млн рублёў, чысты прыбытак – 16,2 млн рублёў. Сярэднямесячная заработная плата ў сельскагаспадарчых арганізацыях павялічылася да 1801 рубля пры тэмпе росту ў 119,3%.

 

 

Намеснік старшыні райвыканкама Яўгеній Вінча адзначыў, што ў першым паўгоддзі ў раёне выканана будаўніча-мантажных работ на суму 25,2 млн рублёў, або 160,8% пры заданні 116,2%. Аб'ём падрадных работ, выкананых будаўнічымі арганізацыямі раёна, склаў 30,9 млн рублёў, або 121,5% да аналагічнага перыяду мінулага года. Уведзена ў эксплуатацыю 5442 квадратныя метры жылля, або 57,3% гадавога задання.

 

Падчас пасяджэння ўвага кіраўнікоў прадпрыемстваў была акцэнтавана на вырашэнні шэрагу існуючых праблемных пытанняў. У ліку задач -- выкананне паказчыка па пасажыраабароце і тэмпе росту экспарту паслуг, недапушчэнне непрадукцыйнага выбыцця буйной рагатай жывёлы. Кіраўнік раёна звярнуў увагу на недапушчальнасць наяўнасці стратных прадпрыемстваў. У цэнтры ўвагі таксама пераход на будаўніцтва ў раёне ў 2025 годзе панэльнага жылля.

 

 

Аб выніках выканання бюджэту Шчучынскага раёна і існуючых праблемных момантах расказала намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Таццяна Роуба:

 

-- Даходы бюджэту Шчучынскага раёна ў першым паўгоддзі склалі 53,3 млн рублёў,  або 51,6% ад гадавога плана. Асноўную ўдзельную вагу -- больш за 80% -- склалі падатковыя паступленні. Бязвыплатныя паступленні з вышэйстаячага бюджэту склалі 20,9 млн рублёў. У цэлым бюджэт раёна выкананы з прафіцытам у суме 4,1 млн рублёў. Расходы бюджэту прафінансаваны ў суме 49,2 млн рублёў. Асноўную долю ў яго выдатках (72,6%) займае сацыяльная сфера, на яе фінансаванне накіравана больш за 35,7 млн рублёў.

 

 

-- Агульная сітуацыя ў эканоміцы раёна стабільная. Асноўная задача на астатнія месяцы бягучага года -- забяспечыць збалансаванае ўстойлівае развіццё рэгіёна, выкананне ўсіх прагнозных паказчыкаў і ўзятых на сябе сацыяльных абавязацельстваў. Паказчыкі 2024 года выканаць раёну цалкам па сілах, планы на будучыню дастаткова сур'ёзныя, -- падвёў вынік старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі.

 

У завяршэнне пасяджэння Аляксей Валянцінавіч уручыў узнагароды. Па выніках абласнога агляда-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2023 годзе ў намінацыі “Арганізацыя невытворчай сферы” дыпломам ІІ ступені ўзнагароджаны Шчучынскі раённы цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў. Дыплом І ступені ў намінацыі “Арганізацыя вытворчай сферы з колькасцю работнікаў да 100 чалавек” атрымаў Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства НАН Беларусі.

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!