Родныя берагі Сяргея Жамойды

 Студзеньскім днём 1977 года ў дом да Сяргея і Марыі Жамойдаў з прынёманскай вёскі Орля завітала паштальёнка – прынесла чарговы нумар “Савецкай вёскі”. А там на першай паласе раёнкі -- Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні лепшых працаўнікоў Шчучыншчыны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. У ганаровым спісе было і імя гаспадара дома -- перадавога трактарыста калгаса імя Дзяржынскага Сяргея Мікалаевіча Жамойды. За працоўную доблесць, высокія вытворчыя паказчыкі ён быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Мы сядзім ва ўтульнай святліцы прасторнага дома Жамойдаў і ўспамінаем тыя далёкія гады, ад якіх і сёння сыходзіць пазітыў і святло – святло працоўнай славы. Сяргей Мікалаевіч ахвотна гаворыць пра былое, за якое і цяпер не сорамна перад людзьмі.
-- Ордэн мне ўручалі ў Шчучыне, ва ўрачыстай абстаноўцы, -- прыгадвае ён. – Нас, адзначаных ордэнамі, тады было шмат – мо з чатыры дзясяткі, у іх ліку і Іван Рыгоравіч Машко – тагачасны першы сакратар Шчучынскага райкама партыі. Былі і іншыя кіраўнікі раённага звяна, але найбольш – простыя людзі. На сцэну пад апладысменты выходзілі  трактарысты, даяркі і цялятніцы, звеннявыя, атрымлівалі, акрамя такой узнагароды, як у мяне, і іншыя -- ордэны Працоўнай Славы, “Знак Пашаны”, медалі. Уявіце толькі -- паўзалы людзей з узнагародамі! Што і казаць, мы сваіх сіл не шкадавалі на грамадскай працы, але і дзяржава ў даўгу не заставалася -- заахвочвала лепшых з лепшых дыпломамі-граматамі, падарункамі, бясплатнымі пуцёўкамі ў санаторыі… Я і сам мо разоў з дзесяць здароўе папраўляў у здраўніцах.
Але найбольш уражанняў Сяргей Мікалаевіч, па яго словах, атрымаў ад паездкі ў Маскву ў 1980 годзе.
-- Тады мяне аднаго з раёна ўключылі ў склад беларускай дэлегацыі, -- распавядае ветэран працы і паказвае фотакартку. – Вось я – чацвёрты злева ў верхнім радзе. А за мной стаяць перадавікі вытворчасці з Літвы. Гэта наша сустрэча і фота на памяць з касманаўтамі. А ўсяго прабылі там пяць дзён. Сталіцу паглядзелі, у маўзалеі Леніна пабывалі. Дамоў вярнуўся з Зорным вымпелам імя Юрыя Гагарына. Такія ж прывёз і для сваіх таварашаў. Памяць на ўсё жыццё!
Дарэчы, на той момант, калі трактарыст Сяргей Жамойда адчуў сваю яркую хвіліну славы, яму не было і сарака. Руплівы працаўнік ужо меў пашану ў роднай гаспадарцы, у раёне ды вобласці. І па партыйнай лініі быў на віду – выбіраўся членам райкама і абкама. А што, малады, адукаваны, перспектыўны! Да прыходу на працу ў калгас ён скончыў з адзнакай Бераставіцкае вучылішча механізацыі (быў навучэнцам, як ён кажа, “цаліннага набору” і нават паспеў папрацаваць у казахстанскіх стэпах), а потым завочна і Навагрудскі сельгастэхнікум. За ўсё жыццё, кажа, працаваў на розных марках “Беларусаў”: араў, сеяў, убіраў -- бульбу, буракі, збожжавыя…. “Сезонаў з 30 летам сядаў за штурвал камбайна, нават чатыры гады загадваў участкам”, -- прыгадвае ён. Зрэшты, у такім рытме жылі тады многія яго землякі, да працы здатныя і руплівыя. Сярод таварышаў-ардэнаносцаў добрым словам успамінае Тадэвуша Шчуку і Іосіфа Цывінскага. Суразмоўца зазначае, што тады адчувалася працоўнае саперніцтва, але і дух калектывізму таксама быў моцны.
Расказваючы пра мінулыя гады, Сяргей Мікалаевіч быццам маладзее. Хаця ён і так на свае 78 выглядае цудоўна. Стройны, падцягнуты, энергічны. “Паветра ў нашых краях асаблівае, настоенае на разнатраўі, дзейнічае бы элексір маладосці”, -- кажа. – Нёман жа побач, лес”. А яшчэ ён сам вядзе здаровы лад жыцця: не курыць, гарэлкі ў рот не бярэ, займаецца пасільнай фізічнай працай. Канешне, цяпер гаспадарка не такая вялікая, як раней, але спраў хапае: і для казы трэба сена назапасіць, і свіней-”в’етнамак” накарміць, і лазню напаліць, і парадак на падворку падтрымліваць… У жонкі часам падводзіць здароўе, таму муж узяў клопаты на сябе. “Прачынаюся а палове шостай і пайшоў рухацца, -- запэўнівае Сяргей Мікалаевіч. – А што – карысна!”. У Францаўны свой рэцэпт актыўнага даўгалецця: “Трэба рабіць дабро людзям і будзеш маладым”.
Атрымалася, на ўсё жыццё С.М. Жамойда звязаў свой лёс з роднай зямлёй, нёманскімі берагамі і Орляй, дзе нарадзіўся ў суровым 1941 годзе ў сялянскай сям’і. Бацькаўшчына, кажа, і сілы давала. 
-- А мой дзень нараджэння выпаў на канец вайны, на 45-ы, -- даверліва распавядае Марыя Францаўна. – Я родам са Старынак, але потым наша сям’я жыла ў Вялікім Мажэйкаве. Скончыла ў 1964-ым Маладзечанскі ўлікова-планавы тэхнікум. У Орлю прыехала на пасаду бухгалтара ў мясцовае сельпо. А потым, пасля таго, як завочна вывучылася ў “наргасе”, доўгі час працавала ў мясцовым калгасе галоўным эканамістам. 
Добрых спецыялістаў паважалі і цанілі ўсе калгасныя старшыні, з якімі Жамойдам давялося працаваць. Пры плённай рабоце і дастатак у доме меўся. На рахунку ў банку ляжала некалькі тысяч рублёў, Сяргей Мікалаевіч хацеў набыць для сына легкавушку, стаяў у сельсавеце першым на чарзе. Але разваліўся Саюз, крызіс з’еў усё мазалём заробленае. Тады было крыўдна, а цяпер муж і жонка разважаюць па-народнаму мудра: “Дзякуй, Госпадзі, што ўзяў грашыма”. А калі і шкадуюць, то хіба толькі пра тое, што незаўважна збеглі іх маладыя гады і што прыціхла некалі шматгалосая і людная Орля. 
 Адкрытыя і прыязныя людзі задаволены: жыццё разам пражылі годна – людзей не насмяшылі. Выхавалі і вывучылі сына Дзмітрыя. Ён абаснаваўся з сям’ёй у Мінску. Рады, калі прыязджае ў госці. З нецярпеннем чакаюць з Вялікага Мажэйкава і дачку Ірыну з яе вялікай радзінай. ”А ўсяго ў нас пяць унукаў і ўжо многа праўнукаў”, -- ганарацца муж і жонка. Што ж, няхай іх дружная сямейная каманда толькі прырастае!
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!