Яе вуснамі гаворыць закон

Спартсменка, актывістка, высока­квалі­фі­ка­ваны юрыст і проста прыгажуня – менавіта так характарызуюць калегі загадчыка сектара прававой і кадравай работы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.С. Хрыбтовіч. Сапраўды, Аксана Станіславаўна чалавек вельмі адказны, добразычлівы і неабыякавы. Яна заўсёды бездакорна выконвае свае прафесійныя абавязкі, за што сёлета адзначана Пісьмом-падзякай раённага выканаўчага камітэта. 

– З дзяцінства бацькі вучылі мяне паважаць старэйшых, заступацца за слабых і ўсё рабіць па справядлівасці, – гаворыць А.С. Хрыбтовіч. – Таму, будучы школьніцай, я пастаянна мірыла сваіх канфліктуючых сяброў: даказвала, хто праў, а хто вінаваты і павінен папрасіць прабачэння. У старэйшых класах канчаткова вырашыла, што хачу стаць праваахоўнікам. 
Разам з тым, пасля заканчэння СШ №1 г. Шчучына дзяўчына спачатку надумала звязаць сваё жыццё з лінгвістыкай і паехала падаваць дакументы ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. 
– Не паверыце, але перад самым уваходам у ВНУ я спынілася і адчула, што наступныя крокі – лёсавырашальныя, і вельмі важна не зрабіць памылку, – прызнаецца Аксана Станіславаўна. – Голас унутры гаварыў, што займацца вывучэннем славянскіх моў – гэта не зусім тое, аб чым марыла. Таму, пастаяўшы ў роздуме некалькі хвілін, развярнулася і пайшла прэч. Па вяртанні дадому бацькі былі здзіўлены маім рашэннем, але аднесліся да яго спакойна і падтрымалі маральна. Ужо праз некалькі дзён я падала дакументы ў політэхнічны каледж на аддзяленне правазнаўства, аб чым не шкадую і па сённяшні дзень.
 Тры гады вучобы праляцелі непрыкметна. Пасля атрымання дыплома маладая дзяўчына вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася юрыстам у эксперыментальную базу “Руткевічы”. Вось тут ёй і спатрэбіліся атрыманыя ў каледжы веды, якія давялося праверыць на практыцы.
 – Усе дагаворы аб куплі-продажы тэхнікі, набыцці хімікатаў і мінеральных угнаенняў, а таксама многія іншыя фінансавыя і кадравыя пытанні вырашаліся з маім удзелам, – успамінае А.С. Хрыбтовіч. – Я вельмі ўважліва вывучала дакументы, каб не дапусціць памылак пры іх афармленні. Таксама кансультавала і дапамагала нашым работнікам вырашаць жыццёвыя праблемы, адстойваць свае правы ў судзе. 

З расфарміраваннем эксперыментальнай базы “Руткевічы” юрыдычная сцежка прывяла Аксану Станіславаўну ў Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. 
– У гэтай установе мая праца набыла ярка выражаны сацыяльны характар, – зазначае наша суразмоўца. – Усе юрыдычныя справы даводзілася не проста разглядаць, а ў прамым сэнсе перажываць, каб знайсці правільнае рашэнне. Зрабіць гэта вельмі няпроста, калі на кону будучыня дзетак, якім патрэбна дапамога.
Каб павысіць свой прафесіянальны ўзровень, Аксана Станіславаўна паступіла і паспяхова скончыла завочна юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Гэта станоўча адбілася на яе кар’ерным росце: неўзабаве маладую жанчыну запрасілі на працу ў кіраўніцтва справамі райвыканкама, а затым – ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання.
– Мая прафесійная кар’ера пачалася ў сельскагаспадарчай галіне, сюды і вярнулася, – усміхаецца А.С. Хрыбтовіч. – Аднак цяпер я адказваю не толькі за якасную прававую і кадравую работу асобна ўзятай гаспадаркі, а і ўсяго аграпрамысловага комплексу раёна. Кантралюю ўсе дзяржзакупкі, працэссы набыцця новай тэхнікі і яе камплектацыі, сачу за выкананнем розных эканамічных дагавораў, пры неабходнасці адстойваю інтарэсы нашага ўпраўлення ў судзе. Таксама манітору сітуацыю на рынку працы і праводжу работу па размеркаванні і замацаванні маладых спецыялістаў на сяле. 
Нягледзячы на салідны вопыт і глыбокія веды ў галіне юрыдычнага права, Аксана Станіславаўна займаецца самаадукацыяй і ўважліва сочыць за ўсімі змяненнямі і папраўкамі ў заканадаўстве.
– Без гэтага немагчыма заставацца кампетэнтным спецыялістам, – сцвярджае А.С. Хрыбтовіч. – Законы пастаянна дапрацоўваюцца, удасканальваюцца, таму тое, што яшчэ ўчора было асноўным дзеючым дакументам, сёння можа стаць неактуальным. Быць у курсе ўсіх змяненняў у прававым полі дазваляе інтэрнэт, але вельмі важна выкарыстоўваць толькі правераныя крыніцы, дзе выкладваецца самая свежая інфармацыя. 
Юрыдычная справа – не адзінае захапленне Аксаны Станіславаўны. У вольны ад работы час яна любіць актыўна адпачываць і часта прымае ўдзел у розных спартыўных мерапрыемствах. 
– Са сваім будучым мужам Андрэем я пазнаёмілася на спаборніцтвах па валейболе, – з цёплай усмешкай успамінае Аксана Станіславаўна. – Вельмі спадабаліся адзін адному і хутка пажаніліся. Разам выхоўваем дваіх дзяцей. Наш сын Дзмітрый раўняецца на бацьку, які працуе на заводзе “Аўтапровад”, і праяўляе інтарэс да тэхнікі. А вось дачка Анастасія ўсур’ёз цікавіцца правазнаўствам. Хто ведае, магчыма, пасля заканчэння школы яна выбярэ прафесію юрыста, і ў нашай сям’і з’явіцца працоўная дынастыя.
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!