Запрашаем на прышчэпку! У Шчучынскім раёне пачалася кампанія імунізацыі супраць грыпу

Работнікі Шчучынскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўжо прынялі актыўны ўдзел у гэтым мерапрыемстве і дружна зрабілі прышчэпкі.
Дарэчы, на прыём у паліклініку ім звяртацца не прыйшлося: для іх зручнасці ўрач агульнай практыкі Вольга Сігізмундаўна Гейдзель разам з медыцынскай сястрой Аленай Дзмітрыеўнай Ступакевіч самі прыйшлі ў ЦГіЭ. Працэдура звычайная: спачатку агляд доктара, затым вакцынацыя.
– Для таго, каб не захварэць, робім прышчэпкі ўсёй сям’ёй, – гаворыць урач-эпідэміёлаг Святлана Іванаўна Волчак. – Муж і сын – кожны год, а сёлета ўпершыню зробім прышчэпку і дачушцы. Як вядома, грып лепш папярэдзіць, чым лячыць. Асабліва небяспечныя наступствы гэтага захворвання – таксічнае ўздзеянне віруса на нервовую, сардэчна-сасудзістую сістэмы чалавека, а таксама падаўленне імунітэту і звязанае з гэтым узнікненне другаснай інфекцыі, якая выклікае бактэрыяльныя пнеўманіі, міякардыты, аціты…
Адной з першых, хто зрабіў прышчэпку супраць грыпу, была і галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Шчучынскага раёна Анастасія Вячаславаўна Круковіч.
– Пераканана ў тым, што самы лепшы спосаб абараніць сябе ад захворвання – прайсці вакцынацыю, – расказвае Анастасія Вячаславаўна. – Таму сёння мы запрасілі ў ЦГіЭ медыцынскіх работнікаў, каб усе нашы супрацоўнікі маглі, не губляючы часу, зрабіць прышчэпку. Сёлета для масавай вакцынацыі насельніцтва закуплена вакцына “Грыпол плюс” вытворчасці Расійскай Федэрацыі. Як і ў мінулыя гады плануецца прышчапіць супраць грыпу не менш за 40 працэнтаў насельніцтва – каля 15 400 чалавек. 5015 чалавек атрымаюць прышчэпкі за кошт рэспубліканскага бюджэту, больш за 7300 чалавек – за кошт сродкаў упраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, і 3000 чалавек – за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый. Зрабіць прышчэпку можна і платнай вакцынай – “Ваксігрып”.
Прышчапіцца супраць грыпу важна ў кастрычніку-лістападзе да пачатку сезоннага ўздыму захваральнасці. На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі сфарміруецца абаронны ўзровень антыцелаў ад віруса, які дапаможа арганізму не захварэць 4-6 месяцаў. У склад вакцыны ўваходзяць тры штамы віруса, найбольш актуальныя для гэтага сезона.
– Хачу нагадаць, што да групы рызыкі захворвання на грып адносяцца асобы, якім больш за 65 год, дзеці і дарослыя з хранічнымі захворваннямі, а таксама цяжарныя жанчыны ў 3-ім трыместры цяжарнасці і дзеці ва ўзросце ад 6 месяцаў да трох год, а таксама работнікі розных сфер, якія па родзе сваёй дзейнасці знаходзяцца ў пастаянным кантакце з вялікай колькасцю людзей, і іншыя, – працягвае Анастасія Вячаславаўна. – Ім зрабіць прышчэпку проста неабходна.
Як сведчыць статыстыка, дзякуючы прышчэпкам у апошнія пяць год не рэгістраваўся эпідэмічны ўздым захваральнасці на грып і вострыя рэспіраторныя інфекцыі, не зачыняліся на каранцін установы адукацыі, не рэгістраваліся смяротныя выпадкі, прычынай якіх стаў грып. Зрабіце выбар на карысць здароўя, прыходзьце на прышчэпку.!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.