Астрынская гарадская бальніца па выніках працы за 2017 год – у ліку лепшых
Гэту ўстанову аховы здароўя ўзначальвае кваліфікаваны ўрач Алена Іванаўна Кучынская. Яе ўклад у медыцыну – вельмі значны. Алена Іванаўна не толькі дапамагае людзям добрым словам і лекамі. Яна выхавала сына-ўрача.
У бальніцы працуюць 65 адданых сваёй справе спецыялістаў. З іх 8 – урачы і 29 – сярэдні медперсанал. Гэтыя людзі не проста так апранулі белыя халаты: у кожнага быў свой шлях у медыцыну. Сёння ўсіх іх аб’ядноўвае вернасць клятве Гіпакрата, адданасць прафесіі і любоў да сваёй малой радзімы. Яны не лічацца з асабістым часам, прапускаюць боль кожнага пацыента праз сэрца. У барацьбе з хваробамі дапамагаюць новыя тэхналогіі.
– Дарэчы прыйшоўся сучасны апарат ЭКГ, які праводзіць расшыфроўку. Ён вельмі запатрабаваны на пярвічным этапе дыягностыкі сардэчна-сасудзістых паталогій, – расказвае загадчык Астрынскай бальніцы. – Да таго ж мы на месцы можам праводзіць біяхімічныя даследаванні. Радуе, што нам удалося палепшыць дэмаграфічныя паказчыкі ў параўнанні з 2016 годам: у нас зменшана агульная смяротнасць і смяротнасць у працаздольным узросце.
Астрынская гарадская бальніца – абслугоўвае 3125 чалавек. На ўрачэбным участку – 595 дзяцей і палеткаў да 18 гадоў, працаздольнага насельніцтва – 1370, а людзей пенсіённага ўзросту – 1160 чалавек.
Астрынскім ўрачам даводзіцца быць сапраўднымі ўніверсаламі. Па дапамогу і парады да іх спяшаюцца не толькі жыхары пасёлка, але і суседніх вёсак.
У 2017 годзе ўсеагульную дыспансерызацыю прайшлі – 94% насельніцтва. За мінулы год палепшылі сваё здароўе ў стацыянары – 955 чалавек, у стацыянары пры паліклініцы – 315 пацыентаў, на даму – 67.
Бальніца разлічана на 30 ложкаў. Да таго ж ёсць 15 ложкаў дзённага стацыянара пры паліклініцы і 5 ложкаў стацыянара на даму.
Галоўнае багацце бальніцы – людзі. Не адзін год прысвяцілі служэнню медыцыне сямейныя дынастыі – В.А. і Г.І. Ушкевічы, Ю.Я. і А.І. Грабавіковы, В.В. Копчык і Т.Д. Пласкевіч. Аддана працуюць Н.А. Шэршань, А.І. Бахар, Т.М. Антановіч, Г.У. Каспер, А.Р. Шэйпак, А.І. Палуян, А.К. Балтрукевіч, С.В. Шалтанюк, А.І. Каранкевіч, Н.М. Няфёдава, А.М. Слапік, Л.А. Сало, Н.В. Гук і іншыя. Слоў удзячнасці заслугоўвае праца фельчарскай брыгады хуткай дапамогі.
Побач з прафесіяналамі вопыту набіраецца новае пакаленне. У медыцынскую сям’ю нядаўна прыйшлі медсястра паліклінікі Дар’я Дзекевіч і фельчар хуткай дапамогі Кацярына Лытнева. Маладым спецыялістам дапамагаюць асвоіцца ў прафесіі вопытныя медработнікі, якія, дарэчы, не спыняюцца на дасягнутым, павышаюць кваліфікацыю.
Калектыў бальніцы і працуе, і адпачывае з душой. Прафсаюзны лідар разам з актывістамі арганізоўваюць экскурсійныя паездкі і разнастайныя святы. Не застаюцца без увагі і ветэраны працы.
У астрынскіх медыкаў ёсць свае традыцыі. Адна з іх – кожны дзень быць на варце здароўя сваіх землякоў.
Ганна КАСПЕР. Фота аўтара.