“Купалінка” сабрала сяброў
Каманда Шчучынскага раёна дастойна выступіла на міжнародным злёце маладых інвалідаў ГА “БелТІ” ў г. Гродна
“Разам мы мацней” – такую назву меў гэты злёт, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі не толькі з рэгіёнаў нашай рэспублікі, але і суседніх краін – Літвы і Польшчы. Арганізатары – Гродзенская АА ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” і ўпраўленне спорту і турызму аблвыканкама – пастараліся зрабіць так, каб гэтыя тры дні ў маляўнічым месцы Прынеманскага краю – урочышчы Пышкі – запомніліся цікавымі сустрэчамі, карысным абменам вопытам і насычанымі спартыўнымі баталіямі.
У склад шчучынскай каманды ўваходзілі Андрэй Каханоўскі, Дзмітрый Салей, Іван Арабчык, Наталля Руткоўская і Алена Болтак – надзвычай актыўныя і пазітыўныя маладыя людзі.
– Кожны з іх – яркая асоба, чалавек з ярка акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй, – сцвярджае старшыня раённай арганізацыі БелТІ Рэгіна Адольфаўна Сарока, якая суправаджала рабят у вандроўцы. – Да ўсяго на мэце гэтага карыснага мерапрыемства было абмяняцца досведам у арганізацыі работы з маладымі інвалідамі, каб як мага больш прыцягваць іх да актыўнага жыцця ў грамадстве, рабіць так, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі абавязкова атрымлівалі новыя веды і навыкі.
Трэба сказаць, што кожны з членаў нашай каманды стараўся праявіць сябе, з усіх сіл змагаўся, каб прынесці ачкі сваёй дружыне. Дартс, настольны тэніс, гарадкі, армрэслінг, боулінг і многае іншае – усё было па плячы нашым спартсменам. Дзіма Салейка імкнуўся паказаць фігуры “вышэйшага пілатажу” на … інваліднай калясцы, а Андрэй Кахновіч усіх здзівіў сваім майстэрствам на шашачнай дошцы. Ён стаў абсалютным пераможцам у асабістым першынстве і быў узнагароджан дыпломам і прызам.
Але справа нават не ў перамогах на мерапрыемстве, дзе заўжды перамагае дружба. Злёт падарыў цудоўны адпачынак і веру ў свае магчымасці. “Калі мы разам, нам многае па сілах!” – перакананы ўсе ўдзельнікі гэтай цёплай спартыўнай сустрэчы.
Таццяна ВАЛЯНЦІНАВА.