“Родам я з “Сваецкай вёскі”… З нагоды 85-годдзя Шчучынскай раённай газеты самы час падзяліцца ўспамінамі
Газету нельга ўявіць без самага галоўнага сябра і карэспандэнта – чытача. Мая больш чым 45-гадовая праца ў СМІ пачалася менавіта з аддзела пісьмаў Шчучынскай раённай газеты “Савецкая вёска”, які напрыканцы 70-х ўзначальвала на дзіва добразычлівая і таленавітая жанчына, сапраўдны майстар слова Алена Лагуновіч.
Яе нарысамі зачытваўся ўвесь раён, людзі адкрывалі ёй свае сэрцы і самыя патаемныя думкі, прыходзілі ў рэдакцыю за парадай і дапамогай. Нікому ні разу не адмовіла наша Алена Сцяпанаўна, якую вызначала і вызначае заўсёдная дабрыня і шчодрасць душы, мудрасць і эрудыцыя, агромністая любоў да людзей і неверагодны аптымізм, цесна пераплецены з адмысловым пачуццём гумару. Бадай, з аўтарытэту такіх людзей і складваўся аўтарытэт газеты. Вось якая была ў мяне першая настаўніца ў прафесіі!
Мы і сёння на сувязі з Аленай Сцяпанаўнай. Размяняўшы дзявяты дзясятак, яна жыве ў Гомелі, гэтак жа звонка смяецца, калі чуе ў тэлефоннай трубцы знаёмы голас, чытае мне свае новыя вершы, некаторыя з якіх пакладзены на музыку і сталі пранікнёнымі песнямі. А.С. Лагуновіч падтрымлівае цесныя сувязі не толькі з калегамі з абласной газеты “Гомельская праўда”, дзе працавала пасля пераезду са Шчучына на сваю малую радзіму, але і з нашай рэдакцыяй. У свой час прыязджала з дачкой-журналісткай на святы-юбілеі раёнкі, цікавіцца і зараз, якія тэмы асвятляем, пра якіх людзей пішам, а іншы раз просіць даслаць ёй газетны нумар “з водарам Шчучына”, бо гэта яе натхняе.
У тыя ж незабыўныя 70-я працавала ў нашай раённай газеце яшчэ адна ўнікальная асоба – Марыя Шаўчонак. Паэтэса, аўтарка эсэ і нарысаў аб творчых людзях Шчучыншчыны, цікавы чалавек і суразмоўца – не дзіва, што Марыю Сіланцьеўну “забралі” ў Гродна на тэлебачанне. Мы ўсім калектывам сачылі за яе тэлекар’ерай, заўсёды глядзелі падрыхтаваныя “нашай Марыяй” літаратурныя перадачы, стараліся не прапусціць выхаду яе новых паэтычных зборнікаў. Упэўнена, што і сёння, жывучы ў Гродне, Марыя Шаўчонак не забывае шчучынскую старонку свайго жыцця, бо была яна яркай, адметнай і надзвычай стваральнай. Пра тое сведчаць падшыўкі газет “Савецкай вёскі”, што захоўваюцца на музейных стэлажах сённяшняй рэдакцыі “Дзянніцы”, дарэчы, якраз у тым памяшканні, дзе было рабочае месца М.С. Шаўчонак. І як тут не ўзгадаць сакральнае: напісанае – застаецца…
Ніколі не забуду сваіх калег, якіх, на вялікі жаль, сёння ўжо няма ў зямным жыцці. Але іх палымянае слова, іх думкі і пачуцці “завёрстаны” на старонках выдання, якому яны прысвяцілі свае лепшыя гады. Наш любімы рэдактар – мудры, чалавечны -- Абрам Данілавіч Змудзяк, ягоны намеснік Уладзімір Іосіфавіч Царэвіч – добразычлівы, гумарны, але сур’ёзны і прынцыповы, калі таго патрабавала работа, Мікалай Валяр’янавіч Сасноўскі – самы “грозны і адказны” з усіх адказных сакратароў, як мы любілі яго характарызаваць… Дарэчы, Сасноўскі таксама шмат увагі ўдзяляў пачаткоўцам, і бы рэнтгенам, сваім зоркім вокам, прагледзеўшы аўтарскі матэрыял, бескампрамісна вызначаў, з каго “будзе толк, а з каго не…” Удзячна лёсу, што працавала побач з такімі добрымі, душэўнымі людзьмі, як фотакарэспандэнт Сцяпан Яхімчык, журналісты Мікалай Свёкла, Раман Баброўскі, Васіль Юрэвіч, карэктар Лідзія Сасноўская. Светлая ім памяць…
Свой адметны ўклад у развіццё газеты ўнёс Канстанцін Аляксандравіч Клебан. Ён узначаліў нашу раёнку ў першай палове 80-х, а пазней, у бурлівым 1992-м, падчас ягонага рэдактарства “Савецкая вёска” змяніла назву на новую, больш сугучную плыні нацыянальнага адраджэння -- “Дзянніца”. Вось у гэту пару, лічу, з поўнай сілай расквітнеў талент маіх каляжанак – журналістаў па прызванні Алы Бібікавай, Таццяны Палубятка, Алы Фядотавай. Кожная з іх менавіта тут, у шчучынскай раёнцы, станавілася на крыло, набывала свой адметны стыль, фарміравалася як шматгранная і яркая асоба. З газетных публікацый кожнай з гэтых аўтарак можна было б скласці цэлую кнігу, галоўныя героі якой – нашы землякі, людзі з цікавінкай, са сваім унікальным лёсам.
А вось у былога намесніка рэдактара нашай газеты Івана Рыгоравіча Пяшко такія кнігі ўжо ёсць: ён не толькі публіцыст, але і пісьменнік. Падчас работы ў рэдакцыі “Дзянніцы” бескампрамісна браўся за крытычныя матэрыялы, асвятляў тэмы савецкага будаўніцтва і партыйнага жыцця, пісаў аб славутых людзях Шчучыншчыны.
Большасць тых, з кім мне давялося працаваць у сродках масавай інфармацыі за гэтыя 45 год, сёння ў статусе ветэранаў працы. Хуткаплынны наш час. Як кажа мая любая настаўніца па прафесіі: “Пасівелі мае бярозы…” Але радуе, што сёння у нас ёсць каму перадаць накоплены вопыт. Новая плеяда журналістаў Шчучыншчыны таксама ярка і годна заяўляе пра сябе. Іх імёны чытачы сустракаюць як на старонках “Дзянніцы”, так і іншых газет, уключаючы “Беларусь сёння”. Колькі іх, добрых і шчырых людзей, хто меў, мае і, спадзяёмся, яшчэ доўга будзе мець дачыненне да нашай з вамі “Дзянніцы”! Кожны з іх унёс свой важкі ўклад.
Калі спытаеце, што значыць для мяне родная раёнка, адкажу: гэта – поле ў самым добрым і шырокім сэнсе. Поле, якое мне разам з іншымі супрацоўнікамі, калегамі, выпала засяваць. Я хацела б, каб гэта “сяўба” не была дарэмнай, каб нашы словы прарасталі ў душах чытачоў прыгожымі ўсходамі, каб яны клікалі жыхароў Шчучыншчыны толькі на добрыя справы.
Усіх-усіх, сябры, з вялікім святам – 85-годдзем роднай газеты!
Таццяна СТУПАКЕВІЧ, член Беларускага саюза журналістаў, выдатнік друку.