Аб чым пісала раёнка 50 гадоў назад: новая бальніца, шчучынскі трыкатаж і першы турзлёт

“Сцяг працы”, “Чырвоны сцяг”, “Савецкая вёска”, “Дзянніца” - чатыры назвы аднаго выдання. Восем дзясяткаў гадоў раённая газета была і застаецца важнай крыніцай інфармацыі для шчучынцаў. Яна бліжэй да чытача, не шукае сенсацый і не гоніцца за модай, а проста асвятляе падзеі ў раёне і рэспубліцы, распавядае пра людзей, якія жывуць на роднай зямлі.

 

Сёння разам з чытачамі мы адправімся ў невялікае падарожжа ў 1970-ы год, каб даведацца, пра што пісалі на старонках раёнкі савецкія карэспандэнты, работнікі саўгасаў, настаўнікі, сакратары партарганізацый і камсамольскія лідары. Перадавіцы тых гадоў заўсёды вызначаліся яркімі лозунгамі, зваротамі і заклікамі, а працаўнікі вёскі не баяліся крытыкаваць уладу і нядобрасумленных суседзяў.

 

Газета “Савецкая вёска”, 1970 год

 

 

На доўгія гады

 

Вялікія задачы стаяць перад ПМК-26 сёлета. Будаўнікам прадстаіць узвесці два дамы на 56 кватэр кожны, прыступіць да будаўніцтва 90-кватэрнага дома, дзіцячага сада на 280 месц, універсальнай базы райспажыўсаюза, школы на 980 месц у Шчучыне і многіх іншых аб’ектаў.

 

Для сельскай гаспадыні

 

Тэлевізар, радыёла, матацыкл ужо не рэдкасць і не навінка ў вёсках нашых калгасаў. У быт хлебаробаў уваходзяць і газавыя пліткі. Для сельскай гаспадыні гэта вялікая палёгка. Газіфікацыя працягваецца.

 

Шчучынскі трыкатаж

 

Нядаўна ўступіў у строй трыкатажны цэх, які размясціўся ў трохпавярховым будынку былога млына па вуліцы Гастэлы ў Шчучыне. Сёлета трыкатажны цэх быткамбіната значна расшырыў свае вытворчыя магутнасці. Цяпер тут устаноўлена замест трох дзеючых раней шэсць ручных вязальных машын тыпу “Кашубка” і адна “Меда”, а таксама шэсць плоскафангавых машын на электрапрывадзе. За дзве рабочыя змены цэх можа выпусціць больш трыццаці прыгожых шарсцяных вырабаў.

 

Нашы госці – артысты Туркменіі

 

Нядаўна гасцямі Шчучына былі майстры мастацтваў Туркменістана – народныя артысты СССР Майі Куліева, Анагуль Анакуліева, і заслужаная артыстка РСФСР М. Труеўцова. Яны далі цікавы канцэрт, у праграме якога былі арыі з опер, песні рускіх і савецкіх кампазітараў. Прадстаўнікі сонечнай Туркменіі падарылі не толькі добры настрой, але сваё сяброўства і дружбу.

 

 

Упершыню ў Шчучыне

 

Не прайшло і года з таго часу, як пры раённым Доме культуры створана балетная студыя, якой кіруе выпускніца Гродзенскага культасветвучылішча Ванда Лянцэвіч. За гэты час навучэнцы студыі асвоілі некаторыя элементы, развучылі прасцейшыя танцы.

 

Хвала рукам працавітым!

 

 

Вынікі першага этапа конкурсу механізатараў былі падведзены ў Шчучыне. За глыбокія тэарэтычныя веды агратэхнікі, умелы рамонт і рэгуліроўку, узорны стан трактароў і сельскагаспадарчых машын першае месца з уручэннем Пераходнага кубка, Ганаровай граматы, бясплатнай пуцёўкі ў дом адпачынку і грашовай прэміі ў суме 40 рублёў, а таксама распараджэння райвыканкама на права набыць без чаргі матацыкл з каляскай прысуджана трактарысту першага класа каслгаса імя Някрасава Канстанціну Адамчыку.

 

Наш рабочы ўклад

 

Да сёлетняга юбілейнага камуністычнага суботніка калектыў завода Аўтапровад пачаў падрыхтоўку з самага пачатку года. Калектыў цэха аўтатрактарных камплектаў сёння за змену абавязаўся з сэканомленых матэрыялаў выпусціць 60 кіламетраў камплектаў электрааснасткі для аўтамабіляў і трактароў, цэх мантажных правадоў – 120 кіламетраў аўтамабільных і 100 кіламетраў мантажных правадоў, цэх шырспажыву – на 1000 рублёў розных вырабаў з адходаў вытворчасці. У камуністычным суботніку прыме ўдзел звыш 800 рабочых, інжынерна-тэхнічных работнікаў і служачых завода.

 

Святкаванне Дня Перамогі

 

Працоўныя раёна шырока адзначылі 25-годдзе з Дня Перамогі над фашысцкай Германіяй. Адбыліся ўрачыстасці і ў райцэнтры. Ля помніка, устаноўленага на брацкай магіле воінаў, якія склалі свае голавы пры вызваленні Шчучына, адбыўся мітынг працоўных. Затым адбылося ўрачыстае пасяджэнне. З дакладам аб 25-годдзі Вялікай Перамогі выступіў У.І. Кабякоў. У заключэнне ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці далі канцэрт.

 

Новая бальніца ў Астрыне

 

З кожным годам у раёне расшыраецца сетка медыцынскіх лячэбных устаноў. У г.п. Астрына бальніца некалькі год размяшчалася ў сялянскай хаце. Тут працавала ўсяго 2 урачы і 5 работнікаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй. У цяперашні час пасялковая бальніца размяшчаецца ў тыпавым памяшканні, абсталявана навейшымі лячэбнымі сродкамі. Хворых абслугоўваюць 14 урачоў і 62 работнікі з сярэдняй медыцынскай адукацыяй.

 

Першы раённы турыстычны

 

Адным з мерапрыемстваў, прысвечаных 50-годдзю ЛКСМ Беларусі, быў праведзены нядаўна на беразе сівога Нёмана ва ўрочышчы Забор’е двухдзённы злёт камсамольцаў і моладзі раёна. Такі злёт праводзіўся ўпершыню, а таму выклікаў вялікую цікавасць. У першым этапе спаборніцтва на першае месца выйшла каманда завода “Аўтапровад”, якая набрала найбольшую колькасць балаў. Лепшымі на арыентыроўцы на мясцовасці сталі члены каманды Жалудоцкага рамонтнага завода.

 

Гэта вырабляецца ў Новым двары

 

Набываючы ў магазінах мятныя цукеркі, пладова-ягадныя кісялі, розныя сокі, прыгатаваную гарчыцу, пакупнікі не задумваюцца, дзе гэта прадукцыя вырабляецца. А на самой справе ўся прадукцыя вырабляецца ў харчовым цэху Гродзенскага кансервавага завода, які знаходзіцца ў Новым Двары. Калектыў цэха невялікі – усяго 34 чалавекі. Вялікую колькасць кісялю, соку, цукерак цэх накіроўвае ў Літву, Латвію і на поўнач нашай краіны.

 

Тэлефанізуюцца вёскі

 

 

Шмат часу марнавалася ў насельніцтва Нарашанскага сельсавета, каб дабрацца да тэлефона. Яны меліся толькі ў сельсавеце, паштовых аддзяленнях, праўленнях калгасаў. Нядаўна закончана тэлефанізацыя калгаса імя Някрасава. Цяпер тэлефонная сувязь маецца з усімі населенымі пунктамі калгаса, з фермамі, школамі і іншымі арганізацыямі.

 

Памятны дзень

 

На ўрачыстую лінейку, якая адбылася 1 верасня ў Астрынскай сярэдняй школе, выстраіліся звыш васьмісот дзяўчынак і хлопчыкаў. Дырэктар школы павіншавала рабят з новым навучальным годам. Сёлета вучні будуць атрымліваць смачныя гарачыя абеды ў новай сталовай. Сорак навучэнцаў з аддаленых вёсак будуць жыць у школьным інтэрнаце.

 

 

Новая вёска

 

Новую вуліцу ў вёсцы Кобраўцы засялілі былыя хутаране, якія з дапамогай калгаса перасяліліся на новае месца жыхарства. Замест старых пакасіўшыхся хацін, пабудаваных яшчэ ў дарэвалюцыйны час, яны пабудавалі сабе дабротныя цагляныя дамы з надворнымі пабудовамі. У кожным доме радыё, тэлевізар, дарагая мэбля.

 

Мовай лічбаў

 

У калгасах і саўгасах раёна налічваецца 800 трактароў, 285 збожжаўборачных камбайнаў, 416 аўтамабіляў. Усе гаспадаркі электрыфікаваны. Яны выкарыстоўваюць для сваіх патрэб каля 2000 электраматораў агульнай магутнасцю 10 тысяч кілават. Зараз працуе ў сельскагаспадарчай вытворчасці звыш 700 спецыялістаў, у тым ліку 8 кандыдатаў навук.

Сяргей КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!