Работа над памылкамі ў сельскай гаспадарцы. На базе Шчучынскага раёна прайшоў абласны семінар-нарада

 

Сёння на базе Шчучынскага раёна адбыўся абласны семінар-нарада “Навядзенне парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах у арганізацыях Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў”. Мерапрыемства сабрала прадстаўнікоў абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, а таксама начальнікаў упраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання з усёй вобласці.

 

Кіраваў нарадай першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валяваты, ён адзначыў высокую эфектыўнасць такіх мерапрыемстваў:

 

Я бачу, што ёсць добрая тэндэнцыя і плён ад падобных семінараў. Як бы на нас ні крыўдзіліся, але кантроль тых недахопаў, якія выяўляліся ў выніку маніторынгаў жывёлаводства і раслінаводства, ажыццяўляецца рэгулярна. Адзначу, што рэакцыя на такія заўвагі нармальная і праблемы вырашаюцца. Зразумела, каб усё выправіць, патрэбны час, але я бачу станоўчыя тэндэнцыі ў гэтым кірунку. Калі нешта можна змяніць у рамках дадзенага фармату, то я чакаю прапаноў ад вас, калегі. Хоць маніторынг займае шмат часу ў спецыялістаў абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, але разам з тым такія метады дазваляюць выявіць недахопы, якія потым можна сумесна абмеркаваць і эфектыўна вырашыць.

 

Падчас пленарнага пасяджэння ўдзельнікі разглядаліся пытанні вядзення бухгалтарскага ўліку і налічэння заработнай платы ў арганізацыях Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў, навядзення парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах. Не абмінулі ўвагай удзельнікі семінара і пытанні механізацыі, а таксама абмеркавалі зводны план мерапрыемстваў па зносе непрыдатных будынкаў у гаспадарках Гродзенскай вобласці на 2023 год.

 

Карысным для прысутных быў досвед выпраўлення недахопаў па вышэйпералічаных пытаннях на прыкладзе сельгаспрадпрыемстваў Лідчыны і Воранаўшчыны.

 

Напрыканцы пленарнага пасяджэння шэраг начальнікаў ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання, а таксама кіраўнікі гаспадарак Шчучынскага і Мастоўскага раёнаў выступілі з дакладамі.

 

 

Далей, падчас практычнай часткі, удзельнікі семінара наведалі сельскагаспадарчыя арганізацыі Шчучыншчыны, сярод якіх былі Шчучынскі філіял РСУП “Гродзенскае племпрадпрыемства” і РУНП “Гродзенскі занальны інстытут раслінаводства”.

 

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!