Пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў першым паўгоддзі бягучага года абмеркавалі на чарговым пасяджэнні райвыканкама

 

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шчучынскага раёна і выкананне бюджэту за першае паўгоддзе бягучага года сталі асноўнай тэмай для разгляду на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

 

Выступаючы з дакладам, намеснік старшыні райвыканкама Міхаіл Сушчэўскі адзначыў, што за студзень-чэрвень бягучага года сукупныя паступленні даходаў у бюджэт Шчучынскага раёна склалі 116,9% пры прагнозе на год 102,9%. Дзякуючы стабільнай рабоце працоўных калектываў раёна сярэднямесячная намінальная заработная плата склала 1214 рублёў, тэмп росту -- 115,1% пры даведзеным заданні 109,7%. Выкананы паказчык па  рознічным тавараабароце. За кошт стварэння новых вытворчасцей і прадпрыемстваў працаўладкаваны 44 чалавекі.

 

 

Абарот знешняга гандлю таварамі склаў 47,1 млн долараў ЗША, што на 110,3% вышэй за ўзровень мінулага года. Забяспечана ўстойлівае станоўчае сальда знешняга гандлю ў суме 12,1 млн долараў ЗША. Прадукцыя экспартавалася на рынкі 23 краін свету.

 

Міхаіл Вітольдавіч таксама звярнуў увагу, што не ўсе намечаныя планы ўдалося ажыццявіць. Індэкс фізічнага аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаў 100,4% пры заданні 101,1%. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 57,8% пры даведзеным заданні 100,5%. Не забяспечана выкананне паказчыкаў груза- і пасажыраабароту.

 

Першы намеснік старшыні -- начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Ігар Аверка праінфармаваў аб выніках работы сельскагаспадарчай галіны рэгіёна. У першым паўгоддзі тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 91,4% пры даведзеным заданні 100,7%.

 

Па выніках шасці месяцаў прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу раёна атрымалі выручку ад рэалізацыі прадукцыі на суму 149,7 млн рублёў, што вышэй за ўзровень мінулага года на 12,6 млн. Чысты прыбытак павялічыўся на 1,2 млн рублёў і склаў 8,5 млн рублёў.

 

 

У раёне завершана ўборка збожжавых і зернебабовых культур. У бункернай вазе намалочана звыш 120 тысяч тон, ураджайнасць склала 57,5 ​​ц/га. Працягваецца нарыхтоўка травяных кармоў. На адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы нарыхтавана 15,3 цэнтнера кармавых адзінак, што на 0,1 цэнтнера больш, чым летась.

 

Старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі акцэнтаваў увагу на павышэнні валавой вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Кіраўнікам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна ўказана на шэраг недапрацовак і паказчыкі, якія неабходна выканаць да канца года. Гэта датычыцца вытворчасці ялавічыны, павелічэння таварнасці і якасці малака, прадуктыўнасці дойнага статка, выканання плана па аднаўленні пагалоўя БРЖ, якасці нарыхтоўкі кармоў. Пытанне захаванасці буйной рагатай жывёлы пастаўлена на асабісты кантроль. У цэнтры ўвагі -- якаснае правядзенне сяўбы азімых культур.

 

Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шкіндзераў прааналізаваў работу будаўнічага сектара раёна.  План па будаўніцтве жылля ў раёне на бягучы год складае 6500 кв.м, па выніках студзеня-чэрвеня ўведзена ў эксплуатацыю 2129 кв.м жылля, або 32,8% гадавога задання. Заданне на паўгоддзе па капрамонце жылых дамоў выканана і склала 1,8 тыс. кв.м. У першым паўгоддзі выканана будаўніча-мантажных работ на суму 11,2 млн рублёў, выкананне склала 56,2%. Працягваецца будаўніцтва 20-кватэрнага жылога дома па вуліцы Заводскай, капрамонт жыллёвага фонду, замена 6,1 км цеплавых сетак. Будаўнікі раёна будуць весці таксама работы на будаўніцтве і мадэрнізацыі аб'ектаў аграпрамысловага комплексу.

 

Падчас пасяджэння ўвага была звернута на неабходнасць актывізаваць работу па ўключэнні ў гаспадарчы абарот аб'ектаў нерухомай маёмасці, якія не выкарыстоўваюцца, скарачэнні аб’ектаў незавершанага будаўніцтва, безумоўным выкананні задання па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў, падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона.

 

-- Паказчыкі асобных прадпрыемстваў не вельмі радуюць, -- адзначыў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. -- Моцная эканоміка -- гэта стабільнасць нашага грамадства, а асноўная мэта гэтага года -- утрымаць пазіцыі, якія маем, спрацаваць не ніжэй за ўзровень мінулага года. Так, сёння ёсць праблемныя моманты, ёсць аб'ектыўныя прычыны, якія ўплываюць на эканамічныя паказчыкі. Падчас санкцыйнай палітыкі трэба быць максімальна гнуткімі. Таму кіраўнікам раёна важна аналізаваць лічбы і існуючую сітуацыю, дэталёва прапрацоўваць дадатковыя рэзервы і прагназаваць канчатковы вынік. І памятайце, што за кожным з вас стаяць калектывы, людзі. Самае галоўнае -- забяспечыць занятасць людзей і дастойны ўзровень жыцця грамадзян. Па выніках 9 месяцаў работы многім кіраўнікам будзе дадзена прынцыповая ацэнка.

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!