Чэслаў Немэн: імя, што яднае народы. На малой радзіме вядомага музыканта шырока адзначылі ягоны Дзень нараджэння

Землякі і шматлікія госці шырока адзначылі 81-ю гадавіну з дня народзінаў Чэслава Немэна і дзесяцігоддзе заснавання клуба-музея знакамітага рок-музыканта

 

Адзначаць не толькі юбілеі, але і дні народзінаў славутага земляка стала для васілішкаўцаў добрай традыцыяй. У нядзелю, 16 лютага, да дома Выджыцкіх ў Старыя Васілішкі, дзе на працягу 19 год жыў з бацькамі будучы кампазітар і папулярны спявак, пад’язджалі ўсё новыя і новыя машыны ды аўтобусы. Турысты з Варшавы і Мінска, сябры клуба-музея з кагорты творчай сталічнай інтэлігенцыі, ганаровыя госці, мясцовыя жыхары і прыхільнікі творчасці рок-музыканта з цікаўнасцю аглядалі сціплы сялянскі дамок, які ў гэтыя дні прыкметна “памаладзеў”, змяніўшы стары шыфер на каларытны (пад даўніну!) гонтавы дах.

 

 

 – Сродкі на гэтыя мэты – 26 тысяч еўра – выдзеліў музею польскі інстытут “Палоніка”, каб вярнуць сядзібе яе першапачатковы выгляд, – гаворыць намеснік Генеральнага пасла Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі. – Мы вельмі задаволены вынікамі работ. З няпростай задачай выдатна справілася шчучынская будаўнічая кампанія “СаланСтройОпт”. Мы спадзяемся, што гэта не апошні сумесны праект з “Палонікай”. Чэслаў Немэн яднае нашы народы, яго жыццё і творчасць служаць надзейным мостам дружбы між намі.
Раздзяліць радасць урачыстасці прыехала і прадстаўнік польскага культуралагічнага інстытута Марта Шафранэк:

 

 – Я ўпершыню ў Старых Васілішках і мяне вельмі ўражвае аўра гэтага дома, адкрытасць і гасціннасць тутэйшых людзей. Упэўнена, што турысты не засумуюць у гэтых мясцінах, і мы з задавальненнем будзем накіроўваць сюды аматараў падарожжаў і прыхільнікаў творчасці Чэслава Немэна.

 

 

 

Сапраўды, паток гасцей у Старыя Васілішкі пастаянна расце. Не толькі Беларусь, але і Польшча, Літва, Латвія, Расія, ЗША, Англія, Нідэрланды і нават Камерун – не пералічыць усіх краін, адкуль прыязджаюць сюды тыя, хто хоча як мага больш даведацца пра таленавітага музыканта, чый свабодалюбівы спеў названы голасам ХХ стагоддзя.

 

 

 

 – У нас на стале ўжо шостая Кніга водгукаў, на старонках якой запісы нават … кітайскімі іерогліфамі. Толькі за 2019 год гэты дом наведалі 10 тысяч турыстаў! – канстатаваў падчас сваёй натхнёна-узнёслай экскурсіі Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта – чалавек, які стаяў ля вытокаў стварэння музея і настолькі пранікся духам гэтага дома ды гісторыяй радаводу Выджыцкіх, што, здаецца, ведае ўсе сямейныя тайны, знакавыя даты і, безумоўна, творчасць свайго куміра.

 

 

 

Пасля экскурсіі госці накіраваліся ў храм Пятра і Паўла – адзін з найпрыгажэйшых на Беларусі. Тут у касцельным хоры калісь спяваў Чэсік Выджыцкі, тут яго бацька іншы раз падмяняў арганіста, а пры паломцы інструмента адмыслова рамантаваў старадаўні арган, які не так даўно – адрэстаўрыраваным! – зноў вярнуўся ў храм. У касцёле адбылася не толькі імша, але і канцэрт народнага ансамбля духоўных спеваў “Преображение” Шчучынскага РЦКіНТ.

 

Затым свята перанеслася ў цэнтр культуры аграгарадка Васілішкі, дзе адразу ў фае ўвагу прыцягвала выстава малюнкаў і фотаработ “Яго жыццё – музыка”. У канцэртнай зале – людзі сталага веку, многія з якіх добра памятаюць Чэслава Выджыцкага, і моладзь, для якой сцэнічнае імя земляка – Чэслаў Немэн – стала крылатай легендай.

 

 

 

 На сцэну запрашаюць ганаровых гасцей. Намеснік старшыні райвыканкама А.В. Пасюта шчыра вітае прысутнах, выказвае словы ўдзячнасці пасольству Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь, Гродзенскаму консульству і інстытуту “Палоніка” за падтрымку клуба-музея Чэслава Немэна.

 

 – Гэты чалавек змог з’яднаць нас на адзіныя мэты і задачы. Мы ганарымся яго творчасцю. А тое, як Чэслаў Немэн адносіўся да сваёй малой радзімы, да сваіх землякоў, з’яўляецца прыкладам сапраўднага патрыятызму, – лічыць Алена Васільеўна.

 

У сваіх выступленнях намеснік Генеральнага пасла Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі і консул Анджэй Рачкоўскі падкрэслілі, што мінулы год быў вельмі плённым: пабачыў свет новы фотаальбом “Чэслаў Немэн”, у Гродне адкрыта мемарыяльная Дошка ў памяць пра польска-беларускага музыканта, а цяпер вось рэалізаваны чарговы праект, і клуб-музей радуе сваім новым абліччам.

 

Аўтар фільма пра Чэслава Немэна, журналіст і рэжысёр Вера Юр’еўна Савіна ўзгадала, як 10 год таму дзякуючы агульным намаганням у Старых Васілішках з’явіўся музей і як ён напаўняўся экспанатамі. Сёння творчая ініцыятыва мае сваё развіццё, а клуб-музей згуртоўвае вакол сябе людзей добрай волі, як і жадаў таго музыкант у сваім сусветна вядомым творы.

 

 Журналіст Вячаслаў Ракіцкі захоплена расказаў, як напачатку 80-х пазнаёміўся з Чэславам Немэнам падчас гастроляў таго ў Мінску, як правёў з артыстам два незабыўныя дні, а філасофскія гутаркі тыя выліліся ў … адзінае з надрукаваных у беларускай прэсе інтэрв’ю, што выйшла на старонках газеты “Чырвоная змена”: зараз гэта публікацыя перададзена ў клуб-музей.

 

 

 

Цудоўным падарункам для ўсіх, хто прыйшоў на гэта свята, былі выступленні народнага хору польскай песні “Промень” Шчучынскага ЦКіНТ і народнага ансамбля народнай песні “Сябрына” Жалудоцкага Дома культуры. А завяршыла праграму юная спявачка з Васілішак Дар’я Васілеўская, бадай, самай знакамітай кампазіцыяй Чэслава Немэна “Дзіўны гэты свет”… Так, наш зямляк і праз дзесяцігоддзі не перастае здзіўляць нас сілай свайго таленту і харызмай сваёй неардынарнай асобы.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!