Народны ансамбль духоўных спеваў “Преображение” стаў лаўрэатам ХV між’епархіяльнага фестывалю-конкурсу ў Лідзе
Народны ансамбль духоўных спеваў “Преображение” Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ўпершыню прыняў ўдзел у Між’епархіяльным фестывалі-конкурсе “Слава ў вышніх Богу” і … адразу поспех!
Форум праваслаўных спеваў у пятнаццаты раз праходзіў у горадзе Ліда. Сюды, у раённы Дом культуры, з’ехаліся больш за 20 царкоўных і свецкіх хораў, каб прадэманстраваць хараство духоўнай музыкі.
Да пачатку выступлення і агульнай малітвы гасцей паклікалі царкоўныя званы. А затым разгарнулася прыгожае духоўнае свята.
– Наш калектыў выканаў два творы – “Благаславі, душэ мая, Госпада” А.Кісялёва і калядкі Я.Якімцава “Прачыстая Дзева”, – распавядае Алена Анатольеўна Руткевіч, кіраўнік ансамбля “Преображение”. – Прыемна было адчуць нейкую неверагодна акрыленую і добразычлівую атмасферу фестывалю, пачуць добрыя водгукі ад калег і нават прафесіянальных кампазітараў. Высока ацаніла нашу творчасць і журы. З рук епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя мы атрымалі лаўрэацкі дыплом І ступені і каштоўны падарунак – прыгожую крыштальную вазу з лагатыпам фестывалю.
Алена Анатольеўна, якая працуе дырэктарам Астрынскай школы мастацтваў, вельмі цёпла расказвала пра ўдзельнікаў свайго калектыву – людзей розных прафесій, аб’яднаных творчасцю – надзвычай таленавітых, захопленых непадробным мастацтвам энтузіястаў, якія знаходзяць час рэгулярна збірацца на рэпетыцыі, настойліва адшліфоўваць сваё майстэрства, развіваюць новыя напрамкі.
Творчасць народнага ансамбля духоўных спеваў “Преображение” – сапраўднае упрыгожанне любога свята. А зараз калектыў падаў заяўку на ўдзел у Х міжнародным фестывалі-конкурсе “Паўночнае Белькантэ”, што пройдзе ў Санкт-Пецярбургу 27-29 чэрвеня.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.