Суседзі сабраліся разам: як прайшоў фальклорны фестываль у Дэмбраве

На пляцоўцы каля Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору адбыўся чарговы фестываль народнай творчасці «Паміж намі, суседзямі». Мерапрыемства стала не проста конкурсам, а добрай нагодай сустрэцца, пагутарыць і ўспомніць традыцыі, якія спрадвеку аб’ядноўваюць жыхароў розных вёсак у адну вялікую сям’ю.
На свяце прысутнічалі ганаровыя госці: загадчык сектара культуры райвыканкама Анжэла Турэвіч і старшыня Дэмбраўскага сельвыканкама Міхаіл Жогла. Менавіта яны прывіталі фестываль цёплымі словамі.

– Гэта сапраўды добрая традыцыя, якая годна працягваецца на дэмбраўскай зямлі, – звярнулася да прысутных Анжэла Турэвіч. – Упэўнена, што кожны нумар будзе цікавым і яркім. Жадаю ўдзельнікам натхнення і перамог. Шчыры дзякуй арганізатарам, а таксама ААТ “Дэмбрава” і сельвыканкаму за тое, што стварылі належныя ўмовы для такога цудоўнага свята!
Міхаіл Жогла таксама павітаў гасцей на дэмбраўскай зямлі, пажадаў усім прыемнага адпачынку і шчырага задавальнення ад сапраўдных народных традыцый, якія мы павінны берагчы, шанаваць і праслаўляць.



Свята распачалося ўрачыстым шэсцем. Каманды-ўдзельніцы з васьмі сельсаветаў раёна – Астрынскага, Орлеўскага, Каменскага, Жалудоцкага, Першамайскага, Васілішкаўскага, Лядскага і, вядома ж, гаспадароў свята з Дэмбраўскага – прайшлі пад сімвалічнай аркай-ручніком. Кожны калектыў прадставіў фрагменты абрадавых этапаў беларускага вяселля. Гэта была не проста тэатралізаваная пастаноўка, а спроба ажывіць сапраўдныя звычаі: ад ціхіх і кранальных заручын да шумных і вясёлых выпрабаванняў для жаніха.

Усе нумары вызначаліся самабытнасцю і глыбокім веданнем фальклору. Артысты падышлі да справы творча: прадумалі сцэнічныя вобразы, рэквізіт і сцэнарый. Перад гледачамі прайшлі ўсе этапы вясельнага абраду. Вось сваты вядуць перамовы, вось маладых вітаюць хлебам-соллю, вось жартоўныя выпрабаванні каля брамы, а вось і "цыганы" з вяселымі выхадкамі… Асабліва ўразіла каманда Першамайскага сельсавета, якая адрадзіла абрад “брама” так жыва, што нават журы не стрымалася ад усмешак. Васілішкаўцы пакарылі публіку вясёлым нумарам з пераапранутымі “цыганамі”, выклікаўшы бурны смех і апладысменты. Завяршылі ж абрадавую праграму дэмбраўцы, якія кранулі сэрцы гледачоў шчырым рытуалам дарэння маладых, нагадаўшы пра важнасць сямейных каштоўнасцей.

Акрамя сцэнічных паказаў, госці фестывалю маглі пагуляць па тэматычных падворках. Тут дзейнічалі выстаўкі работ майстроў, працавалі гандлёвыя рады і дзіцячыя атракцыёны.

Асобны пункт праграмы – дэгустацыя страў традыцыйнай беларускай кухні. Журы ацэньвала не толькі творчыя нумары, але і тое, як гаспадары аформілі свае падворкі ў конкурсе “Лепшы гаспадар і гаспадыня”, а таксама якасць прыгатаваных нацыянальных страў. Чаго на сталах толькі не было! Смачная бабка, румяныя дранікі, апетытная кішка – усё было прыгатавана з любоўю і веданнем традыцый.

Пакуль журы ўважліва аглядала і ацэньвала падворкі, удзельнікі свята пусціліся ў пляс. І малых, і старых захапілі і аб’ядналі беларускія вясельныя танцы – полька, лявоніха і іншыя. Нават тыя, хто спачатку сарамліва назіраў збоку, не вытрымалі і далучыліся да агульнага карагоду.

Журы адзначыла ўклад кожнага калектыву, уручыўшы дыпломы і прызы ў розных намінацыях. Лаўрэатамі трэцяй ступені сталі прадстаўнікі Васілішкаўскага сельсавета, другое месца заняла каманда Першамайскага сельсавета, а ганаровае першае месца – у дэмбраўцаў, якія прымалі фестываль і здолелі стварыць сапраўдную атмасферу свята і гасціннасці.


Фота аўтара.
