Падарылі радасць перад святамі. Супрацоўнікі Шчучынскай раённай пракуратуры завіталі ў госці да дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў
На гэтым тыдні ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” супрацоўнікі пракуратуры Шчучынскага раёна наведалі дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і ўручылі ім падарункі.
Пракурор Шчучынскага раёна Алег Вялічка і яго памочнік Дзіяна Хоміч правялі сустрэчу з дзяўчынкамі Дарынай і Кацяй, якія знаходзяцца зараз пад апекай сваёй бабулі Ніны. Госці падаравалі цацкі, салодкія падарункі, а таксама павіншавалі сям’ю з надыходзячым Новым 2023 годам і Раством.
Службовыя асобы пацікавіліся справамі сястрычак, пагутарылі з імі пра вучобу і хобі. Таксама абмеркавалі з бабуляй жыццё ўнучак, іхнія патрэбы і далі парады па супрацьпажарнай бяспецы.
Дзеці і бабуля былі рады такому візіту і шчыра падзякавалі за падарункі, таксама павіншавалі супрацоўнікаў пракуратуры і запрасілі Алега Вялічку і Дзіяну Хоміч у госці яшчэ раз.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.