На Шчучыншчыне дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” стартавала з візіту ў Васілішкаўскі дом-інтэрнат. Да яго выхаванцаў з падарункамі прыехалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна
Сёння ў нашым раёне, як і ва ўсёй Беларусі, стартавала рэспубліканская дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, якая ўжо больш за чвэрць стагоддзя праходзіць пад патранажам Прэзідэнта краіны. Яе галоўная задача – акружыць цяплом і клопатам маленькіх жыхароў краіны, а ў першую чаргу выхаванцаў інтэрнатаў, дамоў сямейнага тыпу, дзетак з інваліднасцю – усіх тых, хто мае асаблівую патрэбу ў нашай увазе і міласэрнасці.
Па добрай традыцыі сёння зранку наведалі Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў Шчучыншчыны.
-- Самую добрую акцыю, якую я і сама палюбіла ўсёй душой, мы пачынаем менавіта з вашай установы, -- звярнулася да прысутных у актавай зале дзяцей і дарослых намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня Шчучынскага раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Жанна Мецько. – Няхай збудуцца ўсе вашы самыя запаветныя мары, няхай шчаслівым будзе для вас, рабяты, гэты новы год і ўвогуле ўсё ваша жыццё. Палітыка нашай сацыяльна арыентаванай дзяржавы накіравана на тое, каб ні адзін чалавек не застаўся без увагі і клопату. Падчас гэтай акцыі ўсе дзеці ў нашай краіне абавязкова адчуюць, як здзяйсняецца навагодняя казка, а дарослыя абавязкова пастараюцца рэалізаваць тое, аб чым вы просіце ў Дзеда Мароза.
…Рознакаляровымі агеньчыкамі ззяе навагодняя елка, дзеці і дарослыя дружна становяцца ў карагод: спяваюць, танцуюць, падхопліваюць вясёлыя гульні і забавы. Усім так хораша і душэўна! Самыя пранікнёныя словы і віншаванні з надыходзячымі святамі, пажаданні моцнага здароўя і яркіх, незабыўных уражанняў ад калядных і навагодніх цудаў жадалі хлопчыкам і дзяўчынкам старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў, лідар Шчучынскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Юрый Пашук, старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі, лідар шчучынскай піянерыі Вікторыя Шылка, актывістка Беларускага фонду міру Анастасія Міхалоўская. Усе яны прыехалі да выхаванцаў дома-інтэрната з падарункамі, як, дарэчы, і прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын, БРСМ. Ніхто ў раёне не застаецца ў баку ад дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”.
Дырэктар Васілішкаўскага дома-інтэрната Здзіслаў Янкевіч выказаў шчырыя словы ўдзячнасці ўсім гасцям за вернасць традыцыям і дабрыню сэрцаў.
-- Зараз пад нашай апекай знаходзіцца 161 выхаванец. Нашы дзеці не замыкаюцца ў вузкіх рамках, а жывуць насычана, актыўна, бо дзверы ўстановы заўжды адкрыты для гасцей, сяброў, валанцёраў, шматлікіх шэфаў, -- падкрэсліў Здзіслаў Іосіфавіч. – У нас створаны аптымальныя ўмовы па доглядзе, лячэнні, рэабілітацыі і выхаванні рабят з асаблівасцямі развіцця. І ўсё гэта дзякуючы клопату дзяржавы.
-- Цэлы калейдаскоп святочных падзей чакае хлопчыкаў і дзяўчынак падчас акцыі “Нашы дзеці”, якая будзе доўжыцца ажно да 15 студзеня, -- дапаўняе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзіна Вайцюль. -- Ранішнікі, дэгустацыі прадукцыі ад такіх вытворцаў, як Шчучынскі філіял ААТ “Молочный Мир” і “Лидские пищевые концентраты”, іншых кампаній, паездкі ў Гродна на “губернатарскую елку” і навагоднія святы, што ладзіць для дзяцей “Белая Русь”, на спектакль “Ямеліна шчасце” па запрашэнні прафсаюзаў, многія іншыя імпрэзы -- словам, навагодні марафон для нашых выхаванцаў толькі пачынаецца…
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.