Дабрачынная навагодняя акцыя “Нашы дзеці” ў Шчучынскім раёне ўзяла старт з Васілішкаўскага дома-інтэрната

 

Трэба было бачыць гэтыя вачаняты, пачуць падрыхтаваныя дзецьмі вершы, акунуцца ў атмасферу навагодніх інтэр’ераў і фотазон, каб адчуць галоўнае – навагодняя казка пачалася! Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў з падарункамі-пачастункамі сёння наведалі Васілішкаўскі дом-інтэрнат. Хтосьці з прадстаўнікоў даўно стаў сябрам выхаванцаў гэтай дзіцячай установы, а хтосьці тут упершыню. Але кожнага з гасцей захапіла святочная атмасфера, уразіла гасціннасць і добразычлівасць насельнікаў дома-інтэрната.

 

Па добрай традыцыі з прадстаячым Навагоддзем і Калядамі дзяцей і дарослых віншавалі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў. Свае падарункі выхаванцам дома-інтэрната прыслалі раённая арганізацыя РГА “Белая Русь”, райкам БРСМ,   раённая арганізацыя Беларускага фонду міру…

 

Самыя шчырыя і прачулыя словы прагучалі з вуснаў старшыні раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна Святланы Шанчук.

 

 

-- Мне асабліва прыемна вітаць вас у гэты дзень, што супадае з 30-гадовым юбілеем нашага жаночага саюза, які кіруецца прынцыпамі гуманізму і міласэрнасці, -- падкрэсліла Святлана Уладзіміраўна. – Я ад душы жадаю вам, рабяты, і творчаму калектыву дома-інтэрната моцнага здароўя, новых здзяйсненняў у новым годзе і цудоўных калядных і навагодніх святаў. Няхай Дзядуля Мароз здзейсніць самыя запаветныя вашы мары!

 

Да гэтых шчырых пажаданняў далучыліся старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Юлія Вароніна, старшыня раённага савета ветэранаў Васілій Жукоўскі, сакратар раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Алена Барэль.  

 

Дырэктар Васілішкаўскага дома-інтэрната Здзіслай Янкевіч выказаў словы падзякі гасцям – за ўвагу да выхаванцаў, а калектыву дома-інтэрната -- за самаадданую працу, падзяліўся тымі крэатыўнымі задумкамі, што будуць рэалізаваны падчас навагодніх святаў. Да прыкладу, плануецца паездка дэлегацыі выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната ў Мінск да галоўнай елкі краіны. Аўтапарк № 12 даставіць рабят у сталіцу бясплатна.

 

У рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” свае падарункі і грашовую дапамогу дому-інтэрнату пералічылі ўжо такія арганізацыі, як ААТ “Васілішкі” і “Дэмбрава”, кампанія “Клубніка Плантс”, Гродзенскія філіялы РУП “Белпошта” і “Белтэлекам”, Гродзенскі мясакамбінат і Лідскі завод харчовых канцэнтратаў, калектыў Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы і цэнтр дапамогі “Вера”, многія іншыя калектывы і індывідуальныя прадпрымальнікі.

 

-- Гэтыя сродкі мы выкарыстаем на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы дома-інтэрната, на надзённыя патрэбы нашых выхаванцаў і непасрэдна для стварэння гэтай чароўнай навагодняй атмасферы – афармлення залаў і памяшканняў, на салодкія падарункі дзецям, -- зазначыў Здзіслаў Іосіфавіч. – Да таго ж нашы майстры-рукадзельніцы разам з выхаванцамі робяць з закупленага матэрыялу прыгожыя вырабы, унікальныя ёлачныя цацкі, дэкарацыі і многае іншае. Свята абяцае быць непаўторным і запамінальным!

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!