У рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” прадстаўнікі ААТ “Васілішкі” завіталі ў дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Астрыне
Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” крочыць па краіне. Галоўная мэта ініцыятывы – падарыць радасць і напоўніць сэрцы кожнага дзіцяці чароўнай святочнай атмасферай. Нядаўна акцыя завітала у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу Сокалаў і Кунцэвічаў у Астрыне. Падарыць дзеткам святочны настрой прыехалі прадстаўнікі ААТ “Васілішкі” на чале з дырэктарам прадпрыемства, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў Антонам Бурносам.
Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай дзеці весела вадзілі карагоды і забаўляліся. Выхаванцы дзіцячых дамоў падрыхтавалі для сваіх гасцей творчыя выступы. Чыталі вершыкі, спявалі песні, гралі на музычных інструментах і паказвалі акрабатычныя прыёмы. Прадстаўнікі ААТ “Васілішкі” прыехалі з прыемнымі падарункамі. У сваю чаргу дзеці таксама не пакінулі сваіх гасцей без падарункаў, якія з любоўю рабілі самі.
Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу ў Астрыне – гэта месца, дзе прыёмныя бацькі Наталля і Віктар Сокал, а таксама Ірына і Сяргей Кунцэвічы стараюцца ахінуць клопатам і цяплом сваіх выхаванцаў, стварыўшы для іх сямейны камфорт.
Сям’я Кунцэвічаў выхоўвае як сваіх, так і прыёмных дзетак, усяго іх дзесяць. А ў сям’і Сокал дзевяць выхаванцаў. Хлопчыкі і дзяўчынкі растуць поруч і ўтвараюць дружны калектыў. Важна, што кожны з выхаванцаў мае магчымасць развіваць таленты ў творчасці, спорце і навуцы. Ва ўсім гэтым яны знаходзяць падтрымку ў сваіх прыёмных бацькоў.
– Заўсёды прыемна наведваць гэтых дзетак, – кажа Антон Бурнос. – З аднаго боку, гэта мы прыязджаем іх віншаваць, але заўсёды нас тут адорваюць вялікай колькасцю падарункаў і віншаванняў. За год дзеці сталі больш дарослымі, папрыгажэлі. Вядома, тыя мары і планы, якія яны для сябе ставяць, мы будзем актыўна падтрымліваць. Бо дзеці – гэта наша будучыня, і аб будучым трэба клапаціцца зараз. Шчыры дзякуй прыёмным бацькам за іх працу, за тое, што развіваюць і цэняць гэтых дзетак.
Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.