Кіраўнік па прызванні, лідар па жыцці – Тадэвуш Іванавіч Слабыш

Тадэвуша Іванавіча Слабыша добра ведаюць не толькі ў Першамайскім сельсавеце, але і ва ўсім раёне. Усё дзякуючы яго багатай працоўнай біяграфіі. І якую б пасаду ён ні займаў, заўсёды добрасумленна выконваў свае абавязкі і чула ставіўся да людзей, чым і заслужыў павагу ў калег і вяскоўцаў.

– Працаваць з поўнай аддачай я прывучаны з дзяцінства, – гаворыць Тадэвуш Іванавіч. – Нарадзіўся ў пасляваенны час у вёсцы Місюкоўшчына Дэмбраўскага сельсавета. Наша сям’я была вялікай і налічвала восем дзяцей. З братамі і сёстрамі мы часта дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Здавалася, жыццё наладжвалася, аднак неўзабаве пайшоў з жыцця тата: яго здароўе было моцна падарвана на фронце. Гэта была вельмі цяжкая страта для ўсіх нас. Каб дапамагчы пракарміць сям’ю, я ўладкаваўся на працу ў родны калгас. Менавіта тады і вырашыў, што хачу звязаць сваё жыццё з працай на зямлі. 
Пасля заканчэння Дэмбраўскай сярэдняй школы юнака забралі ў армію. Служыць давялося на Паўночным флоце ў Запаляр’і. Дэмабілізаваўшыся, Тадэвуш Іванавіч паспяхова паступіў у Смальянскі сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе асвоіў прафесію агранома. Першым працоўным месцам новаспечанага маладога спецыяліста стаў калгас “Прагрэс” Гродзенскага раёна, дзе той выконваў абавязкі агранома ўчастка. 
– Тады я жыў у Верцялішках, але часта ездзіў дадому ў родную Місюкоўшчыну, – успамінае наш суразмоўца. – Часта заглядваў на танцы ў сельскі клуб у Багушах. Там і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Ганнай Іванаўнай. Мы хутка пажаніліся, і я пераманіў каханую да сябе ў гаспадарку, дзе тая працавала ўчотчыцай. Праз пэўны час мы разам перавяліся ў племсаўгас “Першамайскі”, дзе нам выдзелілі прасторны дом недалёка ад возера. Мне даверылі кіраўніцтва адным з вытворчых участкаў. Пачынаючы з ранняй вясны і да першых замаразкаў амаль увесь час “прападаў” у полі: кантраляваў якасць сяўбы, адказваў за своечасовае ўнясенне арганікі і мінеральных угнаенняў, сачыў за выкананнем тэхналагічных патрабаванняў падчас уборкі ўраджаю. Дадому звычайна вяртаўся позна вечарам. Аднак нягледзячы на напружаны вытворчы графік, мы паступова абжыліся на новым месцы і пусцілі глыбокія карані. Хутка ў хаце загучаў дзіцячы смех: на свет з’явіўся сын Валерый, а за ім і дачка Таццяна.

Маладога і ініцыятыўнага спецыяліста хутка заўважылі ў раёне і прапанавалі пасаду сакратара пярвічнай партарганізацыі саўгаса “Сцяг Саветаў”. Тадэвуш Іванавіч згадзіўся і некалькі гадоў паспяхова ўзначальваў “ідэалагічны фронт” у гаспадарцы: праводзіў партыйныя сходы, дапамагаў работнікам сельгаспрадпрыемства вырашаць жыллёвае пытанне, займаўся размеркаваннем новай тэхнікі сярод механізатараў, умацоўваў дысцыпліну ў працоўным калектыве, змагаўся з п’янствам. 
– У 1991 годзе мяне назначылі намеснікам дырэктара саўгаса “Сцяг Саветаў”, – зазначае Тадэвуш Іванавіч Слабыш. – Наша гаспадарка спецыялізавалася на вытворчасці насення, і ў гэтым мы дабіліся значных поспехаў, за што былі не раз адзначаны ў раёне і на рэспубліканскім узроўні. Аднак з развалам Савецкага Саюза сітуацыя пагоршылася. Я змяніў некалькі пасад, нават працаваў егерам у Шчучынскай паляўніча-рыбалоўнай гаспадарцы. Менавіта тады па службовых абавязках пачаў хадзіць на паляванне. Аднак заўсёды больш любіў назіраць за паводзінамі дзікіх жывёл, чым страляць.
Нягледзячы на змену профілю, былыя калегі не забылі Т.І. Слабыша і падтрымлівалі цесныя сувязі. Неўзабаве Віктар Іванавіч Казяк, які ў той час узначальваў раён, вылучыў кандыдатуру Тадэвуша Іванавіча на пасаду старшыні Першамайскага сельскага Савета, і яго ініцыятыву падтрымалі.
– Гэты перыяд, напэўна, быў самым складаным і адказным у маім жыцці, – прызнаецца наш герой. – У мае прафесійныя абавязкі ўваходзіла не толькі падтрыманне парадку на тэрыторыі сельсавета, дзе размяшчаліся 43 вёскі, але і вырашэнне многіх арганізацыйных патынняў: ад будаўніцтва новага жылля да ўладкавання людзей на працу і клопату аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Падчас работы ў сельскім Савеце цесна супрацоўнічаў з пагранічнікамі: разам мы праводзілі памятныя мітынгі, займаліся патрыятычным выхаваннем моладзі, змагаліся з “нелегаламі”. Таксама наведваў нядобранадзейныя сем’і. З бацькамі-п’яніцамі быў заўсёды прынцыповым і строгім, а дзеткам імкнуўся дапамагчы. Бывала, мы з жонкай зімой вазілі брыкет са свойго двара, каб не даць замерзнуць некаторым сем’ям, забяспечвалі нованароджаных пялёнкамі і іншым. 
Менавіта за чуласць і неабыякавасць да чужых праблем Тадэвуша Іванавіча і палюбілі вяскоўцы. Яны ведалі, што любы іх зварот у сельскі Савет будзе разледжаны, а пытанне – вырашана. 

– Работа не адпускала мяне ні днём, ні ноччу, – працягвае Т.І. Слабыш. – Жыхары Першамайска і навакольных вёсачак часта прыязджалі да мяне на веласіпедах яшчэ на досвітку і дзяліліся набалелымі праблемамі. Увечары, калі вяртаўся дадому, карціна паўтаралася. І нікому я не мог адмовіць у дапамозе, бо адчуваў адказнасць за кожнага. Таму, напэўна, мяне і да гэтай пары паважаюць у родным аграгарадку, а многія аднавяскоўцы, нават тыя, каго некалі дакараў за п’янства, вітаюцца здалёк. 
Не дзіва, што пад кіраўніцтвам Т.І. Слабыша Першамайскі сельскі Савет двойчы станавіўся пераможцам раённага конкурсу, а сам ён быў запрошаны дэлегатам на ІІ Усебеларускі народны сход.
Як бы ні было складана на працы, Тадэвуша Іванавіча заўсёды падтрымлівала яго жонка Ганна Іванаўна. Разам яны дастойна выхавалі дваіх дзяцей, якія ўжо пайшлі з бацькоўскай хаты. Сын Валерый працуе дырэктарам абласной філармоніі, а дачка Таццяна скончыла з чырвоным дыпломам Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і цяпер займае пасаду начальніка ўпраўлення бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.
– Наша галоўнае багацце – унучкі Іна, Яна і Лера, – з пяшчотай кажа Тадэвуш Іванавіч. – Усе яны жывуць у Гродне, але часта прыязджаюць да нас у госці. І ім тут сапраўды ёсць дзе разгуляцца! Разам з жонкай мы пасадзілі яблыневы сад, а побач у нізіне выкапалі невялічкую сажалку і зарыбілі яе карасём, карпам, амурам і таўсталобікам. Калі збіраемся ўсім сямействам, любім рыбачыць. Асабліва захапляецца гэтым промыслам мая супруга, а пасля частуе нас прысмакамі, прыгатаванымі з вылаўленай рыбы. Так і жывём у згодзе і ладзе. Ці гэта не шчасце?
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!