Шчучынскія ўшысты – мацнейшыя ў рэспубліцы

Выхаванцы секцыі “Таэквандо” Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі нядаўна вярнуліся з Мінска, дзе прымалі ўдзел у першынстве рэспублікі па ўшу.
Пазмагацца за чэмпіёнскі тытул у сталіцу з’ехаліся больш за 200 байцоў з розных куточкаў Беларусі. Спартсмены выступалі ў розных узроставых і вагавых катэгорыях.
Выхаванцы Уладзіміра Барысавіча Шурупава прадэманстравалі выдатную фізічную падрыхтоўку і выступілі на рынгу вельмі дастойна: з дзевяці нашых ушыстаў, што выходзілі на рынг, сем сталі чэмпіёнамі.
– Дадому з залатымі медалямі вярнуліся Ілья Сырыцкі, Вадзім Возны, Яўгеній Макей, Глеб Андзілеўка, Міхаіл Якімовіч, Ілья Васілька і Улад Марчукевіч, – з гонарам зазначае трэнер шчучынскай каманды У.Б. Шурупаў. – Дзямід Лобач заваяваў серабро, а Мікіта Гардзіеўскі – бронзу. Да ўсяго Глеб Андзілеўка выканаў разрадныя патрабаванні кандыдата ў майстры спорту.
Па выніках першынства шэсць шчучынскіх байцоў былі ўключаны ў склад нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь. Зараз яны працягваюць інтэнсіўна трэніравацца.
– З 21 па 23 снежня ў Маладзечне пройдзе міжнародны чэмпіянат па тайскім боксе, у якім прымуць удзел і мае выхаванцы, – зазначае Уладзімір Барысавіч. – Гэтыя спаборніцтвы – своеасаблівая падрыхтоўка да чэмпіянату Беларусі, дзе будзе праведзены адбор у нацыянальную зборную. Мацнейшыя байцы паедуць абараняць гонар краіны на чэмпіянат свету па тайскім боксе, які пройдзе ў Турцыі ў наступным годзе. Мы зробім усё магчымае, каб трапіць на гэты прэстыжны турнір!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!