“Пра жыццё маіх бацькоў можна напісаць вострасюжэтны раман”. Алена Паўлюкевіч расказвае, як у іх сям’і захоўваецца памяць пра мужнасць, адвагу і каханне, што праз вайну пранеслі Іван і Яўгенія Бубновы

 

Алена Іванаўна Паўлюкевіч нарадзілася ў сям’і, дзе заўжды жыла памяць аб Вялікай Айчыннай. У іх доме ў вёсцы Рыбакі як найвялікшыя святы адзначалі Дзень Перамогі і гадавіну вызвалення Беларусі. Тата, Іван Рыгоравіч Бубноў, – чалавек-легенда. Ваяваў з першых дзён вайны, а будучую жонку – сувязную Жэнечку – сустрэў у партызанскім атрадзе. Пажаніліся адразу, як толькі Чырвоная Армія сумесна з народнымі мсціўцамі прагнала нямецка-фашысцкіх акупантаў з роднай Беларусі.

 

– Тата вельмі многа расказваў і маім тром братам, і мне, малодшай, пра ваеннае ліхалецце і гераізм людзей, з якімі ваяваў, – гаворыць Алена Іванаўна. – Вядомы чалавек, педагог, выкладчык гісторыі, ён вёў вялікую выхаваўча-патрыятычную работу. Запомнілася, як на працягу ўсяго лета да нас у двор заходзілі цэлыя атрады школьнікаў, што адпраўляліся ў паходы па памятных мясцінах. Яны абавязкова наведвалі мемарыял у вёсцы Зінякі, слухалі аповеды мясцовых жыхароў – жывых сведкаў вогненнай трагедыі, а затым крочылі да нас у Рыбакі. Тата з павагай адносіўся да ўсіх, рассцілаў у цяньку посцілкі, разам з рабятамі садзіўся ў кружок і пачынаў успамінаць…

 

Іх, курсантаў ваеннага вучылішча, адразу накіравалі абараняць Радзіму, калі фашысцкая Германія вераломна напала на нашу краіну. Івану Бубнову давялося сустрэць ворага на граніцы. З горыччу ўзгадваў, як не хапала тады зброі, боепрыпасаў. У выніку – цяжкія страты, адыход. Асабліва Івану Рыгоравічу запомніўся жорсткі бой ля вёскі Пескі, што ў Мастоўскім раёне, дзе загінула амаль палавіна асабовага саставу. Іван Бубноў тады быў паранены. Яшчэ два раненні ён атрымаў у баях пад Мінскам. Абяскроўлены, зусім нямоглы, ён апынуўся ў нямецкім палоне. З канцлагера Іван збягаў тройчы. Яго даганялі, фашысты збівалі на горкі яблык, а ён заставаўся не зломленым духам – уцякаў зноў і зноў.

 

– Ведаеш, Лена, колькі я рачулак і вялікіх рэк пераплыў тады, – казаў Іван Рыгоравіч дачцэ. – Каб не ўмеў добра плаваць, не выжыў бы.

 

 Трэцяя спроба ўдалася. Урэшце ўцякач апынуўся ў нашых мясцінах. Заўжды з удзячнасцю ўспамінаў, як тутэйшыя людзі дапамагалі, пускалі на начлег, дзяліліся вопраткай і харчамі. У І.Р. Бубнова была адна мэта – знайсці партызанскі атрад. Ён і сам “скалаціў” баявую групу, з якой арганізоўваў дыверсіі. Кадравы ваенны, намеснік камандзіра тэлефоннай кабельнай роты, ён умела кіраваў сваёй жменькай людзей. А калі нарэшце ўдалося далучыцца да партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь” брыгады імя Ленінскага камсамола, яго прызначылі камісарам атрада.

 

 

У аднаго з партызан – Анатоля Шайпака – у вёсцы жыла з бацькамі юная сястрычка, якой давяралі сабраць звесткі аб немцах у акрузе, іншы раз – папярэдзіць сялян, каб асцерагаліся карнікаў і хавалі сем’і ў лесе. Малады камісар паклаў вока на прыгожую і адважную Жэнечку Шайпак, задумаў пра сябе: калі выжыву, абавязкова згуляем вяселле! Але да гэтай радаснай падзеі было яшчэ столькі ваенных вёрстаў і выпрабаванняў!

 

– Бацька з болем паўтараў, што яны, партызаны, вельмі імкнуліся неяк паўплываць на сітуацыю з зінякоўцамі, каб не дапусціць масавай гібелі людзей, аднак сілы былі няроўнымі: да зубоў узброеныя карнікі шчыльным ланцугом абступілі вёску, – распавядае Алена Іванаўна. – Між іншым, тата не толькі расказваў, але і многае запісваў, і гэтыя мемуары я таксама захоўваю як святыню. Да яго часта прыязджалі і журналісты, і беларускія пісьменнікі. Напрыклад, Янка Брыль, так што, магчыма, у творах нашых класікаў таксама ёсць фрагменты з успамінаў майго таты.

 

Дарэчы, у запісах Івана Бубнова ёсць і ўспамін аб апошнім з баёў іх партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь”: “… 11 ліпеня 1944 года ў атрад прыбеглі дазорныя і далажылі, што ўбачылі чалавек 40 немцаў. Ва ўказанае месца была накіравана разведка. У выніку вырашылі ліквідаваць групоўку ворага. Дзесьці за 300 метраў да мяркуемай сустрэчы з праціўнікам мы разгарнуліся ў ланцуг. На правым флангу ішоў я, на левым – Мікалай Салашонак. Праз некалькі хвілін партызаны адзін аднаму перадалі: “Бачым немцаў”. На наш загад скласці зброю вораг адкрыў агонь. Адначасова ў неба ўзвілася сігнальная ракета, што не прадказвала нічога добрага. Мы тут жа адкрылі агонь. Завязаўся бой. Мы не ведалі, што непадалёку размясціўся цэлы нямецкі батальён, а тут быў усяго іхні заслон! Падаспелі асноўныя сілы фашыстаў, нас палівалі шквальным агнём.

 

 

Але мы працягвалі бой, і немцы на нейкі момант адышлі. Паспяшаліся адысці і мы, бо па вопыце ведалі, што зараз на тое месца, дзе знаходзіліся, вораг абрушыць артылерыйскі і мінамётны агонь. Так і здарылася! На адлегласці мы стаялі і бачылі, як смяротны агонь знішчыў усё, дзе яшчэ нядаўна знаходзіўся наш атрад.
Назаўтра ранкам разам з М.Д. Салашонкам прыехалі праверыць вынікі бою. Непадалёку сустрэліся з байцамі Чырвонай Арміі. Палкоўнік, агледзеўшы поле бою, сказаў: “Мы ведалі, што тут нямецкае падраздзяленне. У нас было заданне яго знішчыць. Выходзіць, вы нас апярэдзілі, за што – вялікі дзякуй!”

 

– Мае бацькі пражылі разам 65 год. Яны не маглі адзін без аднаго, – з сумам дзеліцца Алена Іванаўна. – Тата перажыў маму ўсяго на два месяцы. У апошні шлях мы праводзілі яго ў 2014-м на 97-м годзе жыцця.
Педагагічная супольнасць памятае кавалера ордэнаў Айчыннай вайны і Чырвонай Зоркі Івана Рыгоравіча Бубнова як загадчыка РАНА, які адразу пасля вызвалення нашага рэгіёна арганізоўваў вучэбны працэс, адкрываў у вёсках школы. І ўсюды побач з ім была верная саратніца – жонка Яўгенія Севяр’янаўна, якая, дарэчы, пехатою з Астрыны хадзіла ў Гродна, каб здаваць экзамены падчас чарговай сесіі, бо завочна вучылася ў педінстытуце.

 

– Колькі разоў бацькі расказвалі, што калі развозілі на падводзе мэблю і кнігі па школах Васілішкаўскага раёна, у іх стралялі бандыты. Але ў таты заўжды быў з сабой пісталет, і ён умеў пастаяць за сябе і іншых. Здаў сваю зброю толькі праз некалькі год пасля заканчэння вайны, – гаворыць А.І. Паўлюкевіч.
Калі Васілішкаўскі раён далучылі да Шчучынскага, Бубновы працавалі ў Алішкаўскай школе, а жылі ў Рыбаках, дзе пабудавалі свой дом.

 

– Спачатку бацька быў дырэктарам, а мама – настаўніцай роднай мовы, а потым узначаліла школку мама, а тата выкладаў гісторыю. Гэта былі вельмі цікавыя і эмацыянальныя ўрокі, асабліва калі вучні праходзілі тэму вайны, – кажа Алена Іванаўна. – Мы са старэйшым братам, светлая яму памяць, пайшлі па слядах бацькоў і сталі педагогамі. Міхаіл нават займаў пасаду дырэктара Замасцянскай васьмігодкі.

 

Сёння Алена Іванаўна Паўлюкевіч працуе з асаблівымі дзеткамі ў Васілішкаўскім доме-інтэрнаце. Не забывае родны дом у Рыбаках, дзе ўсё захоўвае так, як было пры жыцці бацькоў – іх кнігі, дакументы, альбомы з фотаздымкамі, выразкі з газет. Ведаюць гісторыю “партызанскага знаёмства” і шчаслівага сумеснага жыцця бабулі і дзядулі ўнукі і праўнукі, якім, як усяму маладому пакаленню, Іван Рыгоравіч наказваў берагчы мір на роднай зямлі, памятаць урокі мінулага.

 

– Пад гэтай яблыняй у нас стаяў вялікі стол, за якім у святы збіралася ўся сям’я, з усяго свету прыязджалі татавы аднапалчане і сябры-партызаны, бурлівай ракой ліліся ўспаміны. Абавязкова ўзгадвалі яны імёны загінуўшых сяброў. Дарагую цану заплаціў наш народ за сённяшні светлы дзень. Давайце не забываць пра гэта, – без усялякага пафасу заклікае дачка камісара партызанскага атрада. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара і з сямейнага архіва сям’і Бубновых.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!