Актыўны адпачынак, экскурсія па “Бункеру-77” і пікнік у добрай кампаніі.Моладзь Шчучыншчыны адзначыла дваццацігоддзе грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”

 

Актыўны адпачынак, экскурсія па ўнікальнаму “Бункеру-77” і пікнік у добрай кампаніі -- вось так працуючая моладзь Шчучыншчыны адзначыла дваццацігоддзе грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.

 

6 верасня споўнілася 20 гадоў БРСМ, з гэтай нагоды ў суботу моладзь нашага раёна сабралася на тэрыторыі каля легендарнага “Бункера-77”. Самыя актыўныя паўдзельнічалі ў спаборніцтвах па лазертагу.

 

 

Усяго мерапрыемства сабрала каля пяцідзесяці чалавек з розных арганізацый Шчучына і раёна. Свае каманды для ўдзелу ў спаборніцтвах па вайскова-тактычнай гульні лазертаг сабралі Шчучынскі лясгас, саўгас “Вялікае Мажэйкава”, ААТ “Дэмбрава” і філіял “Жалудоцкі агракомплекс”. Таксама па два калектывы выступалі ад Шчучынскага РУП ЖКГ і Шчучынскай ЦРБ.

 

 У зацятай барацьбе восем каманд па чарзе спрабавалі перамагчы адзін аднаго. Матчы праходзілі ў некалькі этапаў: спачатку гульцы павінны былі абясшкодзіць саперніка, а потым захапіць яго базу. Гульня гэта цалкам бяспечная, бо страляюць аўтаматы тут не кулямі, а лазерам, які падае сігнал спецыяльнаму датчыку на галаве “ахвяры”. Сапраўдныя тактычныя баталіі развярнуліся на імправізаванай пляцоўцы для лазертага. Гульцы прымянялі дасціпныя манеўры па абыходу саперніка, вядома, знайшлося тут таксама месца для мужнасці і смеласці. Пасля кожнага бою камандам залічваліся ачкі, колькасць якіх і вызначала пераможцу. Па выніках спаборніцтва трэцяе месца заняла каманда Шчучынскага лясгаса, на другой п’едэстальнай прыступцы размясціўся калектыў Шчучынскай ЦРБ, ну а лепш за ўсіх стралялі прадстаўнікі Шчучынскага РУП ЖКГ. Прызёры былі адзначаны граматамі раённага камітэта БРСМ.

 

 

Акрамя стрэльбаў, кожны жадаючы мог завітаць на экскурсію па вядомаму “Бункеру-77”. Моладзь з цікавасцю дакранулася да побыту падземнага сховішча, а таксама даведалася пра гісторыю халоднай вайны. Дзякуючы прафесійным экскурсаводам, можна было адчуць атмасферу дзейнага вайсковага аб’екта стратэгічнага значэння.

 

Пасля спаборніцтва па лазертагу і экскурсіі па бункеру моладзь зладзіла вясёлы пікнік, на якім можна было не толькі падсілкавацца, але і абмеркаваць цікавыя тэмы, завесці новых знаёмых і сяброў. Папросту кажучы, з карысцюправесці час на свежым паветры.

 

 

Пра арганізацыю святочнага мерапрыемства нам расказала першы сакратар Шчучынскага райкама БРСМ Віталія Селівончык:

 

– Па ініцыятыве раённага камітэта БРСМ, з нагоды дваццацігоддзя нашай арганізацыі, было вырашана правесці карпаратыўнае мерапрыемства для працуючай моладзі раёна. Пляцоўка “Бункера-77” была намі выбрана таму, што мы тут ужо праводзілі турнір па лазертагу сярод студэнцкіх атрадаў і нам вельмі спадабалася гэта лакацыя. Да таго ж сам бункер з’яўляецца ўнікальным месцам, шмат хто са шчучынцаў тут яшчэ не быў, хаця аб’ект вельмі цікавы і варты наведвання.

 

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!