Ежа – з печы, вада – з крыніцы, або У чым сакрэт даўгалецця вяскоўцаў з Новай Спушы?

Іх дом па-над рэчкай…
Марыя Уладзіміраўна і Іосіф Герасімавіч Кургуны жывуць у вёсцы Новая Спуша. Аднак праехаўшы праз усю вёску іх дома мы так і не знайшлі. Папрасілі дамогі ў вяскоўцаў. 
– Кургуны жывуць вунь там, за рэчкаю, на хутары, – паказала рукою ў бок лесу ветлівая жанчына. – За вёскаю павярніце налева, і будзе акурат іх дом. 
І праўда. Праз некалькі хвілін дарога пасвятлела, і за кронамі магутных дрэў паказаўся прыгожы драўляны дом. 
Прызнацца, даўно не бачыла такога маляўнічага месца! Вакол – густой сцяною лес. Да хаты Кургуноў вядзе ладны, драўляны масток праз рэчку Спушанку. Так і хацелася заспяваць: “Кладачка тоненька, вада халодненька…” Другой дарогі на хутар няма, таму пакінуўны машыну на беразе і “абвесіўшыся” фотатэхнікай, рушыла праз масток. 
Марыя Уладзіміраўна і Іосіф Герасімавіч Кургуны выйшлі насустрач, прывіталіся. На момант падалося, што прыехала да сваякоў, так сардэчна сустрэла мяне гэта сямейная пара. 


Як Зюня да Мані ў сваты хадзіў
Марыя Уладзіміраўна і Іосіф Герасімавіч Кургуны ў верасні адзначаць 60 гадоў сумеснага жыцця! Ён з 1935 года нараджэння, яна – з 1940. Хай і мінула больш за паўстагоддзя з моманту іх знаёмства, аднак сваю першую сустрэчу брыльянтавыя юбіляры памятаюць і сёння. 
Іосіф вярнуўся з арміі і вырашыў ажаніцца. Яго малодшы брат расказаў, што ў вёсцы Клачкі жыве вельмі прыгожая дзяўчына Маня, з якой яны на адным вяселлі гулялі. Доўга не разважаючы Зюня (так па-вясковаму называлі хлопца) пасватаўся да той прыгажуні. Сваты гарбуз не атрымалі, бо Мані незнаёмец спадабаўся.
– Я ўбачыў першы раз сваю Маню – і адразу закахаўся, зразумеў, што мая! – прызнаўся мужчына.
Зюня хадзіў да Мані пешшу, ездзіў на веласіпедзе. Затым праз год маладыя згулялі вяселле, і дзяўчына пераехала жыць да свайго суджанага. 


За што Кургуны ўдзячны Сапегам?
Не магла не спытаць, чаму Кургуны вырашылі жыць наводшыбе? Аказалася, што гэта не проста дом, а радавое гняздо Іосіфа Герасімавіча, якое дасталася яму ад бацькі Герасіма, а таму ад яго бацькі – Мацвея, які працаваў лесніком у самых Сапегаў. Яны і далі дом Кургунам у карыстанне. Дарэчы, Яўстафій Саверын – адзін з Сапегаў 20 стагодзя – нарадзіўся ў Спушы! Вось такія знакамітыя землякі.


 Іосіф Герасімавіч расказаў, што любоў да леса ў іх сям’і ў крыві. Яна перадалася яго бацьку, і яму самому – праз усё жыццё працаваў мой суразмоўца ў лясной гаспадарцы. Не раз адказнага і добрасумленнага работніка ўзнагароджвалі граматамі і пахвальнымі лістамі. У яго скарбонцы дасягненняў нават медаль ёсць за добрую працу. Побач з мужам пэўны час працавала і Марыя Уладзіміраўна. Можа таму, жыць у лесе, на лоне прыроды Кургунам у радасць. Лес у сваю чаргу шчыра аддзячвае іх дарамі – грыбамі ды ягадамі.


Вадзіца з крыніцы 
Аднак жыць на хутары не кожны здолее. Людзей побач няма. Адно толькі паштальён часта завітвае. А яшчэ ў Кургуноў няма калодзежа. Усё жыццё мае героі ваду бралі з крыніцы. Вось толькі б’е яна не побач з домам, а ў лесе. Цяпер усё часцей па ваду ходзяць дарослыя дзеці. А калі бялізну памыць трэба, агарод паліць, у лазню схадзіць – рэчка выратоўвае. Раней праз яе была пракладзена тоненькая кладачка. Увесну вада выходзіла з берагоў. Аднойчы дзеці прыехалі на свята, а перайсці да бацькоў так і не змаглі. Тады за справу ўзяўся адзін з зяцёў, адшукаў спецыялістаў, якія і дапамаглі вырашыць праблему. Хутка два берагі ракі злучыў высокі драўляны мост з поручнямі. Цяпер хадзіць праз яго – адно задавальненне. 

Вось такія пірагі 
Дом у Курганоў прасторны, дагледжаны. Усюды – дываны – справа рук гаспадыні. Раней Марыя Уладзімірўана шмат вышывала, ды толькі ўсе вышыванкі дзецям ды ўнукам раздарыла. Цяпер вышываць цяжка, таму наша гераіня ўсё больш чытае. 
 На кухні – руская печ. Адразу прыпомнілася, што і ў нас была такая. Ежа з печы – асаблівая, такую не згатуеш ні на адной сучаснай газавай плітцы. 
– Калі Маня пірагі пячэ – я з вуліцы іх салодкі водар адчуваю і спяшаюся з усіх ног да стала, – хітра прыжмурыўшы вочы, усміхаецца спушанскі гурман. 
Па ўсяму відаць, ведае Марыя Уладзіміраўна, як падабраць той самы ключык да сэрца мужчыны. 
– Мужа свайго трэба шанаваць, даглядаць, карміць у час і ўсім свежанькім! – шчыра дзеліцца сваім жаночым сакрэтам мая суразмоўца. – Калі мужчына дагледжаны, тады і сварбаў не будзе ў доме. 
Іосіф Герасімавіч у сваю чаргу таксама ведае, як задобрыць жонку – частуе яе свежым мядком. Аказалася ён з маладосці – заядлы пчаляр. Вось такія салодкія хобі ў нашых герояў. 


Жывуць у згодзе 
Разам Кургуны выхавалі траіх дзяцей – Святлану, Тамару і Уладзіміра. Як належыць добрым дзецям, дагледзелі да старасці сваіх бацькоў. 
– Жылі мы мірна, уступалі адзін другому, выбачалі, шкадавалі, падтрымлівалі, – у азін голас кажуць Марыя Уладзіміраўна і Іосіф Герасімавіч. – У жыцці ўсяго хапала. Асабліва цяжка на ногі станавіцца было, аднак мы не здаваліся. 
 Да працы і Марыя Уладзіміраўна і Іосіф Герасімавіч прывучаныя з малых гадоў – абодва выхаваліся ў шматдзетных сем’ях, таму заўсёды ў іх быў вялікі надзел зямлі, агарод, гаспадарка. І сёння хлеўчык не пустуе. У ім – куры і трусы. Побач з домам – цяпліца, лазня – гэта ўжо гаспадарліваць дзяцей. Дарэчы, дэфіцыту зносін Кургуны з-за аддаленасці ад вёскі не адчуваюць, бо кожны тыдзень прыязжаюць дзеці, унукі і праўнукі. У Кургуноў пакуль 5 унукаў і 5 праўнукаў. Шосты – вось-вось народзіцца! 


Сіла сям’і – у традыцыях
Самае вялікае шчасце для Марыі Уладзіміраўны і Іосіфа Герасімавіча, калі ўсе родныя з’яджаюцца да хаты. Заўсёды на Каляды і Вялікдзень у доме Кургуноў людна і шумна. За сталом збіраецца 24 чалавекі. І гэта, калі не лічыць малечу! Марыя Уладзіміраўна частуе ўсіх сваімі фірмовымі пірагамі, катлетамі і іншымі прысмакамі. Не забываюць дзеці і ўнукі пра Дні нараджэння бабулі і дзядулі і іншыя святы, заўжды тэлефануюць, прыязжаюць. Клапат пра блізкіх – стаў традыцыяй у гэтай сям’і.
На сцяне дома Кургуноў і на буфеце – партрэты ўсіх дарагіх сэрцу людзей. Па цэнтры – партрэт маіх суразмоўцаў у маладосці, як заснавальнікаў вялікага і дружнага роду. 
Развітваючыся са сваімі героямі, шчыра парадавалася за тое, што ёсць на Шчучыншчыне такія па-сапраўднаму дружныя сем’і, на якіх хочацца раўняцца. Сустрэча з гэтымі цікавымі людзьмі прайшла на адным дыханні. 
Я адыходзіла, а Марыя Уладзіміраўна і Іосіф Герасімавіч Кургуны, махалі ўслед. Маляўнічы спушанскі хутар аддаляўся… І я там была, мёд ды крынічную ваду піла! 
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!