Ключавая роля належыць адукацыі
Нядаўна ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце прайшоў ІІ Міжнародны сімпозіум “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў – сацыяльны дагавор”, удзел у якім прынялі намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама А.В. Пасюта, педагогі і вучні шчучынскай гімназіі.
Падзяліцца напрацаваным вопытам, абмеркаваць актуальныя пытанні, адкрыць для сябе штосьці новае з’ехаліся прадстаўнікі 12 краін, на тэрыторыі якіх рэалізуюцца мэты ўстойлівага развіцця.
– На 58 сесіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый было прынята рашэнне аб тым, што Беларусь таксама будзе развівацца ў даным накірунку, – гаворыць Алена Васільеўна Пасюта. – А паколькі ў нашым раёне ўжо зроблены першыя крокі для рэалізацыі мэт устойлівага развіцця, на сімпозіуме нам было што расказаць і паказаць. Цэнтрам адукацыйных паслуг не толькі для сваіх вучняў і педагогаў, але і трансфера дадатковых навуковых ведаў і кампетэнцый для кожнага жыхара і ўсяго шчучынскага рэгіёна ў цэлым стала гімназія. Гімназісты і педагогі і расказалі аб сваёй дзейнасці.
У першы дзень работы сімпозіума вопыт работы гімназіі г. Шчучына як Гродзенскага абласнога рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі адукацыі ў мэтах устойлівага развіцця прадставілі на прэзентацыйнай выставе валанцёры Паліна Мінькова, Надзея Хрыптовіч і Анастасія Сяргей. Гімназісткі прадэманстравалі высокі ўзровень валодання замежнымі мовамі падчас размовы з прадстаўнікамі замежных дэлегацый з Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Швейцарыі. У другой палове дня была арганізавана работа чатырох дыскусійных пляцовак, удзельнікам адной з якіх – “Адукацыйнае суправаджэнне працэсаў устойлівага развіцця ў мясцовых супольнасцях і рэгіёнах” – стала намеснік дырэктара гімназіі В.А. Гудзень. Вольга Аляксандраўна расказала аб тым, як у дзейнасць гімназіі і шчучынскага рэгіёна ў цэлым укараняецца канцэпцыя навуковых лавак.
Педагогі гімназіі В.І. Шэйгерэвіч, А.Я. Шпіль і Т.І. Гарохава прадставілі вопыт арганізацыі практык адукацыі ў мэтах устойлівага развіцця на інтэрактыўнай выставе “Адукацыя – мэтам устойлівага развіцця”.
А.В. Пасюта таксама прымала ўдзел у рабоце адной з дыскусійных пляцовак. Яе выступленне “Адукацыйная падтрымка міжведамаснага ўзаемадзеяння і міжсектарнага супрацоўніцтва ўдзельнікаў працэсаў устойлівага развіцця раёна” выклікала жывы інтарэс. Забеспячэнне актыўнага даўгалецця, дзейнасць мабільных рознаўзроставых валанцёрскіх атрадаў, развіццё “зялёнай” энергетыкі, падтрымка дзіцячых бізнес-ініцыятыў, дадатковая адукацыя дарослых, фарміраванне сеткі адукацыйнага турызму – пра гэта і многае іншае расказвала Алена Васільеўна, акцэнтуючы ўвагу на тым, што гэтыя накірункі з’яўляюцца складальнікамі для распрацоўкі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Шчучынскага раёна.
– Своеасаблівым стылем арганізацыі паўсядзённага жыцця жыхароў раёна павінна стаць фарміраванне здаровага ладу жыцця, – адзначыла Алена Васільеўна. – Стварэнне умоў для якаснага жыцця ўсіх пакаленняў – ключавы накірунак міжведамаснага ўзаемадзеяння з мэтай устойлівага развіцця раёна. Яго прызначэнне – забяспечыць актыўнае даўгалецце для ўсіх. І ў гэтым пытанні важная роля належыць менавіта адукацыі. Ва ўсіх установах адукацыі фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця і харчавання адбываецца пастаянна. Веды ў сферы арганічнага земляробства назапашваюцца праз выкарыстанне розных падыходаў: арганізацыю работы на прышкольных участках, стварэнне аграрных класаў, а таксама работу ў лагерах працы і адпачынку на землях фермерскіх гаспадарак.
Удзельнікі сімпозіума мелі магчымасць прыняць удзел у майстар-класе міжнароднай магістарскай праграмы MAS “Трансфармацыя адукацыі на аснове гуманітарных каштоўнасцей і прынцыпаў”. А выступленні А.В. Пасюты і В.А. Гудзень увайшлі ў зборнік артыкулаў ІІ Міжнароднага сімпозіума.
Ганна РУДСКАЯ.