Жанна Іванаўна і Яўгеній Аляксандравіч Мецько свята захоўваюць памяць пра сваіх геройскіх дзядуляў

Ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць на Шчучыншчыне, можна пералічыць па пальцах. Няшмат засталося і простых сведкаў тых суровых дзён. Але ў нашых сямейных альбомах усё яшчэ захоўваюцца пажаўцелыя фотакарткі, з якіх глядзяць вечна маладыя сваякі, што загінулі, бясследна зніклі ў полымі вайны. І на сценах вісяць партрэты тых, хто вынес вайну, выйграў яе і, затрымаўшыся на гэтай зямлі, паспеў расказаць дзецям і ўнукам пра яе суровае аблічча. Іх аповеды – каштоўны досвед, бясцэнная спадчына. Яны не павінны знікнуць, растварыцца, забыцца. Бо такая памяць – наша сумленне, сіла і абярэг мірнага дня.
Менавіта гэта мы паспрабуем сцвердзіць у новым праекце, прысвечаным знамянальнай даце бягучага года – 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і юбілею Вялікай Перамогі, які адзначым у 2020-ым.
Толькі памяць адольвае час
Жанну Іванаўну Мецько – намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама – ведаю даўно. Пазнаёміла прафесія. Але зусім па-іншаму стала глядзець на яе, дзелавога і энергічнага кіраўніка, пасля таго, як убачыла ў калоне Памяці 9 Мая – сцішаную, самотную, з двума партрэтамі ў руках. “Гэта мой дзядуля, а гэта дзядуля майго мужа. Яны – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Многа зведалі, шмат перажылі”. Але тут калона рушыла з месца, і мы развіталіся, каб сустрэцца зноў і пагутарыць пра важныя рэчы.


– Хочацца, каб імя кожнага, хто ўнёс вялікі ці маленькі ўклад у нашу Перамогу, не было забыта, – заўважае Жанна Іванаўна перад тым, як перагарнуць ва ўспамінах важныя і дарагія для яе старонкі.
У сям’і жыхароў Шчучына Жанны Іванаўны і Яўгена Аляксандравіча Мецько памяць пра гераічных продкаў – не паказная і не часовая акцыя. Яшчэ будучы школьніцай, Жанна Сакута (дзявочае прозвішча субяседніцы. – Заўв. аўтара) любіла гутарыць са сваім дзядулем. Але, прызнаецца, запомніла нямногае з расказанага. Калі ж стала ўсвядомлена цікавіцца мінулым, радзінай і ўсім, што з ёю звязана, дапамагла матуля Ніна Аляксееўна. На шчасце, яна слухала свайго немнагаслоўнага бацьку больш уважліва. І менавіта з яе каштоўнага досведу “ажылі” і свята захоўваюцца ў гэтай сям’і падзеі тых далёкіх гадоў, памяць аб продках. Дапоўнілі, узбагацілі родавую скарбонку звесткі пра блізкіх Яўгена Аляксандравіча. І ўсё сабранае легла ў аснову сацыяльнага праекта “Мая сям’я – мой гонар”, падрыхтаванага праўнучкай гераічных воіна і партызана – тады яшчэ гімназісткай Лізаветай Мецько. “Памяць сэрца нябачнымі ніткамі звязвае нас з нашымі продкамі, мы вельмі даражым гэтай сувяззю і робім усё для таго, каб яна не аслабла, каб у яе была будучыня”, – напісала дзяўчынка. У раздзеле праекта, які мае назву “Жыццё, памножанае на вайну”, Ліза паважліва распавяла пра сваіх прадзедаў – Іосіфа Мікалаевіча Мецько і Аляксея Ігнатавіча Карпейчыка.
“Я вярнуся, сынок…”
У ліпені 1944 года, адразу пасля вызвалення Шчучыншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, быў мабілізаваны ў дзеючую армію жыхар вёскі Спуша 34-гадовы Іосіф Мецько. “Я абавязкова вярнуся”, – прамовіў ён на развітанне, прытуліўшы да грудзей чатырохгадовага сына Сашку і любімую жонку Любу. Гэтыя двое чакалі вестачкі з фронту, а атрымаўшы, чыталі-перачытвалі, радаваліся, што іх родны чалавек жывы. А хутка і салдату паляцела навіна – у яго нарадзілася дачушка. У адказ было: “Рады, сумую, ваюю”. І ўпэўненае: “Вайна хутка скончыцца нашай перамогай!”. 
 А ўжо ў пачатку мая нябёсы змянілі свае светлыя ветразі на чорныя: сям’я атрымала паведамленне, што “гвардыі радавы Мецько Іосіф Мікалаевіч загінуў смерцю храбрых у баях за горад Гданьск”. І гэта была не адзіная журботная навіна таго вясновага дня. Бяда пастукала і ў дзверы блізкіх сваякоў: варожая куля скасіла не толькі мужа Любові Аляксееўны, але і яе брата… “У той дзень вёска святкавала Вялікдзень, а дзве сям’і зайшліся ў плачы”, – пераказвае пачутае некалі ад свайго свёкра – таго самага маленькага Сашы – Жанна Іванаўна Мецько. 


Дарэчы, хлопчык, у якога вайна адабрала бацьку, доўга не верыў у яго смерць. Усё жыццё захоўвала памяць пра мужа салдацкая ўдава Любоў Аляксееўна. І вельмі хацела знайсці месца яго апошняга спачыну. Жаданне жанчыны спраўдзілі яе дзеці і ўнукі. След адшукаўся гадоў дзесяць таму. У архіўных дакументах, копіі якіх сям’я атрымала з АБД “Мемарыял”, дзе знаходзіцца банк даных аб абаронцах Радзімы, загінулых і зніклых без вестак падчас Вялікай Айчыннай і ў пасляваенны перыяд, значыцца, што радавы Мецько Іосіф Мікалаевіч праходзіў службу ў 4 артылерыйскай дывізіі прарыву РГК у складзе 1-га Украінскага фронту, быў забіты 14 студзеня 1945 года і пахаваны ў горадзе Хмельнік на тэрыторыі Польшчы. 
– Мы абавязкова з’ездзім на магілу мужавага дзядулі, каб пакласці туды жменьку роднай зямлі, – запэўнівае Ж.І. Мецько. – Непакоюся толькі, ці знойдзем, калі бачу па тэлевізары, як у суседніх краінах руйнуюць могілкі, разбураюць помнікі – сціраюць памяць…
Тварыла беды вайна-зладзейка
Чатырнаццацігадовым хлапчуком паглядзеў у вочы вайне дзед самой Жанны Іванаўны, бацька яе матулі, Аляксей Ігнатавіч Карпейчык. Лёс і так не песціў яго: рана застаўся без бацькі. А ў першыя дні акупацыі падлетак атрымаў страшэнны ўдар, ад якога не мог аправіцца ўсё жыццё: 25 чэрвеня 1941 года фашысты забілі яго старэйшага брата Івана. Боль страты пранёс праз усё жыццё.
– Гаспадарлівы і працавіты Ваня быў падтрымкай і анёлам-ахоўнікам для ўсёй сям’і. У той дзень маці паслала яго пасвіць каня. Як расказвалі, не хацеў ён ісці… Адыходзячы, азірнуўся на родных, на дом. Калі Ваня і яшчэ два вясковыя пастушкі пачулі гул, выйшлі на ўзлесак. Па дарозе ехалі гітлераўцы на матацыклах. І адбылося страшнае… Так і знайшлі іх разам – заколатымі штыкамі ў сосенках, – і сёння, расказваючы, не можа стрымаць хвалявання Жанна Іванаўна. – Калі Алёша дазнаўся пра гібель брата, узяў у рукі сякеру і так прастаяў тры дні ля дзвярэй – хацеў забіць любога фрыца, які зойдзе ў хату. Былі і іншыя эпізоды, якія пасялілі ў маладой душы нянавісць да ворага. Так, аднойчы іх Карашава акружылі гітлераўцы, тры дні палілі тут кастры, рыхтуючы расправу. І толькі цуд выратаваў вёску і яе жыхароў.
Мацнейшым за боль у сэрцы было хіба што жаданне адпомсціць ворагам за смерць брата. І Аляксей стаў настойліва шукаць сувязь з партызанамі. Ліза Мецько ў сваім праекце распавядае пра гэта так: “У верасні 1942 года браты Сямён і Віталій Таранкі, якія жылі на хутары непадалёку вёскі Карашава і на той час былі партызанамі брыгды імя Ленінскага камсамола, дапамаглі Аляксею ажыццявіць задуманае. Ён стаў партызанскім сувязным, здабываў неабходныя звесткі аб перамяшчэнні ворага, з’яўленні новых сіл, патрэбныя даныя для дыверсій на чыгунцы ў Скідзелі. Удзельнічаў у баявых аперацыях. Асабліва цяжкімі былі баі з фашыстамі з ранняй вясны 1944-га да дня вызвалення – 12 ліпеня гэтага ж года. На той час атрад “За Савецкую Беларусь” брыгады імя Ленінскага камсамола, у складзе якога ваяваў мой прадзед, налічваў 130 партызан. Яны зрабілі нямала, каб наблізіць доўгачаканы Дзень Перамогі”.
Калі на Шчучыншчыну прыйшло вызваленне, Аляксей Карпейчык быў уключаны ў склад атрада па барацьбе з бандыцкімі і варожымі групоўкамі, якія дзейнічалі на тэрыторыі раёна. А пазней адслужыў у Чырвонай Арміі, вярнуўся ў родную вёску, наладжваў мірнае жыццё. Ж.І. Мецько ўспамінае, што дзядуля-ветэран працаваў ляснічым і не мог выстраліць нават у зайца: “Перажыўшы гібель людзей, цаніў жыццё і нават звяроў шкадаваў”. Дарэчы, былы партызан быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй” і іншымі – юбілейнымі. У сям’і ўнучкі захоўваецца яго пасведчанне партызана.
– Дзядуля, колькі жыў, Дзень Перамогі лічыў галоўным святам, – кажа Жанна Іванаўна. – Нас, сваіх унукаў, вучыў быць сумленнымі, справядлівымі, чалавечнымі, любіць Радзіму… Цяпер я даглядаю магілкі дзеда і яго вечна юнага брата Івана. Усёй сям’ёй наведваемся і ў дом, які дзядуля пабудаваў сваімі рукамі. Ужо ад мяне гэта памяць перадаецца дарослым дочкам – Наталіі і Елізавеце. Для іх лёсы продкаў – узор патрыятызму і годнасці. Спадзяюся, векапомная нітачка не абарвецца. 
У творчай пошукавай рабоце “Героі сярод нас”, якую падрыхтавалі ў свой час члены гуртка “Этнограф” Шчучынскага ЦТДіМ пад кіраўніцтвам педагога Н.А. Карпейчык – маці Жанны Іванаўны Мецько, ёсць такія словы:
“Стала наша победа усталой, стала наша победа седой. Но не сделалась всё-таки старой, а осталась навек молодой”.
Хочацца толькі дабавіць, што маладой робяць Вялікую Перамогу людзі, якія шануюць памяць пра герояў.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.