"Галоўнае, рабяты, сэрцам не старэць"

У рэпертуары шчучынскага хору ветэранаў больш чым сотня папулярных рэтра-песень

На карце раёна, бадай, няма таго аграгарадка, дзе б з цікавай канцэртнай праграмай не выступаў хор ветэранаў, што дзейнічае на базе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Вось і сёння калектыў адправіўся ў Каменку, каб парадаваць сваёй творчасцю пастаяльцаў Дома міласэрнасці.

Ва ўтульнай гасцёўні сабраліся гледачы -- людзі з няпростымі лёсамі. Важна было ўстанавіць кантакт, сваёй шчырасцю і душэўнай цеплынёй працягнуць нябачныя энергетычныя нітачкі ад сэрца да сэрца. І гэта атрымалася з першых нот і з першых слоў…

Старшыня раённага савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч прывітаў новых сяброў, расказаў, якімі справамі і інтарэсамі жывуць сёння прадстаўнікі старэйшага пакалення, што іх хвалюе і як удаецца пазбегнуць адзіноты, зрабіць жыццё паўнакроўным і багатым на ўражанні.

Яскравым прыкладам таму і стаў ветэранскі хор, якім ужо на працягу некалькіх дзясяткаў год кіруе вопытны музыкант Генадзій Аляксеевіч Паноў. А вось канцэртмайстар Марыя Мар'янаўна Сідаровіч, наадварот, -- малады спецыяліст. Аднак яна цудоўна знаходзіць агульную мову з усімі ўдзельнікамі хору.

-- Усе мы вельмі розныя, -- сцвярджае Віктар Мікалаевіч Анашкін, -- аднак нас аб'ядноўвае добрая песня і наш таленавіты мастацкі кіраўнік, у якога нам удалося вельмі многаму навучыцца. Выносім на ваш суд, сябры, нашу творчасць…

Узнёсла і чыста гучалі галасы самадзейных артыстаў. Адна песня змяняла другую: і пра ночку лугавую, і пра зорачку ясную, і пра складанага лёсу раку… Здавалася, людзі -- і тыя, што стаялі на імправізаванай сцэне, і тыя, што сядзелі ў зале -- вярталіся ў сваё юнацтва і на вачах маладзелі. Салістка хору Лідзія Парфенчык проста ўразіла багатым дыяпазонам голасу, а Вольга Крыкава -- яго аксамітнай пяшчотай. Дый літаральна кожны з самадзейных артыстаў -- асоба яркая і адметная. А таму і калектыў дасягнуў высокага ўзроўню, пастаянна ўдзельнічае і прывозіць дыпломы з фестываляў "Не старэюць душой ветэраны". Гастрольныя туры таксама дастаўляюць вялікае задавальненне і харыстам, і слухачам. Энтузіястам давялося выступаць нават у Брэсцкай вобласці, не кажучы ўжо пра гарады Гродзеншчыны.

Пасля канцэрта, які прайшоў з вялікім поспехам, адна са слухачак -- Ганна Антонаўна Палуян, не хавала эмоцый:

-- Вы спявалі нават лепш за прафесіяналаў, бо вы спявалі душой.

Ад імя раённай арганізацыі ветэранаў працы Э.С. Дзікевіч перадаў насельнікам Дома міласэрнасці салодкія пачастункі. А культурны тур на гэтым не закончыўся. Удзельнікі хору адправіліся ў знакаміты турыстычны комплекс "Каменскае", дзе начальнік гэтай паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі Дзмітрый Віктаравіч Розмыслаў правёў цікавую экскурсію, пазнаёміў з турыстычным патэнцыялам тутэйшых маляўнічых мясцін, што прыйшліся даспадобы і нашым землякам, і замежным турыстам.

З песнямі, жартамі, прыўзнятым настроем вярталіся ветэраны працы ў Шчучын, каб ужо назаўтра зноў вызначаць новыя планы, папоўніць песенны рэпертуар, падарыць сабе і іншым ні з чым непараўнаную "раскошу чалавечых зносін", якую так цаніў пісьменнік Антуан Экзюперы.  

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!