За тыдзень да прыгожага вясновага свята – Міжнароднага жаночага дня – Аксана Семяновіч атрымала ганаровае званне лепшага па прафесіі

Прадаўцом пятага разраду аўтакрамы Шчучынскага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства яна працуе ўжо каля дзесяці год. 

Маршрут аўтакрамы пралягае праз тэрыторыю Каменскага, Дэмбраўскага і Астрынскага сельсаветаў. Аксана Міхайлаўна разам з вадзіцелем Уладзімірам Пятровічам Жынко наведвае нават самыя далёкія куточкі, дзе жыве не так шмат сяльчан. Кожны дзень сустракаюць аўтакраму па звыклым маршруце – хто хлеб і малако набыць жадае, а хто чакае прадаўца, каб працягнуць нядаўнюю гутарку. Гаваркія вяскоўцы лічаць Аксану Міхайлаўну вельмі добразычлівай субяседніцай.
– У зімні перыяд колькасць пакупнікоў памяншаецца, – распавядае А.М. Семяновіч. – А вось летам да нас імкнуцца і мясцовыя жыхары, і дачнікі. Затрымліваемся на маршруце нават да васьмі-дзевяці гадзін вечара. У дзень атрымліваецца наведаць каля трынаццаці вёсачак. Каб тавар не сапсаваўся, у нашай “вандроўнай” краме ёсць два халадзільнікі і маразільная камера.
У невялічкім аўтамабілі змяшчаюцца прадукты харчавання і прамысловыя тавары, шчыра кажучы, тут можна набыць усё, што душа пажадае. Нават калі камусьці з сяльчан неабходны тавар, якога няма ў асартыменце, кожны жадаючы пакідае заяўку, якую невялічкі калектыў крамы на колах выканае ў хуткім часе з дастаўкай да дзвярэй.
Сёлета тавараабарот аўта­крамы за год склаў амаль 230 тысяч рублёў. У гэтым немалая заслуга Аксаны Міхайлаўны – кожны дзень яна імкнецца да сяльчан, каб прывезці ім прадукты, тавары прамысловай группы і нават лекі ці газеты. Сваіх сталых пакупнікоў прадавец заўсёды папярэджвае па тэлефоне аб сваім прыездзе ў той ці іншы населены пункт, асабліва калі на двары марознае ці ветранае надвор’е.
Аксана Міхайлаўна з ліку мясцовых – нарадзілася яна ў вёсцы Скоржыкі, а школу наведвала ў Каменцы. У Шчучынскім філіяле Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства працуе с 2007 года. Муж жанчыны таксама, як і Аксана Міхайлаўна, заўсёды на колах – ён вадзіцель-міжнароднік. Муж і жонка выхоўваюць сына, які сёлета заканчвае дзясяты клас. Вольны час А.М. Семяновіч імкнецца берагчы: паспявае выканаць усе хатнія справы і вышуквае час для вязання на спіцах ці кулінарных знаходак – па-майстэрску атрымліваюцца піражкі з рознымі начынкамі. 
Восьмага Сакавіка ў Аксаны Міхайлаўны звычайны працоўны дзень. Раніцай аўтакрама зноў знімецца з месца і накіруецца па звычайным маршруце, каб прывезці пакупнікам усё неабхаднае да свята.
Юлія ЦІМАШЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!