Узнагароды за дасягненні

Нядаўна настаўніца матэматыкі гімназіі Шчучына Тамара Васільеўна Уласава пабывала на сустрэчы, якая праходзіла ў мінскім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” з удзелам намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь В.І. Жарко.

– На гэта мерапрыемства былі запрошаны вучні – пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай моладзі разам са сваімі настаўнікамі, – расказвае Тамара Васільеўна. – Заслужаныя ўзнагароды за выдатныя дасягненні ўручылі рабятам В.І. Жарко, міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў. 
Для ўдзельнікаў сустрэчы была арганізавана цікавая выстава, падчас якой дэманстраваліся прэзентацыі пра настаўнікаў, чые вучні дасягнулі пэўных поспехаў. З задавальненнем паглядзелі запрошаныя госці і святочны канцэрт.
Андрэй Асанаў, мінулагодні выпускнік Шчучынскай гімназіі, з якім не адзін год займалася Тамара Васільеўна, цяпер студэнт дзвюх вышэйшых навучальных устаноў: Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута, дзе працягвае вывучаць праграміраванне, і Незалежнага Маскоўскага ўніверсітэта, у якім паглыбляе свае веды па матэматыцы. Нядаўна ён прымаў удзел у міжнароднай алімпіядзе па матэматыцы сярод студэнтаў ВНУ, што праходзіла ў Чэхіі, і заняў восьмае месца.
Цяпер Андрэй атрымлівае спецыяльную стыпендыю Абрамава-Фралова, заснавальнікаў Дабрачыннага фонду развіцця інавацыйнай адукацыі ў вобласці прыродазнаўчых навук.
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!